З юліянскага — старога — календара крыга ўплывае ў грыгарыянскі.
Аб крызе спрачаюцца крызіс i адраджэнне.
I, можа, тая скрыжаль, у якую сэнс упісаў схаваныя ад «Рыгведы» гімны,— крыга?!.
Гэтакі код перашкоды: адоленая — яна шкадуе чалавека, неадоленая — шкодзіць яму, адоленая — яна «шакалад», неадоленая — шок, адоленая — дух згоды, неадоленая — дух варажнечы, кадук.
Перашкода засяроджвае на сабе чалавечыя намаганні i чалавечую ўвагу, якія ў «роўных» абставінах змарнаваліся б i расцярушыліся б, збірае ix у «кош» i ў «кадушку», i пакуль «кош» i «кадушка» не напоўняцца дарэшты, яна не ўступае чалавеку дарогі i не дае перадышкі, але як толькі напоўняцца — адчыняе браму ў шырокі абшар.
Перашкода не ашуквае чалавека, а дашукваецца ў ім да прычыны, што растлумачыла б яе самую,— i няма ад яе іншай мікстуры, іншых таблетак, іншага парашка, як толькі перажыць яе ўсёю душою: ад — да.
У гонар перашкоды не складаюцца оды, аднак яна — школа, што запрашае чалавека расці вышэй за сябе, i толькі таго, хто прайшоў першы клас, яна пераводзіць у ДРУгі.
Дзверы адчыняюцца ў два бакі, у дзве веры: у прыход i адыход, у прыйсце i выйсце.
Яны робяцца з жывой матэрыі — з дрэва, з дзерава, i адгукаюцца табе тваім жа стукам: асцярожным — на асцярожны, бадзёрым — на бадзёры, усхваляваным — на ўсхваляваны...
Дзверы аддзяляюць унутраную прастору ад знадворнай, i той, хто ўваходзіць у дзверы, уваходзіць у новае становішча, у новую веру: з «нідзе» — у «дзе», з дня — у «дзень добры», з двара — у «дзяржаву».
Дзверы — перагародка, але «дзіравая», рубеж — але схільны да «дэзерцірства», забарона — але не зацвярдзелая: раз-пораз яна «рэвізуецца», i тады замест яе зеўрыць прахон.
Падмазаныя — дзверы маўчаць, непадмазаныя — верашчаць, цвярозыя — разважаюць, нецвярозыя — вярзуць лухту, разнасцежаныя — высцюжваюць хату, зачыненыя — берагуць яе дух, яе мары, яе вярозы.
Каля дзвярэй ляжаць лапці-кавярзні, ляжыць дзяркач.
Да дзвярэй нахіляецца калодзежны журавель — асвер.
У дзверы дзярэцца сівер.
I звер недаверліва спыняецца перад дзвярамі, вынюхваючы ў іхнім двувер'і ерась.
Дарога — як рака: разгаліноўваецца на шматлікія прытокі — сцежкі i цячэ паўз двары, гарады, агароды, усё закранаючы сабою i ўсё пакідаючы па-за сабою.
Адзінага, каго яна не можа пакінуць,— гэта чалавека: калі рухаецца ён — рухаецца i яна, калі спыняецца ён — спыняецца i яна. Ён — яе другое «я», яе спадарожнік i павадыр, які дырыгуе, як ёй ісці — таропка ці паволі, ціха ці гучна.
Усё, што здараецца з дарогай, здараецца i з чалавекам, i ўсё, што не здараецца з чалавекам, здараецца якраз у дарозе, бо сама прырода дарогі — здарацца, «здарагацца».
Але калі адрасы дарогі вядомыя — яны акрэслены на картах i схемах, то адрас чалавека невядомы; разам яны ідуць да небакраю, датуль, дзе неба злучаецца з зямлёю, далей у памяці дарогі чалавека няма, далей чалавек ідзе сам: адною сваёю прыродай у дол, другою — угору.
Дарога адгароджана ад наваколля сваім радаводам, сваёй роляй — яны ў яе выключныя: наваколле замыкаецца ў круг, у карагод, а дарога, наадварот, выключаецца з круга, расторгвае яго. Яна ў два канцы, у два рогі, i праторана своеасаблівым нарогам — людскою хадой.
Дарога — найдаражэйшая госця: яна нясе людзям навіны, нясе дары, нясе радасць i гора, трагедыю i жарт, гатовая, як торг, заўтра змяніць ix на процілеглае.
Дарога — палімпсест, тора чалавечай гісторыі: што на ёй выдрукоўваюць адны, сціраюць, выдрукоўваючы сваё, другія.
Але так пішацца жыццяпіс чалавецтва, i нават калі дарога зарастав драсёнам, дрыжнікам ці падарожнікам — першым сведчаннем пра чалавецтва ўсё роўна застаецца яна, дарога,— самы вялікі супольны чалавечы твор.
Вунь — салома, вунь — зерне, а вунь — рунь: узняўшы ўгору дзіды i мячы, рунь угрунь — уранку i ўвечары — рухаецца на свой Грунвальд, у сваю неўміручасць.
Рунь — руны зямлі, карункі грунту. Яна зялёная, але ў яе «труме» ляжыць залатое руно.
Аб ёй рупіцца Ярыла.
Яе жагнае вогненным заклёнам Пярун.
I чалавек, пазіраючы на яе, рунлівее норавам.
Ловы палавінныя: у ix адна палова ловіць другую, левае — правае, свавольнае — вольнае, змысловае — адмысловае.