Рэшата нагадвае манету, што мае адзін толькі бок — рэшку, i таму займаецца яно адно толькі «палавіннай» справай, i таму вырашае яно адно толькі «палавінную» задачу.
I напалавіну падобнае рэшата на нябёсы: калі яны ў спакоі, яны — шацёр, калі з ix цярушыцца снег ці дождж, яны — рэшата.
Раптоўны, нібы гром стрэлу (п-тах!), i поцемны, нібы згустак патухлага полымя, птах — выклік i нерухомай форме, i бясформнай рухомасці.
Ён прыляцеў ca Старажытнага Егіпта, ад бога мастацтваў Пта — як яго пасланец, як яго патаемнае слова, як іпастась яго Духу.
Птах — адмысловы хатха-ёг: яго цела паслухмянае любому подыху натхнення, ён дасканала валодае тэхнікай левітацыі, i зямное прыцягненне толькі дапамагае яму развіць закладзеныя ў ім «птахчымасці».
Птаха хапае i на зямлю, i на неба, i хоць хата для птаха — зямля, на ёй ён спутаны, на ёй ён «пехацінец», які мусіць думаць пра тое, каб напакаваць свой «хатуль» i каб займець свой катух.
Але выпхнуты моцай палёту ў неба, ён набывае другое — ці, можа, першае — дыхание i, вольны ад хапатлівага клопату i ад высотнай пыхі, як роўны вітаецца з маладзіком i з ветахам, i зямля — вачамі сваіх шматлікіх «хацінцаў» — бачыць у ім i плаху, узнятую высока, i высока ўзняты свой дах.
Далонь мае свае дарогі, пагоркі, даліны, i як бы далека чалавек ні заходзіў, гэтыя дарогі, пагоркі, даліны, рухаючыся i акрэсліваючыся самі, дазваляюць яму заходзіць яшчэ далей.
Далонь — боскі падарунак, што даўся ў самую руку, у дзве рукі, каб чалавек усё жыццё меў яго з сабою i каб глядзеў у яго, нібы ў карту альбо ў люстэрка.
Калі сустракаюцца людзі, яны падаюць i адкрываюць адзін аднаму далонь.
Далонь — дол, які супадае з лонам.
I доля, нібыта па эталоне, звярае свае паводзіны па далоні.
У лапаты багата клопату: яна садзіць у печ на сваёй лапе-далоні хлеб, зграбае апалае лісце, пад хаты, хлявы i палаты «латае» пляц, маючы плату за гэта не ў талерах, літах ці латах, a ў тым, што ёй гэта латва, што ёй гэта прыемна рабіць.
Лапата падобная i на лапаць, i на лопух, але калі лопух, ціхмяна альбо лапочучы лапушынамі, усё жыццё застаецца стаяць на тым самым месцы, дзе вырас, то лапата, «урастаючы» то ў адно, то ў другое месца, падрушвае яго, пераварочвае, перамяшчае; i калі хада лапця «тупая» i топчацца па паверхні глебы, то хада лапаты «ўклыпваецца» ўглыб.
Лапата адкапала з-пад напластаванняў часу Вавілон, Трою, Паталіпутру, i ўсё, што калісьці прапала, ці патанула, ці растапталася, вяртаецца нанава ў свет праз рупатлівасць лапаты.
Шлях вынікае з самой чалавечай сутнасці i не вымяраецца ні гадзінамі, ні кіламетрамі: ён не аддегласць, а «далегласць» — лінія адпаведнасці між вонкавым i ўнутраным, зямным i зорным, мусовым i вольным.
Шлях ураўнаважваецца на шалях чалавечай хады і, ураўнаважыўшыся, ушляхетнівае чалавечыя памкненні. Калі ж чалавек, падбухтораны шаламі, ухіляецца на іншыя шляхі, «шляецца», яго памкненні марнуюцца i не атрымліваюць таго, што ix жывіла б i апраўдвала б — шолах i зык водгуку.
Шлях не павольны i не хуткі, а паслядоўны, «пешы», i той, хто ішоў i ідзе па ім, заўсёды ідзе першы раз, як на сяўбе, вылешваючы яго дукатамі i шэлягамі сваіх учынкаў.
Быццам шво, што змацоўвае вопратку, каб яна не распаўзлася на лахманы, шлях, злучаючы між сабою мінуўшчыну, цяпершчыну i будучыню, змацоўвае само чалавечае бытаванне на зямлі, пакідаючы яе, нібы яна лішняя, ззаду i зноўку адшукваючы перад сабой.
Мост засноўваецца на процілегласцях i, састыкоўваючы раз'яднаныя берагі, «ост» i «вэст», уяўляе сабой не мясцовасць, а свядомасць мясцовасці — пастаянны нястомны палёт над прадоннем, над стромаю, над глыбінёю, у атмасферу цэласнасці i адзінства, у космас.
Мост не масціты, але змястоўны: на ім збіраюцца разнастайны «госці» — роздум, каханне, смутак, помета, i мост, валодаючы мноствам «могстваў», усіх ix атэстуе паводле іхняга чыну, іхняга мастакоўства.
Быццам востраў Патмас, дзе апостал Іаан пісаў свой «Апакаліпсіс», мост мае свой самастойны i асаблівы статус: ён у вадзе i ўзнесены над вадою, ён на сушы i ссунуты з сушы, ён у паветры, але мае форму квінтэсенцыі паветра — вясёлкі, ён яшчэ прастора, але ўжо i час.
Мост здзяйсняе містэрыю: пераводзіць таго, хто ідзе, з аднаго паўсвету ў другі паўсвет, з аднаго паўстановішча ў другое паўстановішча, з адной паўнаступнасці ў другую паўнаступнасць і, пакуль доўжацца гэтыя пераводзіны, вызваляе таго, хто ідзе, ад уплыву палавіннасцяў — каб з двух паўсветаў змог утварыцца ўвесь свет, з двух паўстановішчаў — усё становішча, з дзвюх паўнаступнасцяў — уся наступнасць.
Пчала нікога не чапае сама, але калі нехта чапае яе альбо той церам, у якім жытлуе яе радзіна, яна не шкадуе жыцця, караючы — i лечачы ад сваволі — крыўдзіцеля, апякаючы яго сваім роспачным пацалункам.
Пчала — чалядніца працы, i на чале летняга дня, ведучы яго за сабою, яна вылятае ў поле, у луг, у сад, цешачы ix сваім прылётам, тым, што пачаўся дзень i што яна, пчала, пачала паломнічаць.
Увесь дзень пчала зносіць у вулей, у яго каморы, падпечкі i ночвы, праз яго чалеснікі i атворы, тое, што яна возьме ў поля, у луга, у саду,— узятак, i тое, што яны ёй дадуць,— уздатак, адводзячы адпачынку ноч.
Пчалу нельга забіваць: яна — пЧАЛа, у ёй захоўваецца чалавечы пачатак, i людзі шануюць яе, як чалавека.
Пчала мае справу з самымі прыгожымі, з самымі чулымі, з самымі духмянымі стварэннямі — кветкамі, але ў глыбіні яе існавання тоіцца плач.
Барана — з бору: забраная адтуль, яна ўсё роўна не згаджаецца са сваёй абранай роляй i абараняецца рукамі i нагамі ад прымусовага абранніцтва.
Зацята, «па-барановаму», барана ўпарціцца руху: яе валакуць, пераадольваючы яе натуру, яе супраціўленне, але якраз дзякуючы гэтай упартасці i гэтаму супраціўленню робіцца работа.