— Мы з табою нiбыта бусайлы, — у адзiн голас вымавiлi акторы i пацалавалiся. Яму было, вядома, салодка, а ёй, пэўна ж, горка.
— Тэмперамент! Дзе ваш тэмперамент? — абурыўся Масавiк, нiбыта яго хвалявала рэпетыцыя.
У п'есе была рэмарка — яны кусаюцца. Замест таго, каб сыграць укус, актор моцна пацалаваў акторку, а яна па-сапраўднаму ўкусiла актора за шчаку i крыкнула:
— Каб на цябе жырандоля грымнула!
— Каб ты кроўю смяялася, — млява адказаў той i пацёр кулаком пакусаную шчаку.
— Выразнасць! — Масавiк ударыў даланёю па мяккiм крэсле.
Акторы разбеглiся ў розныя куткi сцэны.
— А каб ты астыў, ты! — з натуральнай злосцю атрымалася ў акторкi, бо яна кахала Масавiка.
— А каб тваю труну зямля выкiнула! — з расейскiм акцэнтам крыкнуў актор, бо ён толькi першы год iграў у беларускiм тэатры i калi хваляваўся, дык быў не здатны сачыць за вымаўленнем.
— Жорстка трэба, жорстка i без акцэнту. У нас нацыянальны тэатр, — зазлаваў Масавiк.
— Ты, кiж-лун, — саркастычна кiнула акторка.
— А ты гла-ма-зда! — адсек актор.
Яны склалi фiгуры з пальцаў.
— Нюхай!
— Цалуй!
— Бэ-э-э, — яна свiдравала пальцам скронь.
— Э-э-э, — ён вывалiў язык.
Потым ён ускiнуў кулак i рушыў на яе. Яна зазванiла зубамi.
— Стоп! Стоп! Стоп! — замахаў рукамi Масавiк.
Акторы павярнулiся да яго i ў адзiн голас сказалi: "Кадук!"
Масавiк знiякавеў.
— Ты мая далiгойла, — магнiтафонным голасам сказаў актор i шырока раскiнуў рукi.
— Ты мой абiзгал, — акторка стала на дыбачкi i выструнiлася.
І ў гэты момант, з-за недагляду рабочых сцэны, апусцiлася заслона.
Афармiцель быў у гуморы. Ранiцай ён атрымаў ганарар за афорты да зборнiка паданняў. Удзень вярнуў пазыкi, а ўвечары гуляў па праспекце — спадзяваўся сустрэць знаёмага i адзначыць падзею. Ганарар, як-нiяк. Вядома, можна было затэлефанаваць цi зайсцi да сяброў, але тады страчвалася шчаслiвая доўгачаканасць, у якую верыў афармiцель. Ён начытаўся паданняў i быў упэўнены, што лесуны, дамавiкi i русалкi павiнны яму аддзячыць за свае партрэты ў тоўстым зборнiку.
Афармiцель праходзiў каля рэстарана, калi пачуў тонкi голас:
— Ідзi ў рэстаран.
Афармiцель азiрнуўся, але нiкога не заўважыў i пайшоў паўз рэстаранны партал.
— Вярнiся i зайдзi ў рэстаран, — загадаў тонкi голас.
Афармiцель глянуў пад ногi i ўбачыў Малога чалавека, што стаяў на тратуары. Малы чалавек быў велiчынёю з сярэдняга ката, калi таго паставiць на заднiя лапы. На iм быў спартовы строй, а за плячыма — рэчмяшок. Падабенства з катом надавалi вусы i вочы бутэлечнага колеру.