Спляжаны зборнiк Паэт парваў напалам i выкiнуў у смецце.
У горадзе пачынаўся голад i толькi штодня раслi чэргi па малако i хлеб.
Мужчына прывез з вёскi выменяны на механiчны дрыль мех бульбы i паставiў яго ў сутарэннях. Жонцы раз на тыдзень даводзiлася спускацца па бульбу. Яна не любiла тыя хвiлiны, калi з лiхтаром iшла па цёмных лабiрынтах.
Лямпачак у горадзе не прадавалi больш за год.
У чарговы раз яна ўзяла вядзерца з-пад гароднiны i накiравалася ў сутарэннi.
Замок на ўваходных дзвярах добра-ткi саржавеў, i Жанчына з цяжкасцю павярнула ключ.
Авал лiхтарнага святла саскочыў з цаглянае сцяны на пыльныя сходы i пераламаўся. Жанчына асцярожна пераступiла парог. Вядзерца хiснулася, дзыгнула па цэгле, i цынкавы звон паляцеў у цемру.
Падлога ў сутарэннях была земляная, да непрыемнасцi мяккаватая, нiбыта знарок зробленая, каб праглынаць гукi. Густая цiша пахла сапрэлымi дошкамi i кацiнымi сiкунамi.
Жанчына iшла няспешна, асцярожна, невядома чаго баючыся.
Раптам наперадзе ў чарноццi гупнуўся з трубы на падлогу вялiзны кот. Лiхтарны пыльны прамень замiтусiўся ў сцiснутай сценамi прасторы. Люстраным бляскам зiркнулi на Жанчыну кацiныя вочы, i ў гэты момант яна пачула вiсклiвае рыпенне дзвярных завесаў. Жанчына згасiла лiхтар ды ўслухалася ў цiшу, з якой выплыў грукат яе ўласнага сэрца.
Шчоўкнуў выключальнiк, i круг святла на сцяне дазволiў прачытаць колькi брудных словаў i пабачыць маляванку аматара палавых асаблiвасцяў чалавека. Святло сарамлiва спаўзло на падлогу.
Жанчына зрабiла яшчэ адзiн паварот, спынiлася каля абабiтых бляхаю дзвярэй i пачала адчыняць замок. Ледзь чутныя крокi паляцелi да яе. Жанчына стаiлася i прыслухалася, але нiчога не пачула, акрамя шуму сваёй крывi.
Мех з бульбаю стаяў у парозе.
Жанчына павесiла лiхтар на загадзя ўбiты мужам доўгi цвiк.
Мех быў завязаны тоўстай вяроўкай на вялiкi бант. Сухi i шорсткi пах бульбы прыемна хваляваў уяўленнi галоднага чалавека. Асцярожна, каб не бiць, Жанчына пачала перакладаць бульбiны ў вядзерца. Перад яе вачыма ўзнiкла вiдовiшча: на агнi духмяна сквiрчыць дый патрэсквае поўная панiва румянай смажанай на сале бульбы.
І таму Жанчына не магла заўважыць, як з цемрадзi падышоў да яе Сутарэннiк.
Вялiзны, у адных нагавiцах, босы, ён стаяў, схiлiўшы набок цяжкую зарослую сiвымi кудзерамi галаву.
Сутарэннiк быў за крок ад Жанчыны, а тая спакойна перамешвала лыжкаю ўяўную бульбу на панiве.
— Бульбу набiраеш? — правуркатаў Сутарэннiк, i ягонае цiхамiрнае вуркатанне зрабiла выбуховы эфект.
Жанчына тузанулася ў глыб кладоўкi, цягнучы за сабою цяжкi мех. Яе вочы спачатку вылупiлiся, зрэнкi закацiлiся пад лоб, так што на твары засталiся адно невiдушчыя бялкi. І, трацячы прытомнасць, Жанчына павалiлася на мех.
Вядзерца перакулiлася, i бульбiны пакацiлiся да босых ступакоў Сутарэннiка. Той схiлiўся, выбраў большую, абцёр аб нагавiцы, адкусiў i захрумстаў, як тым яблыкам. Сутарэннiк амаль з'еў бульбiну, калi Жанчына апрытомнела i села на мех.
— Уставай, распранайся, глядзецьму, — Сутарэннiк наблiзiўся да спалоханай.
Яна паспрабавала расшпiлiць халат, але пальцы здзервянелi i не слухалiся, гузiк выслiзгваў з iх.
Сутарэннiк зняў з цвiка лiхтар.
Шаўковы станiк упаў на пыльную мешкавiну.
Жанчына закрыла рукамi твар, паказаўшы пад пахамi густыя светлыя валасы.
Лiхтарны прамень ссунуўся з аголеных грудзей на жывот i сцёгны, мiж якiх рос кусцiк такiх жа густых валасоў, як пад пахамi.
Сутарэннiк задаволена завуркатаў, кiнуў лiхтар, схапiў жанчыну i аддаў ёй усю сваю ласкавую сiлу. Тая, каб не пабiцца аб сцяну, моцна абняла Сутарэннiкаву шыю. У млява-запаволеным танцы пара растварылася ў цемры.
Лiхтар самотна ляжаў на станiку i высвечваў круг на бетоннай столi, пакуль ягоная лямпачка не ўспыхнула ярка-ярка перад сконам.
У кватэры Жанчына не магла ўспомнiць: нi як знайшла ў суцэльным чарноццi свае апранахi, нi як дайшла да выхаду, нi як апынулася на кухнi з вядзерцам бульбы ў руках...