Ён падаў жанчыне танюткую брашурку сваiх вершаў.
— Вiншую, — Журналiстка зрабiла кнiксен.
"Што нi раблю — адны памылкi спрэс", — Паэту згадаўся ўласны радок.
— І як будзем святкаваць? — Журналiстка перахапiла iнiцыятыву.
— Трэба ўзяць спiртное, — вяла прапанаваў аўтар кнiгi.
У камiсiйнай крамцы яны ўзялi "NAPOLEON".
Журналiстка затэлефанавала дамоў i папрасiла мужа, каб ён забраў сына з дзiцячага садка. А на пытанне, дзе пiць каньяк, прапанавала сесцi ў дваровай альтанцы, зрабiць па глытку i вырашыць, куды iсцi далей.
Праз якiя паўгадзiны парожняя бутэлька паляцела ў хмызы за альтанкаю.
"Ёсць дарога, няма ў той дарогi канца дый пачатку", — ап'янелы Паэт успомнiў другi радок.
— Мне трэба ў прыбiральню, — Журналiстка паднялася.
— Я правяду, — Паэт устаў.
Яны ўзялiся за рукi i пайшлi праз хмызы да гаражоў.
— Ідзi, а я пагляджу, каб нiхто не iшоў, — прапанаваў ён.
— Можам разам пайсцi, — яна зазiрнула ў Паэтавы вочы.
За гаражом Журналiстка спрытна ўскiнула спаднiцу i прысела на кукiшкi. Паэт стаў тварам да гаражнае сцяны. Узбуджанасць замiнала яму, i Журналiстцы давялося доўга чакаць Паэта. Яна ўжо зусiм не з прафесiйнай цiкаўнасцю назiрала за мужчынам, якi спраўляў патрэбу на аблезлую сцяну.
Паэт зашпiлiў нагавiцы i прапанаваў пайсцi да яго дамоў. Журналiстка апусцiла вочы ў знак згоды. Яны селi ў тралейбус, дзе Паэт адчуў няёмкасць, бо ў нагавiцах меў больш плоцi, чым звычайна, калi ездзiў грамадскiм транспартам. Яму стала зусiм нiякавата, калi сутыкнуўся твар у твар са знаёмым Тэлеаператарам. І каб выйсцi з недарэчнай сiтуацыi, Паэт не прыдумаў нiчога лепшага, як запрасiць яго ў госцi. Тэлеаператар узяў дый пагадзiўся.
Дома Паэт выставiў на кухонны стол прыхаваную на чорны дзень гарэлку. Пасля другой чаркi ён з сумам заўважыў, што Тэлеаператар спадабаўся Журналiстцы.
Яна колькi разоў тэлефанавала дадому, i яе голас рабiўся падчас размоў з мужам лагодны да прыкрасцi.
Ад выпiтага Паэт заблажэў i пайшоў у прыбiральню ванiтаваць, а калi вярнуўся на кухню, дык не ўбачыў удзельнiкаў iмправiзаванага свята паэзii.
Ён узяў са стала перапэцканы ў тлушч зборнiчак i ледзь не заплакаў, пабачыўшы на вокладцы колца следу ад чаркi. З кнiжкаю ў руцэ, трымаючыся за сцяну, Паэт пайшоў класцiся спаць. Ва ўласным ложку ён убачыў аголеную жанчыну, у якой памiж раскiнутых сцёгнаў цямнела мужчынская галава. Паэт нават не адразу пазнаў у каханках Тэлеаператара з Журналiсткаю.
Ён не стаў спыняць эратычны занятак, а вярнуўся за непрыбраны стол i пачаў перачытваць свае вершы.
Паэт заснуў, седзячы за сталом.
А калi прачнуўся, убачыў хлопчыка, якi сядзеў насупраць i з апетытам еў печыва.
Паэт быў амаль упэўнены, што сон працягваецца, але галасы ў перадпакоi вярнулi ў рэальнасць.
— Зараз пойдзем, — казаў прыкры жаночы голас.
— Гаварыць будзем дома, — голас незнаёмца меў незадаволеную афарбоўку.
Зусiм недарэчна Паэт адчуў узбуджанасць, бо згадаў раскiнутыя жаночыя сцёгны i мужчынскую галаву памiж iмi.
— Тата! Дзядзька прачнуўся! — закрычаў хлопчык, крошкi пячэння пасыпалiся з поўнага рота.
"Дзверы грукнулi, бразнуў замок", — чарговы радок усплыў у Паэтавай памяцi.
Ён абышоў пустую кватэру, вярнуўся на кухню i памыў посуд.