Мацвей аднёс Ненене ад экскаватара, насадзіў яе на зямлю ў засені каля дуба:
— Вунь белакаменны стаіць — вось мая ношка. Дзякаваць мне яшчэ будзеце, цётка Тэкля. Пачынай,— махнуў рукою экскаватаршчыку.
Княжборцы моўчкі адступілі ад машыны, зносчыкі, наадварот, падышлі бліжэй да яе. Экскаватар падняў коўш, што кулак, чорны, мужыцкі, патрымаў яго лавісу і абрынуўся ім на хатку, на страху. Страха здрыганулася, закалыхалася, узляцела дзвюма палавінкамі, нібы крыламі, угару і кінулася ўніз, рассыпалася трухою і дранкаю, слупом узняўся ў неба шэры пыл. I зноў падняўся коўш-кулак і зноў грымнуў, апусціўся з размаху. I яшчэ вышэй узняўся, закурэў пыл, паляцеў мох, пасыпаўся пясок, пакацілася бярвенне. Імгненне — і толькі печ, тое, што засталося ад печы, бялела сярод руін.
— Ну вось і ўсё,— сказаў Мацвей.— Назад ракі не паўзуць. З улазінамі цябе, цётка Тэкля.
— Не-не-не,— падхапілася старая, выпаўзла з ценю.— Цаглінкі яшчэ, цаглінкі.
I, збіраючы тыя цаглінкі, яна поўзала па разбураным селішчы яшчэ і назаўтра, пакуль да апошняга не склала штабяльком каля дуба. Склала, перахрысцілася, пакланілася таму месцу, дзе колісь стаяла яе хата, і пайшла, не азіраючыся, у новы Княжбор, у новую сваю кватэру — пакойчык і кухню. I ішла яна туды і была ўпэўнена, што не зажывецца ў тым новым Княжборы, што ўсё, няма ў яе ні вёсен, ні зім, няма ў яе сілы на іх, мо ёй больш і не развіднее ўжо, мо яна і не прачнецца ўжо наступным ранкам у сваёй новай кватэры. Але Ненене не толькі прачнулася, перазімавала, сустрэла вясну і шмат яшчэ іншых вёсен, хаця так і не падзякавала Мацвею за тыя вёсны. Рыпела, гнулася, як рыпіць па ветры старое дрэва, але не ламалася. Памерці ж было наканавана зусім іншай старой, і яна, адыходзячы, шэптам сказала ўсё ж на вуха Мацвею дзякуй, ледзь чутна прашапацела сухімі вуснамі, і таму Мацвей і не зразумеў, каму гэта яна дзякавала: яму ці жыццю, якое ўжо скончылася.
2.
Старая Махахеіха пасля зімы ўставала са сваіх палацяў, выпаўзала на святло толькі разы з два — калі было вяселле ўнучкі ды хаўтуры Ненене. А пасля вяселля і хаўтур залегла зноў у сваім закутку, і ўжо непадымна. I ў хаце, як, здаецца, і не прыкмячалі. I што прыкмячаць, калі работы ёй даручыць ніякай нельга было. Добра і тое, што хоць сама ад сябе мух адганяла. Размаўляла сама з сабой, пынілася на слове, губляючы, пра што гаворыць, сумным вокам пазірала то на дачку, то на зяця, то на ўнучку, як на дзяцей малых, якія толькі-толькі вучацца хадзіць, пільна сачыла вачыма за кожным іх крокам, вачыма патрабавала падаць што-небудзь, гняўліва трэсла кручкаватым носам, калі ёй падавалі не тое, што трэба, ці нешта было ёй не даспадобы. Увогуле чакала свайго часу і гневалася, што ён так доўга не наступае. Хаця нехта ўжо, пэўна, хадзіў каля яе галавы, з кімсьці перашэптвалася яна ўначы, маліла, прасіла: вазьмі, вазьмі... Але той раніцай, калі ўсё і адбылося, бабка раптам, здаецца, увайшла ў розум і як памаладзела, і паела сама, а не з лыжачкі, і яшчэ папрасіла прынесці яйка курынае, свежае, з кубла. Выцерла яго аб дзяружку, разбіла аб прыпечак і высмактала да кроплі, і задаволена тройчы прамовіла: люблю, люблю, люблю. Доўга сядзела нерухома. Васька з Надзькай у хаце былі адны, збіраліся ўжо ісці, як старая паклікала іх да сябе.
