Але адхінуўшыся ад крыніцы сваёй рухомасці, сваёй кінетычнасці, кій апынаецца пакінутым, і тады сабакі і гусакі могуць нарэшце паздзе-кавацца з яго, могуць нарэшце сквітацца з ім.
Як бы павольна кій ні клыпаў, ён усё роўна некалі давядзе — калі не ў скіт, то на кірмаш, калі не да Кіева, то да Вільні, калі не да Вільні то да Іўя альбо Вілейкі.
Каб мець сілу, людзі сілкуюцца і падсілкоўваюцца.
Але селішча сілы не ў руках, не ў нагах і не ў жылах, а ў самой чалавечай сутнасці; чалавек сапраўды дужы, калі дужая яго душа, ці, як гавораць суседзі летувісы, siela.
Сіла пасылае чалавека здзяйсняць вялікія справы, і, здзяйсняючы іх, сялянскі сын Васіль становіцца асілкам.
Але калі сіла не мае тоеснай мэты, яна слабее альбо шалее, становіцца лішкам, які, як салому, ломіць самога чалавека, сілом, якое няволіць яго.
Да сілы хіліцца лес.
Сіла бласлаўляецца небасхілам.
Дукат — dux (правадыр): куды коціцца ён, туды імкнецца людскі дух, і як ён кладзецца, гэтак складаюцца падзеі.
Праз дукат людзі прымаюць пакуту, але сам дукат не скуты ніякімі акалічнасцямі.
Няма тых дзвярэй, у якія — ці далікатна-тактоўна, ці гвалтоўна, як злы дух кадук, — не змог бы дукат дастукацца.
На дукат пазіраюць пад рознымі кутамі, на ім сутыкаюцца і састыкоўваюцца розныя думкі, аднак дукат — гэтаксама думка, якую выпраменьваюць-прадукуюць прадметы.
Дукат адукаваны і адукоўвае грамаду: ён дыктуе дакуманты і трактаты, і з ім, як з дыхтоўным адвакатам, лічацца і суддзя, і кат.
Калі трэшчынамі, нібы рэчышчамі, спярэшч-ваецца шчыт дрэва, гліны ці тынку, ён «рэшціцца» — робіцца рэштай сябе ранейшага.
Трэшчына — вобыск і арышт: яна ўшчымлі-ваецца ў самыя шчыльныя спраты, трушчачы і адчыняючы непарушнае і прычыняючы відавочныя страты.
Трэшчына — рэзчына, што ўрэзваецца ў рэч і ў рэчаіснасць і, перакрэсліваючы іхнюю цэласнасць, даказвае, што іхні сапраўдны змест (ці, інакш, treść) — пустата.
У трэшчыны няма сваіх інтарэсаў. Нібы трацейскі суддзя, яна сведчыць: дзе па-рушаецца адзінства, там аб'яўляецца трэці, і гэты трэці — лішні.
Клін вымаецца з дрэва, як рыбіна лін з вады, але калі лін, кінуты ў ваду, зноўку прымаецца ёю, то клін прыняцца дрэвам не можа.
Клін — раскольнік, родны дрэву па плоці і іншародны па духу: ён упарта вышуквае ўдрэве хоць якое-небудзь парушэнне, хоць якую-небудзь трэшчыну, каб, няўхільна ўбіваючыся ў яе і запаўняючы яе сабою, давесці моцнае да распаду, адзінае — да раздваення.
Нібы ключ, клін адмыкае калоду, ці карчаку, ці бервяно, але зноўку замкнуць іх не здатны; ён пранікае ў самыя запаветныя схованкі, але, сілком адчыняючы іх, ніколі нічога — нібы здзяйсняецца нейкі, не зразумелы яму заклён — не знаходзіць.
Клін робіцца не з клёну альбо з каліны, а з «калянага» дрэва і, дастасоўваючыся да дрэва, як усклік да гаворкі, як клічнік да выказвання, уяўляе сабой канстанту, дзе тонкае неўпрыкмет пераходзіць у шырокае, а паступовае — у праніклівае.
Воблік у кліна аднастайны, але ўсе «клінічныя» сітуацыі спадзяюцца на клін.
Рэчка — рух, возера — спакой, рэчка — у спрэч-цы, возера — у роздуме, рэчка няўрымслівая, як рысак, возера ўстойлівае, як воз, рэчка — у сустрэчах і расставаннях, возера — у сябе дома.
Рэчка «рэкае», возера пазірае, рэчка — прарок, возера — празорца, у рэчку ўслухоўваецца блізкая рэчаіснасць, у возера ўглядаюцца далёкія зоркі.
Рэчку аточваюць карчы, возера абступаюць бярозы, па рэчцы плаваюць качкі, па возеры — лебедзі, рэчка адпрэчваецца ад усяго, што ёй трапляецца, возера ўсё збірае, рэчка — час, возера — «zero» часу, рэчка кручаная, возера роўнае, рэчка — характар, возера — сузіранне, рэчка напружана ўразаецца ў абранае рэчышча, возера зарэзервоўваецца на месцы.
Але з возера заўсёды чэрпаецца гэтакае самае рэчыва, як і з рэчкі, а рэчка заўсёды зараджае гэтакім самым зарадам здароўя, як і возера.
Іголка голая, але клапоціцца, каб усіх апрануць.
Калі іголка вострая, для яе не перашкода ні сукно, ні палатно, ні аўчына, калі зламаная ці тупая - усюды натыкаецца на непранікальнае наваколле.
У спрытных руках іголка лёткая і кемлівая, у няўклюдных — непаваротлівая, нібы кол, у кволых — колкая.
Іголка шмат што ўмее — шыць, вышываць, цыраваць, латаць, але галоўная мэта яе дзейнасці — весці ўслед за сабою нітку, быць ёй заўсёдным калумбам, а галоўная ўмова гэтай дзейнасці — нічога ніколі ніколькі не мець самой.