Юнак пачаў было запраўляць кашулю i ў гэты момант атрымаў моцны ўдар кастэтам у падбароддзе.
Пажаднiк зашпiлiў светлы плашч, пераступiў праз непрытомнага юнака i выйшаў з пад'езда ў цёплую ноч.
Пажарнiк хроп на раскiрэку-тапчане. Поўня асвятляла сыты твар.
Фуражка з неблiскучай кукардай ляжала побач з тэлефонным апаратам. Тэлефон раптоўна ўскiнуўся траскучым звонам.
Пажарнiк ускочыў так, нiбыта яму ўсадзiлi з размаху шыла ў бок.
— Пажарная! — пракашляўся ён у слухаўку.
— Я вячэру сабрала. Можна прынесцi? — прапанаваў цёплы голас.
— Нясi! Магла б i не тэлефанаваць...
— А раптам ты на выездзе...
— Кiнь, дурная. Яшчэ накаркаеш... Нясi хутчэй, а то кiшкi марш iграюць.
На далёкiм канцы паклалi слухаўку.
Пажарнiк надзеў фуражку, запалiў настольную лямпу i прамармытаў у пракураныя вусны:
— Футы, нуты, чэрцi гнуты...
Праз нiзенькiя дзверы ў пакой зайшоў Шафёр. На iм, як i на Пажарнiку, спраўна сядзела гiмнасцёрка i галiфэ. Толькi на цалкам лысай галаве не хапала фуражкi з кукардаю.
— Лахудра есцi нясе? — Шафёр баднуў лысiнаю паветра.
— Вядома, — меланхалiчна адказаў Пажарнiк.
— Кажуць, яна раней да салдатаў поўзала.
— А мне што з гэтага?
— Каб вошы не прынесла, а то потым не адцярэбiмся, — Шафёр завалiўся на тапчан-раскiрэку.
Пажарнiк выняў з галiфэ калоду картаў i шпурнуў у круг святла пад лямпаю:
— Габлюй.
— Каб толькi трасцы не прыцягнула.
— Зубоў баяцца, у рот не даваць. Габлюй.
Шафёр з Пажарнiкам згулялi ў "дурня" разоў з пяць, пакуль да iх не завiтала жанчына ў сiвым парыку. Проста на карты яна паставiла кайстру, з якой тырчала дзюба кiтайскага тэрмаса.
— Казляты-рабяты, ваша мама прыйшла, малака прынясла, — праспявала жанчына з чорнай дзiркаю замест пярэдняга верхняга зуба.
Пажарнiк пасунуў i згроб карты.
Шафёр высветлiў, што ў тэрмасе замест гарбаты быў цукровы самагон.
Пажарнiк кульнуў у сябе паўшклянкi i выхукнуў:
— Гарыць.
— Шэйсят градусаў, канешне, гарыць, — начная госця падаравала прысутным дзiравую ўсмешку.