— Я Малы чалавек, — ён падмiргнуў кацiным вокам. — Мне даручылi арганiзаваць свята ўдзячнасцi. Звычайна я гэткiм часам бегаю, займаюся марафонам дзеля задавальнення, а не дзеля рэкордаў, як людзi. Але, калi трэба дапамагчы зрабiць гэты вечар святочным, дык дапаможам. Ідзi ў рэстаран.
Афармiцель не стаў спрачацца, шчаслiвая доўгачаканасць здарылася, i цяпер можна выпiць за яе.
— Хо-о, каго мы бачым! Няўжо генii ходзяць у рэстарацыi? — да афармiцеля праз усю залу крычаў былы аднакурснiк. — Давай да нас! Штрафную яму!
Афармiцель прайшоў да стала. Застолле было на добрым падпiтку, але з'яўленне новага кампаньёна ўспрыняло з насцярогаю. Хто iх ведае, гэтых цвярозых?
— Да дна! І закускi, — шумеў аднакурснiк. — Дзень варэння ў мяне, чацвёрты дзясятак размяняў. Гуляю, як магу. Паглядзi, якiя жанчыны.
Тыя апусцiлi вочы.
"Няблага атрымлiваецца ў Малога чалавека, — падумаў афармiцель. — Праўда, жанчыны маглi б быць i маладзейшыя, бо пасля другой чаркi я сябе адчую лiшнiм".
— За твае трыццаць гадоў, — афармiцель падняў поўную, як вока, чарку.
— За мяне тут пiлi-перапiлi. Прапаную выпiць за генiя, якi не грэбуе нашым сталом, а потым патанчыць.
Мужчыны выпiлi, жанчыны зрабiлi па глытку i пайшлi танчыць, афармiцель застаўся адзiн. Аркестр iграў без напругi.
Праз хвiлiну афармiцель курыў на ганку.
— Як? — спытаўся Малы чалавек.
Афармiцель глянуў на неба.
— Ідзi да рэчкi, там будзе лодка — пераедзеш на другi бераг. Тут два крокi да рэчкi, а там два крокi да гатэля. У гатэлi лепш, там бар i рэстаран.
Афармiцель праз сквер спусцiўся да Свiслачы. Каля берага стаяў човен. Побач па пояс у вадзе стаяў чалавек i намыльваў галаву. Ён паклаў мыла ў човен i сказаў да афармiцеля:
— Сто гадоў не купаўся, а тут узяў човен напракат i не вытрымаў. Вось як, а вада цёплая-цёплая, нiбыта ў дзяцiнстве.
Ён зайшоў у ваду па грудзi i нырнуў. Вынырнуў ён далёка, афармiцель засумняваўся, што гэты чалавек сто гадоў не плаваў. І мыла ў яго адкуль?
— А мыла ўзяў у рэстараннай прыбiральнi, — крыкнуў чалавек з сярэдзiны Свiслачы. — Сто гадоў не краў, а тут не вытрымаў.
"Колькi ж ты жывеш на зямлi, калi апошнi раз купаўся ажно сто гадоў таму?" — падумаў афармiцель. Ён спадзяваўся пачуць адказ, але чалавек выйшаў з вады i загаварыў пра iншае:
— Заўсёды, заўсёды так — спачатку адно захочацца, потым другое, потым трэцяе, i нi канца нi краю... У мяне так. А ў цябе?
— На другi бераг хачу пераехаць.
— А як пераедзеш, што будзеш рабiць?
— Пайду ў рэстаран.
— Дык i на гэтым беразе ёсць рэстаран.
Афармiцель засумняваўся. Цi варта было казаць праўду гэтаму чалавеку (i цi чалавек гэта?), якi сто гадоў не краў мыла ў рэстаранных прыбiральнях?
— Захацелася ў другi рэстаран.
— Вось i кажу, спачатку ў адзiн, потым у другi, i нi канца нi краю... Сядай.
Яны пераехалi на другi бераг хутка.
— Дзякуй, — сказаў афармiцель.
— Няма за што. Сто гадоў не даваў нырца, а тут, — адказаў чалавек i нырнуў з чоўна ў Свiслач.