— Ты, здаецца, не вельмі рады, што заканчваецца твая валынка?— шчасліва ўсміхнулася жонка.— Што хутка, як цыган па драбіне, палезеш угору?
Прыкра было псаваць ёй добры настрой, ды трэба было рана-позна пачынаць цяжкую i непрыемную размову.
— Сядзь, Вера, пагаворым.
Яна апусцілася на новую i дарагую канапу, са здзіўленнем зірнула на мяне, сарамліва абцягнула падол спадніцы на поўныя калені.
— Вера,— чуючы, як гулка б'ецца сэрца, прамовіў я з намаганнем,— я перад табой i Толікам нягоднік...
Яна з лагоднай усмешкаю вырачыла вочы: што з табой сёння?
— Я пакахаў іншую жанчыну i прашу ў цябе разводу...
— Ну-ну!— падахвоціла яна да такой гутаркі, канечне ж, думаючы, што я жартую, што, наколькі яна ўжо ведала, я проста не мог паквапіцца на чужую жанчыну.— I хто ж тая, што хоча перабегчы мне дарогу?
— Я кажу праўду, Вера.
Яна спачатку застыла, а потым ад яе гладкага ружаватага твару адхлынула кроў, i ён пачаў бялець: цяпер сэрца, душа падказалі ёй, што ўсё гэта сапраўды магло здарыцца i што наша сям'я, наш дастатак, яе мары — усё можа раптам рушыцца, што яна абражаная i пакінутая.
— Так выйшла Вера...
— Вось цяпер я пачынаю многае разумець іначай...— памалу, слова за словам, зацадзіла яна.— Твая маўклівасць... Цяжкія ўздыхі ўночы... Частыя паездкі ў Мінск... Абыякавасць да мяне...
Яна перавяла позірк на дыпломную i, здаецца, першае яе жаданне было схапіць яе, скамячыць, а то i парваць усе лісты i шпурнуць гэта мне ў твар. Я абачліва прыціснуў папку да сваёй грудзіны.
— I хто ж тая лярва? Замужняя? Разведзеная?
— Яна замужняя прыстойная жанчына, але будзе разводзіцца.
— Прыстойная не будзе разбіваць сваю i чужую сям'ю!
— Мы пакахалі адно аднаго.
— I ты ўжо спіш з ёю?
— Выбачай, але я пра такое не магу гаварыць.
— Спляліся, як...— i далей у запале яна сказала такое непрыстойнае, што я мушу апусціць яго.
— Чаму ты лічыш, што гэта — звычайныя любошчы, распуста? Кажу ж, у нас вялікае каханне.
— А я табе нялюбая ўжо? Што ніколі ні на аднаго самага прыгожага мужчыну не зірнула? Што цябе лепш, чым сябе, гляджу? Што нашаму дзіцяці душу ўсю аддаю? Што кватэра. наша — поўная чаша i як музей? Што во гэтыя рукі ніколі не ведаюць спачыну?
— Я ж прызнаю, што перад табой i Толікам я нягоднік.
— Пайшоў ты... са сваім прызнаннем! Ты жыццё мне скалечыў! Ты...
I далей у яе пачалася істэрыка — са слязьмі, з лаянкай. Яна ў парыве гневу i роспачы пабіла шкло, паламала рамку i парвала партрэтны фотаздымак, дзе яна i я, маладзенькія, танклявыя i сімпатычныя, былі ў шлюбным уборы, а пасля рванула дзверцы ў шафцы i пачала хапаць, шпурляць на падлогу, біць чаркі, сподкі i кубкі, a калі я паспрабаваў яе супакоіць, раз'юшана накінулася з кулакамі на мяне...
Яна некалькі дзён ледзяніла маю душу маўчаннем, нянавісцю i пагардай, не варыла мне есці i не мыла маёй бялізны, паводзілася так, нібы мяне ўвогуле няма на гэтым свеце. Можа, чакала, што я ўрэшце не вытрываю такой вайны i пачну прасіць дараваць мне, а яна, спагнаўшы сваю крыўду i злосць, пачуўшы мае раскайванне, клятву ў далейшай вернасці, пачне зжывацца з думкай, што трэба захаваць сям'ю, жыць са мной i такім. Калі я аднаго дня зноў папрасіў згадзіцца развесціся, дык яна ўся ўспыхнула, скруціла фігу i так ткнула ёю мне пад нос, што з яго аж пайшла кроў. «Во табе развод! Во табе прыстойную, маладую, прыгожую, танклявую i лёгкую!» У той жа дзень яна паслала тэлеграму маім бацькам: «Срочно приезжайте. Решается наш семейный вопрос». Тыя, канечне ж, адразу прымчаліся. Бацька маўчаў, a маці слязьмі i, галоўнае, абміраннем, просьбамі «не зводзіць яе раней часу ў магілу» (у яе, сапраўды, было вельмі слабое сэрца) дабілася таго, што я для яе спакою мусіў паклясціся, што запыню ўсё з Інай i застануся з Вераю ды Толікам.
...Іна адразу, па маіх вачах, зразумела ўсё.
— Я разумею тваю жонку i зусім яе не асуджаю,— сказала яна, калі мы выйшлі з універсітэта i прыселі ў ягоным дворыку на лаўцы.— Яна ведае, за што змагаецца.
Я пазіраў на Іну i не мог ніяк наглядзецца на яе: яе светлыя, з жаўтаватым адценнем валасы былі элегантна прыгожыя, блакіт яе вачэй нібы патух i выяўляў задуменнасць, драбнаваты твар свяціўся маладой свежасцю, рукі, аголеныя амаль да пахаў, уражвалі грацыёзнасцю, a грудзі, што ўздымаліся пры дыханні, вабілі акругленай паўнатою. Цяжка было падумаць, што гэтая зграбная i страсная жанчына больш не будзе ў маіх абдымках, што я ўжо не пачую яе ласкавых слоў, пяшчоты, не ўбачу яе спачатку поклічнай тамлівасці, а потым задаволенай азоранасці, што так прыгожыць яе...
— Каб не маці, дык я...