I вось ужо скруха — крыху віхура, i i вось ужо скруха — крыху святло, i вось ужо скруха — крыху радасць.
Ці гэта ліпень, ці лістапад, у пілы — пільніца, напружаная часіна: нібы навачасны Пілат, яна заўзята дапытваецца ў ліпы, піхты, яліны, клёна адказу на адно i тое ж пытанне: у чым ісціна? — і, намерваючыся любою цанОю «даплыць» да ісціны, то плаўна, а то з запалам паглыбляецца ў іхнюю сарцавіну, у іхнюю «замкавіну», але ўсялякі раз плён яе допытаў — пыл, пілавінне.
У палоне сваёй заўзятасці, сваёй паляўнічасці піла засляпляецца: яна перапалавіньвае дрэвы наскрозь, разнімае ix на палены, i там, дзе яна спадзяецца набыць большую глыбіню, яна набывае большую плыткасць, што неўзабаве заканчваецца карою, якая ледзьве ліпіць, ды голай, пустой паверхняй, i там, дзе яна спадзяецца сустрэцца з ісцінай, яна сустракаецца з парадоксам, якога ніяк не можа засвоіць i які ўвесь час перажоўвае-перапіліквае ўголас: калі глыбей, то плытчэй, калі глыбей, то плытчэй...
Піла адмаўляецца ад якой бы там ні было платы: яна аскетычна-пляскатая, i што яна п'е, тое выплёўвае.
Пілатаж у пілы просты, пілігрымка аднастайная: наперад — назад, назад i наперад, аднак яны немінуча «ўліпаюць» у запамежную рэчаіснасць канцэнтрычных кругоў i капілярных трубак i адбываюцца паводле законаў ірацыянальнай лічбы «Пі» — лічбы, якая не ведае завяршэння.
Траву мнуць, топчуць, дратуюць, але трывалая, як само жыццё, трава неўзабаве распростваецца, вяртаецца, паўтараецца, выратоўваючы гэтай сваёй непераможнай дбайнасцю i нястрымным старанием жыццё ад аварыі i заняпаду.
У травы няма свайго твару, але твары ўсіх жывых істот павернуты да травы, i трава жыватворыць —не даючы ёй падставы ўвярэдзіцца i расчаравацца — іхнюю веру i вартуе даючы ім падставу i права тварыцца i спраўджвацца — іхнія вартасці.
Трава на двары, у равах, на ворным полі i на адстароненым востраве.
Траву вараць, гатуючы з яе тое, што дае чалавеку моц,— страву i гатуючы тое, што моц адымае,— «атраву».
Трава заўсёды таварышуе дрэву, але калі дрэва цвёрдае, то трава ядвабная, i вятры, што трасуць i шкамутаюць дрэва, лашчаць траву.
I самы ласкавы месяц травень названы імем травы.
Наваколле вясковае: у ім відаць вокны хатаў, колле платоў i сцежкі, вытаптаныя паводле немудрагелістага лякала людской хады. Яно адначасова разамкнёнае, бы каляіны, і, быццам кола, замкнёнае, i акаляецца відавочнасцю — здольнасцю вока сягаць далёка.
Наваколле — супольная аўра, супольнае жыццяполе істотаў, рэчаў i з'яў, i пакуль яны супольнічаюць між сабою, яно не адступаецца ад ix; калі ж яны пачынаюць пасягаць на выключнасць i пакланяцца самім сабе, тады наваколле расколваецца на калейдаскопы кавалкаў i аскалёпкаў.
Па наваколлі паволі калываецца калымага.
У наваколле ўкалоньваецца кальварыя i Кальвін.
У наваколлі выспяваюць калівы «Калевалы».
Продак — пярэдні ў родзе, прадродак: у ім шчасліва супадаюць значэнні папярэдніцтва i роду.
На продку трымаецца парадак у родзе: ён апора ўсім тым, хто служыць супольнаму дабру, i дакор — калі гэтае дабро аддаецца на продаж i мяняецца на дабрабыт.
На колькі крокаў, на колькі каленаў, на колькі спадкаемцаў павялічваецца род, на столькі крокаў, каленаў i спадкапераемцаў продак адсоўваецца ў даўніну, у цемру, у старажытнасць, быццам рухаецца разам з дрэвам — i процілегла руху самога дрэва — ва ўсё большую глыбіню карэнне гэтага дрэва.
Продак не разумны, а протаразумны, не відушчы, a протавідушчы: прадоўжаны ў бясконцую прастору прыроды, ён становіцца роўны багам і, прадбачачы ў дымнай імгле наступнасці сваіх далёкіх нашчадкаў, прадракае ім іхнюю долю i дорыць ім свой «прадракунак» — вонкавае i ўнутранае падабенства з самім сабою, дзякуючы якому яиы заўсёды будуць адрознівацца ад іншародцаў, ад іншапродцаў.
Як за хваляй паўстае i прысутнічае ўсё мора, так за хвілінай паўстае i прысутнічае ўвесь час, i тое, што адбываецца ці здараецца ў хвіліне, адбываецца i здараецца ва ўсім часе.
Хвіліну немажліва ўгледзець, але на ўсім яна пакідае свае звіліны, свае ініцыялы.
Хвіліна ўяўляе, што яна вольная ад усіх з'яў i рэчаў, але як толькі яна намерваецца гэта давесці ім самім, яна пераконваецца, што яна з імі звіта i знітавана, што яна іхняя.
Хвіліна — «хіліна»: яна, як Ахіл, валодае боскай моцай, але таму, што яна выхілена з гэтай моцы, яна, як Ахіл, гэтаксама i хілая i таму хіліцца ў заняпад.
Хвіліна можа доўжыцца не болей імгнення, а можа займаць доўгія гады, i калі наракаюць на час, што ён ліхі, гэта, па сутнасці, наракаюць на хвіліну, i калі хваляць час, што ён добры, што файны, гэта хваляць яе — хвіліну.
Твань — «двань»: у ёй змяшаны, знітаваны, не разатнуты на дзве паставы, на два «ставы» вада i зямля, світанне i змярканне, i боскае дыханне яшчэ не дакранулася да яе.
Твань процілеглая зямлі: на яе нельга абаперціся, але процілеглая i вадзе: па ёй нельга плысці.
Калі асяродак зямлі сярод вады — выспа, то твань — выспа, вывернутая на левы бок, антывыспа.
У ёй жывуць «левыя» істоты: чэрці, балацянікі, дрыгвенікі, тваневікі.
I сама твань — істота, у якой нават не «вынатаваны», не выяўлены ні рукі, ні ногі, ні галава, ні тулава.