— А хто яшчэ пойдзе?
— Цiшэй. Нашто крычаць? Нiхто не прыйдзе.
— ...
— Няўжо ты не верыш, што можна вось так, раптоўна закахацца i прапанаваць сябе?
— ...
— Дык што, прыйдзеш?
— Заўтра прыйду.
Яна паклала яму ў кiшэню каталожную картку, дзе зграбным почыркам быў напiсаны адрас i тэлефон.
Ён вярнуўся ў кабiнет, дзе над паперамi схiлiўся калега.
— Жанчыны пашалелi, — сказаў супрацоўнiк.
— Пашалелi. Ты пра што? — калега ўзняў галаву.
— Падыходзяць i прапануюць сябе.
— За грошы цi так, з-за кахання?
— Так, без кахання i грошай.
— Ты адмовiўся?
— Не. Але ведаеш, у гэтым нешта не тое.
— Жанчына просiць, трэба iсцi, — калега схiлiўся над сталом.
Супрацоўнiк затэлефанаваў да сакратаркi з метро.
— Гэта я, — сказаў ён, — праз паўгадзiны буду.
— Чакаю, — сказала яна.
Калi ён здымаў куртку, яна пацалавала яго i прашаптала:
— Не палохайся, тут у мяне госцi, але яны хутка сыдуць.
Госцi сядзелi на канапе i глядзелi тэлевiзар. Іх было двое. Ён — худы, з акулярамi "ровар" на гарбаносым твары. Яна — зграбная славянка з папяловай фрызурай i ласкавай паставаю.
Транслявалi футбол.
— Хутка скончыцца, i мы пойдзем, — госць глядзеў на экран.
— Мы з табой былi ў кiно, глядзелi "Кiнг-Конг", — сказала госця да гаспадынi.
— Пра што фiльм? — спыталася тая.
— Пра каханне малпы i жанчыны.
У тэлевiзары зафуркаў свiсток арбiтра, i матч скончыўся. Госць падышоў да акна i сказаў:
— Дождж пачаўся. Можа, перачакаем?