«Але ж ты працуеш у вёсцы, дзе яшчэ, як ведаю, захавалася беларуская стыхія. Ды ты, як адчуваю, шмат чытаў, умееш гаварыць не калькамі, штампамі з нялепшай рускай мовы, a мысліш самастойна, арыгінальна. Цябе мне люба слухаць па-беларуску».
«А ты не баішся, што я цябе абеларушу, адлучу ад бацькоў i мужа?»
«Не баюся. Зусім».
«Ну, глядзі, каб потым не дакарала, што звязалася не з тым, кім трэба».
4
«...Сёння зноў позна вярнулася са студэнцкага інтэрната, дзе жыве А.
Вось села далей апісваць свой жыццёпіс (канечне, хтосьці можа ўхмыльнуцца: ах, якая значная асоба, каб весці дзённік! Няхай кпіць, але я не магу не запісаць — не, лепш сказаць, не пагаварыць сама з сабою!) i задумалася: чаго я хаджу пасля лекцый да А.? Што — я, сапраўды, хачу лепш ведаць той край, куды нас прывялі i, як кажа бацька, запынілі, можа, i назаўсёды шляхі-дарогі (тут, у Беларусі, кажа мой стары, нам будзе лепш, чым у роднай Расіі)? Ці я хачу пачуць усё гэта якраз ад А.? Ці я хачу найперш быць больш з ім? Я сама не разумею сябе. Мне чамусьці добра, што ён, старэйшы, можа, на гадоў пяць ці сем, ёсць, што з ім добра сядзець побач ў аўдыторыі, у чытальнай зале, размаўляць ці маўчаць. Далібог, я ўпершыню пазнала, што з чалавекам — не, не з жанчынаю, а з мужчынам — добра, хораша, прыемна i памаўчаць, адчуваючы штосьці спакойнае i радаснае а д н о. Я вось ужываю гэтае «штосьці», але сама цяпер не магу зразумець, што гэта такое: яно, гэтае штосьці, сыходзіць найперш ад А. Я не магу яму пра гэта сказаць, бо баюся яго напужаць: ён, можа, падумае пра гэта ўсё інакш, чым я, палічыць мяне іншай, горшай ці, чорт яго ведае, нават лепшай, чым ёсць я на самай справе. Ды ўсё ж я да яго цягнуся i буду цягнуцца, бо за ім ёсць нейкая сіла, моц, вера, перакананасць, пазіцыя, мужчынскасць, чаго так не хапае ў нашым жыцці. З ім ты адчуваеш сябе слабою, але ў лепшым сэнсе гэтага слова, а ад яго табе сыходзіць тое, з-за чаго хочацца жыць, кахаць.
Сорамна каму прызнацца: я — жанчына, маю дзіця, два гады ўжо замужам за іншым чалавекам, а я нічога яшчэ не зведала, што зведваюць за гэты час жанчыны. Мяне ў васемнаццаць гадоў спакусіў прыгожы жанаты, але хітры i памаўзлівы афіцэр. Мы былі блізкія толькі адзін раз. Я не сказала пра гэта ні сяброўкам, ні маці, дык спаўна паплацілася: мусіла раджаць. Пазней мяне папрасіў выйсці за яго замуж крыху старэйшы хлопец з нашай жа будыніны, які толькі што адслужыў, як потым уведала, на атамнай лодцы. Хлопец як хлопец, спакойны, непітушчы, добры слесар, можа, толькі з адной заганаю: у маладыя гады ўжо злыселы, дык з-за гэтага мусіць насіць парык. Праўда, ён мяне папярэдзіў, што не можа мець дзяцей. Падумалі-паразважалі мы з мамай, канечне, не самае лепшае гэта, што магу я мець, але бярэ з дзіцем, абяцае яго глядзець як сваё — трэба ісці (бацька дык перасцерагаў: глядзі, дачка, можа, ён ужо не мужчына!). Сапраўды, потым выявілася: ён, гэты Мікалай, не толькі не можа мець дзяцей, але не можа нічога мець з жанчынаю. Ды я спачатку не насцярожылася, не напужалася: можа, i добра, што мне не трэба аддавацца мужчыне: я з-за таго афіцэра ўзненавідзела ўвесь мужчынскі род. Мікалай лячыўся, а я была спакойная. Але праз год я пачала нават на здзіўленне сама сабе мяняцца, не разумець, што робіцца з маім целам, з маёй душою. Мне не спіцца i не весяліцца, такая прага да таго, што патрабуецца самой прыродаю, такая ад гэтага пакута, што жыццё становіцца нямілае. Я адчула: не, не ўсе мужчыны — нягоднікі i што жыццё без мужчынскай ласкі, без блізказці з ім — не жыццё, а сям'я — не сям'я. Муж параіў, як наталіць маю прагу, мае жаданне, але я рашуча адхіліла ненатуральнасць. Як бессаромнасць, здзек i гвалт. Напала на яго: калі ты ведаў, што ты ненармальны мужчына, дык нашто ты жаніўся? «А я,— адказаў ён,— хацеў, каб усе лічылі мяне нармальным мужчынам, нават тады, калі мы развядзёмся.» — «Цябе, канечне, трэба шкадаваць, спрыяць, памагаць табе, але ты — усё ж сволач,— выпаліла я яму,— ты завязаў мне свет. Ды што скажуць пра мяне людзі? Тады нарадзіла дзяўчынаю, цяпер разводжуся! Дык хто я? А я за ўсе гэтыя гады толькі адзін раз была блізкая з мужчынам! I то ўсё тое было нібы ў сне, з болем i пакутаю! Я зусім не ведаю, што такое страсць, хмельны пацалунак i абдымак, любоўныя жарскасць i ўцехі, a ўрэшце — жаночае шчасце! Можа, другой такой жанчыны, як я, болей няма на ўсім свеце!»— «Што ж,— сказаў ён,— не хочаш разводзіцца ці пачакаць, пакуль я вылечуся, дык заводзь сабе хахаля. Але так, каб пра гэта ўсе ведалі!»
