Купіну акупоўваюць пукі сітніку, пукі асакі. Купіне адрасуюцца шматлікія кепікі і кпіны, але тым не менш усё, што мае сабе цану, пнецца на адзінае месца, дзе спаўна акупаецца іхняе колішняе паніжэнне,— на купіну.
Жолуд валодае надзвычайнай дужасцю, якая, як з шолудзяў, дазваляе яму вылузвацца з дужак усемагчымых абмежаванняў і нават з самога сябе.
З галіны векавечнага дуба — з галіны самой векавечнасці — жолуд падае ў дол, каб потым, адольваючы прыцягненне долу, цягнуцца да жаданага — да «жалуданага» — узроўню.
Жолуд луджаны: нібы палудай, ён атулены жоўта-рудой абалонкай; яна сцеражэ яго ад жуды сустрэчы з заўчаснаю рэчаіснасцю, і ў ёй доўжыцца яго засяроджанае вандраванне ў часе.
Жолуд — адменная ежа: і калі голад, і калі лад.
Пра таго, хто не ўмее паводзіцца ў жыцці, кажуць, што ён няўдалы, што ён недалужны; што да жолуда, дык ён заўжды ўдалы, заўжды «далужны».
З ВЯЛІМІРА ХЛЕБНІКАВА
ЗНОМЫ
*
Аблокі плывуць над зямлёй, не належачы ёй і не залежачы ад яе, але з іх раптам ліецца на зямлю дождж альбо абрушваюцца маланкі.
Высотны жыхар — арол — велічна лунае ў нябёсах, не ведаючы сабе раўні, але раптам зрываецца ўніз, па здабычу, бо бачыць усё, што там адбываецца.
Так і з паэзіяй, так і з мастацтвам, так і з філасофіяй: яны павінны лётаць высока і займацца «высокімі» рэчамі, але ў той жа час павінны лучыцца з зямлёю «дажджом», «маланкай» і нават «арлінай драпежнасцю».
*
Чалавек бачыць і разумее не сябе, а сваё, не сябе, а свае абалонкі — тое, што ўжо ад яго адпластавалася, адасобілася, але яшчэ не адчужылася. Гэтыя яго абалонкі, гэтыя пакінутыя целы становяцца сферамі навукі, мастацтва, філасофіі, тэхнічна-прыкладной дзейнасці чалавека: з імі ён супрацоўнічае і дзякуючы ім усё глыбей пранікае ў рэчаіснасць, якая таму і можа ўспрымацца і пазнавацца, што яна такім чынам становіцца асвойтанай.
А звонку гэты працэс падобны на хвалевы рух кругоў, калі ўпадзе ў ваду камень.
*
Дзіўна, але часта паставы нашых папярэднікаў нам бачацца лепш, выразней, чым паставы сучаснікаў, і нават нястача біяграфічных і творчых звестак як бы спрыяе гэтаму.
Ці не таму гэта, што недасяжнае абвастрае наш зрок і слых, адтульвае перад імі перспектыву, і ці не таму, што сутнасць рэчаў ужо не засціцца персанальнымі прысутнасцямі?
*
У сваіх крайніх — самавольных — праявах метафара выкарыстоўвае прыём чорнай магіі: сілком «сшывае» адно з адным тое, што само не жадае «сшывацца», «шлюбуе» адно з адным тое, што само не жадае «шлюбавацца».
Метафара занадта наўмысная, каб быць ісціннай, занадта ўмелая, каб быць шчырай, і тая паэзія, дзе самамэтнічае метафара, становіцца звярынцам, дзе ёсць самыя разнастайныя істоты, але няма ні ўнутранай прасторы, ні свабоды.
*
Спазнай самога сябе... Але як нельга прымусіць нанава гарэць тое, што ўжо згарэла,— попел, як нельга яшчэ раз набыць рэч, якую маеш, так нельга спазнаць тое, чым ты ёсць, і гэта таму, што яно, гэтае тое, ужо спазнанае: у сферы сутнасці быць і ведаць — адно і тое ж.
*
Магчыма, у будучыні — касмічнай, галаграфічнай — кінематограф здолее рабіць фільмы і па вершах, бо верш, як ніякі іншы літаратурны жанр, насычаны шматмернасцю; у ім жывуць, пакутуюць, кахаюць і шукаюць ісціну героі верша — сэнсы, гукі, словы...
Навука зазірнула ў глыб атама, у глыб ядра — і адкрыла, паводле назвы адной кнігі, «немінучасць дзіўнага свету».
Субатамны свет слова, паэзіі тоіць у сабе таксама свае таямніцы і адкрыцці.
*
Калі да паўнаты адной з'явы, адной сістэмы дадаецца яшчэ нешта, яно, гэтае «звыш», не ўзбагачае яе, а збядняе, парушае, пераарганізоўвае ў непаўнату.
*