8
«...Божа, як я хвалявалася, калі хацела, каб А. зайшоў са мной у сестрыну кватэру! Не ведаю, ці заўважыў ён, але я змушана намагалася быць спакойнай. Можа, i не прыкмеціў: бедны, сам зусім сумеўся...»
9
— Мы, ажыўленыя, але, мабыць, са стоенасцю i напружанасцю ва ўсім (ад гэтага, бадай, i ў яе, i ў мяне часта штосьці падала з рук), выпілі па кілішку-другім кан'яку, прыкусілі, запілі каваю, паглядзелі кінафільм па тэлевізары. Пасля я сядзеў ужо нібы на іголках: пачала не даваць спакою думка, што трэба падымацца ўжо, ісці адгэтуль, бо стоенасць i напружанасць набіраюць яшчэ большую моц. Я чакаў, што, можа, Іна паспрыяе: усё, дарагі, час позні, табе пара дадому. Але яна не толькі не напамінала, але i не давала знаку пра гэта, хоць ёсць нямала спосабаў, як падаць ix, гэтыя знакі, што ты, госць, ужо нежаданы.
Урэшце я не вытрымаў змагання з самім сабою, падняўся з канапы, i яна, седзячы непадалёку ў крэсле i добра зразумеўшы мой парыўчы pyx, падхапілася.
Ужо пара мне дадому збірацца,—
Вечар позны, а час не стаіць.
Ах, калі б ты магла здагадацца,
Як не хочацца мне ухадзіць!
— Максім Багдановіч? — усміхнулася Іна.
— Ён.
— I тут няма ніякага нацыяналізму!
— Які нацыяналізм! Тут — жыццё!
Іна зірнула на мяне ўжо не з усмешкай, а з нейкай глыбокай умольнасцю. Гэты позірк пранізаў маю душу, i я нечакана нават для самога сябе ступіў, абняў i прыпаў да яе вуснаў — Іна не проста саступіла доўгім пацалункам, яе губы былі паімкнёныя насустрач, узгарачаныя. Як адразу адчуў я, мужчына, яе пацалунак быў не сяброўскі, а поклічны, хмельны, ад якога дробна i, здаецца, гулка аж у скронях тропатна забілася сэрца, а сухая гарачыня хлынула ў твар. Я прытуліў яе да сябе. Іна спачатку нібы ўперлася кулачкамі мне ў грудзіну, а пасля мякка падалася, заплюшчыла вочы i закінула рукі мне на шыю. Я сашчаміў у далоні адну палавінку яе грудзей i адчуў, як таксама шалёна трапечацца яе сэрца. Яна адкінула галаву, адплюшчыла вочы, i я ўбачыў у ix зіхоткі блакітны бляск.
— Іна!
— Алік!
— Я люблю цябе паміма сваёй волі!
— А я люблю цябе сэрцам i душою!
— Я ўжо не магу без цябе, чуеш!
— I я.
Мы зноў пацягнуліся да вуснаў адно аднаго, доўга цалаваліся i туліліся целамі, а пасля, калі ўсё ў маёй свядомасці патуманела, я лёгка скрануў яе, зусім падатную, i апусціў на канапу. Мы леглі, па-ранейшаму ў абдымку, цалуючыся. Я даў волю сваёй руцэ, упершыню адчуваючы яе моцнае, тугое, пяшчотнае i гарачае цела, а пасля мы зблізіліся. Спачатку i я, i яна штосьці спрабавалі гаварыцьмармытаць, а затым яна нібы ў адчаі застагнала, i мы, абое не могучы стрымаць трымцення, цешыліся нашай блізкасцю. Але праз нейкі час — ацверазенне, сарамлівасць i калі не жах, то нейкі сполах ад таго, што ты ўчыніў.
— Ты застанешся тут,— прашаптала Іна, тулячы твар у маю шыю.— Ты не павінен пакідаць мяне адну.
— Добра,— адказаў я, гладзячы яе аголены плячук. Пазіраў у бела-матавую ад тэлевізарнага святла столь, але ўсё яшчэ нібы бачыў Інінае цела — даўгаватыя худыя, але зграбныя ногі (невядома чаму яна заўсёды носіць штаны i хавае ix), таксама худаватыя сцёгны i клубы, моцны i ў той жа час пяшчотны жывот, буйнаватыя натапырчаныя грудзі, натхнёны твар з дробнымі рысамі.
— Пра што ты думает? — запытала яна.
— Пра тое, што здарылася.
— Ты каешся?
— А ты?
— Я, Алік, адчула сябе жанчынаю. Упершыню ў жыцці...
Я тады не ведаў усіх яе сямейных сакрэтаў, дык гэтыя яе незвычайныя словы (як можна толькі цяпер адчуць сябе жанчынай, калі ўжо некалькі гадоў замужам i маеш дзіця?) палічыў за добрую манеру, каб супакоіць мяне, палюбоўніка, чыйгосьці мужа i бацьку.
— Табе, Алік, было добра са мной?