Вось якое мае жыццё, вось якая я! I нікому, А. таксама, пра гэта ўсё не скажаш, хоць яго, А., я, несумненна ўжо, кахаю, хачу быць ягонай. Ды... А.— жанаты i, здаецца, вельмі добры сем'янін!»
5
— Сапраўды, я пачаў адчуваць, што сум у Ініных вачах, што знікне на хвіліну-другую, а затым зноў усплыве, палоніць вочы, не проста так, а па нейкай прычыне. Ды я не мог запытаць у яе пра гэта, яна сама не загаварвала пра тое. Толькі ўсё часцей я пачаў перахопліваць яе задуменны, засяроджаны на мне позірк, ад чаго яна бянтэжылася i пунсавела.
Аднойчы, тым жа летам, калі мы ўвечар сядзелі з Інай у маім інтэрнацкім пакоі (мае аднапакаёўнікі, лічачы, што ў мяне з Інай ужо штосьці ёсць, які ўжо раз пакінулі нас тут удваіх), вярнуўся наш самы старэйшы студэнт — таўстатвары i вясёлы, часамі цынічны, але заўсёды, хітры i выкрутлівы, з думкаю найперш пра сваю карысць.
— Цяплынь, хараство вакол,— паўшчуваў адразу нас абоіх,— а вы, маладыя, прыгожыя, сядзіце ў душных чатыpox сценах i тлуміце сабе голаў граматыкаю! З'ездзілі б лепш на возера ці хоць бы ў кіпо схадзілі!
Іне, здаецца, спадабалася гэтая паўнамёкавая парада, а я сумеўся: паездка з жанчынаю на прыроду ці паход з ёю ў тэатр — гэта ўжо значыць больш, чым звычайная вучоба ці нават сяброўства. A калі Іна выйшла, а я затрымаўся, каб упарадкаваць стол, таўсцяк зашыпеў мне на вуха:
— Гэтыя талмуды,— пастукаў костачкай сагнутага пальца па кнігах i канспектах,— толькі зачэпка. Пратры свае лупы: Іна ўтрэскалася ў цябе па вушы, жадае, каб ты яе не адукоўваў, a паціскаў як след! А яна — бабец што трэба! Каб не ты, дык яе каторыя нашы хлопцы даўно ўжо ціскалі б! Дык чаму табе не заціснуць яе: ты — жанаты, яна — замужняя! Пацешылі адно аднаго — i разышліся ў розныя бакі!
Калі я, можна сказаць, збянтэжаны, выйшаў з пакоя на калідор, Іна, убачыўшы мой стан, запытала з асцярогай:
— Ён сказаў пра мяне што-небудзь цынічнае?
— Не,— паспяшаўся заспакоіць яе я.
— Бадай, неабачлівая я: прыходжу да мужчыны, застаюся з ім сам-насам! — прамовіла яна.— Канечне, пра гэта можна ўсё, што хочаш, гаварыць. Ды я табе, Алік, веру i думаю, што ты абароніш мой гонар.
— Я нікому не дазволю абразіць цябе,— адказаў я, а потым загарэўся: — Давай сходзім у рэстаран ці ў кіно!
— Ты багаты, можаш патраціцца на жанчыну?
— Не багацей, але адзін раз у рэстаран звадзіць магу.
— Іншым разам,— усміхнулася яна. А кал i падышлі да трамвайнага прыпьшку, папрасіла: — Давай пасядзім крыху ў парку.
Мы перайшлі рэйкі i на ступеньках спусціліся ў парк, знайшлі вольную лаўку, селі побач, пазіраючы, як перад намі, на абгароджаным пясчаным футбольным полі, бегаюць за мячом, гарланяць падлеткі.
— Мне тужліва, Алік,— упершыню яна загаварыла са мной пра асабістае сваё.
— Чаму? — упершыню гэтак спаважліва запытаў я.
— Я не бачу сэнсу ў жыцці...
— Такая маладая i прыгожая?
— Я маладая i, здаецца, як пішуць у газетных аб'явах, «прывабная жанчына», але... Скажы,— зірнула мне ў вочы так, нібы хацела ўбачыць маю душу,— ты шчаслівы?
Я паціснуў плячыма.