Мякіна мяккая, як мука, але калі мука дадатны вынік паслядоўнага і мэтанакіраванага высвятлення, што застанецца пасля таго, як усё адымецца, то мякіна — менавіта тое, што адымаецца, адмоўны вынік гэтага высвятлення.
Мякіна пакінутая; у мяхі і сусекі ссыпаецца зерне, у сцірты складаецца салома, а мякіна, як смецце, змятаецца ўбок: у ёй корпаюцца куры і яе імкне з сабою імклівы вецер.
На смак мякіна ніякая, але ў часіну нішчымніцы, калі жывёліны мэкаюць, бэкаюць, рыкаюць, а гаспадары паныла мікіціць, чым жывіцца-карміцца, мякіна — намёк, што ўсё будзе добра, што яна дапаможа датрываць і да хлеба, і да малака.
Усё спажыўнае ў гаспадарцы сцякаецца, нібы ў мора, у камору, і яна ўсіх корміць.
Камора для гаспадаркі — крама: у ёй стаяць бочкі і карабы, а пад бэлькай вісіць скаромнае — кумпякі і кілбасы.
Камора не лекар, але часам не горш за лекара вылечвае і ад хворасці, і ад зморы.
У каморы пануе заўсёдны морак: і ў спёку, і ў вецер, і ў макратэчу ў ёй, бы ў скрыёмных харомах, утульна.
Калі ў каморы маркота, хату даймаюць клопаты, грызе згрызота, марнуе Марока, калі ў каморы дастатак — і хата ў гуморы.
Беларуская з і м а — зямля, усланая небам.
Літоўская ž i e m a «жме»: яе дужасць добра адчувае і аўкштайт, і жэмайт.
Руская з и м а не толькі з'ява прыроды, але і грамадскае мерапрыемства — вялікі агітацыйны «ізм».
Сербская з і м а непрадказальная, нібы змаj (змей).
Польская z i m a вывярае свой, знаны адной ёй, азімут.
Сербскалужыцкая z y m a прадзімаецца скразнякамі.
Палабская z a i m a займае сабою ўсю прастору і ўвесь час, становячыся займеннікам-заменнікам таго, што было калісьці і чаго ўжо няма.
Старажытнапруская semo самааддана захоўвае семя — для невядомай вясны, для невядомай сяўбы.
Старажытнаіндыйская h i m a мае сваёю сядзібаю Гімалаі.
Хамут мусовы: ніхто не хоча ў яго ўлазіць добраахвотна, усе ад яго адмахваюцца і адбіваюцца, але каму хамут ускладаецца на карак, той ужо не вольны ў сваіх паводзінах, той мяняецца, той «мутуецца», праходзячы хуткі шлях ад неўтаймаванасці да смутку, ад смутку да рахманасці і раўнавагі.
Калі хамут замалы альбо завялікі, ён мулкі, калі якраз — гуманны.
З хамутом змацавана вандроўная хата — воз, і хоць сам хамут важыць не пуд і нат не паўпуда, ён «упрагаецца» ў шматпудовы цяжар.
Для таго, хто натурыцца, хамут — мучэнне, для таго, хто не патурае сабе, — вучэнне, якое, як мытня, пераводзіць яго з тлумнага туту мудрае там.
З чаго б ні рабіліся граблі — з клёну, з ясеню альбо з грабу, яны габлююцца і шліфуюцца і, губляючы сваё першапачатковае — «рабое» — аблічча, набываюць бляск «адукаванасці».
Граблі не грэбуюць ніякай работай: тое, што расцярушылася, яны зганяюць у кучу, тое, што зблыталася ў закарузлыя звязы, разрабоўваюць на камякі, а тое, што блізка, падсоўваюць яшчэ бліжэй.
Пальцы ў грабляў нязграбы, і самі яны худыя — адно хрыбет і рэбры, аднак дзякуючы гэтай сваёй нязграбнасці, гэтай сваёй хударлявасці, граблі зграбна ўвіхаюцца на двары, на лузе, у агародзе і храбра ўграбаюцца ў бруд і ў гной.
Граблі абагаўляюцца гурбамі курэй і вераб'еў, і пеўні таксама калі-нікалі схіляюць перад імі свае ганарлівыя грабяні.
Калі зжынаецца на полі спелая збажына, ззаду, на пожні, нібы слупы, паўстаюць снапы — апосталы жніва.
Нібы да постаці пояс, да снапа дапасоўваецца перавясла, і тыя збажыніны-сцябліны, што паасобку калыхаліся пад ветрам, цяпер ушчымлены ў цесны натоўп.
Сноп «зноўны»: у ім сто, а можа, тысячу разоў паўтараецца адзін і той жа матыў, адна і тая ж песня, але ад гэтага яна не становіцца «сапсаванай».
Сноп «посны», але не худы, сноп поўны, але не спанелы, і самотнае поле ўспамінае сноп як свой самы лепшы — свой самы залаты — сон.
Мур вымуроўваецца з самага цвёрдага, з самага «дрымотнага» матэрыялу — і таму ўпарта не паддаецца размыванню, разніманню, руйна-ванню.