— Цябе прызнаю, Якаў ты,— сказала яна Ваську, крануўшы яго за крысо, а ад Надзькі адсунулася.— Цябе не ведаю, адкуль ты, як завуць цябе?
— Ты што, баба, Надзька я.
Бабка скоса зірнула на яе, паківала пальцам:
— Ой, хітрая, не Надзька ты, ты пераапранулася, ты Надзьчына плацейка надзела, я відзела, не думай, я відзела.
— Лажыся, баба,— Надзька пагладзіла старую, як дзевачку маленькую, па галаве, дала ёй патрымаць сваю руку, але і гэта не дапамагло. Старая не пазнала яе і навобмацак, на руцэ:
— Вох, хітрая якая. Абое вы хітрыя, і бог з вамі, ідзіце, ідзіце абое. А я тут упраўлюся сама. Я зараз і печ натаплю, есці нагатоўлю, свіней пакармлю. І вам застанецца, не бойцеся. Ганне дам, Цімоху дам, Змітру накладу.
— Памёр Змітро, баба, немцы ж яго забілі пры табе.
— Вох, донечка, гаварыла ж я, што не Надзька ты. Надзька бы наша ніколі такога не сказала. Надзька ведае, што Змітро жывы і Якаў жывы.— Надзька зірнула на Ваську і сцепанула плячыма, яны паклалі старую зноў на палаці, тая легла, здаецца, не супраціўляючыся, але непаспелі яшчэ зачыніцца за імі дзверы, саскочыла з палацяў, падкралася да акна, зірнула тайком на двор, пераканалася, што яны пайшлі ўжо, выскачыла на вуліцу, набрала дроў, прынесла іх у хату. I тут зноў бы забылася, што гэта надумала рабіць, пачала нашэптваць сама сабе:
— Глядзі ты, Змітро памёр. А як жа гэта ён мог памерці, калі я яшчэ жывая... I Якаў жывы...— Тут ёй нешта, пэўна, прымроілася, спалохала мыш, што прабегла па падлозе, і яна павярнулася, пахітала галавою: — Пачакай ужо ты там, хутка, хутка сустрэнемся, толькі з работай упраўлюся, толькі дзетак накармлю: Змітру дам, Якаву дам, а Надзьцы ні-ні, не наша гэта Надзька. Думае, што аслепла я ўжо, не бачу, як яна пераапранаецца.
Стала тварам да кута, перахрысцілася на цёмную пад белым ручніком ікону:
— Ну што ты на мяне пазіраеш? Злезь, дапамажы. Работы, сам бачыш, не перарабіць... Ой, работы, ой, работы, вышэй галавы. Дапамажы... Ты, лайдачына, будзе тое, дапаможаш. Узялі цябе ў рамку, дык ты з той рамкі і пальцам не кіўнеш.
I старая адвярнулася ад іконы, заспяшалася, адкрыла дзверцы грубкі, проста на падлогу выграбла попел, але дровы, што прынесла з вуліцы, пачала класці не ў грубку, а на падлозе, каля грубкі. Адною запалкай падпаліла лучыну. Не зірнуўшы на агонь, што ўхапіўся хутка, адразу, кінулася да чыгуноў, заліла іх вадою. Рабіла ўсё ўпраўна, лёгка, як рабіла, пэўна, у маладыя свае гады. I агонь быў у яе вачах, сухі, спапяляльны.
— Гары, гары, угарайся,— загадала яна агню,— поўная я^ хата людзей, напаследак усіх жа накарміць трэба, вох, умарылася.— I пайшла да палацяў, легла, каб больш ужо не ўстаць. Агонь, што выхапіўся з-пад страхі, з вокан, першым прыкмеціў усё той жа Васька, які ехаў па вёсцы на матацыкле, кінуў матацыкл, рынуўся ў хату. Спыніўся па парозе, нічога не бачачы ад дыму.
— Ёсць тут хто жывы ці не?
Яму ніхто не адказаў. Усё трашчала і гуло ў бойкім, зыркім полымі, але ён усё ж навобмацак рушыў, памкнуў да палацяў, намацаў, узяў на рукі Махахеіху, тая адбівалася ад яго.
— Адчапіся, адчапіся,— ірвалася яна і на вуліцы,— туды мне трэба, туды. Чакаюць мяне там, бачыш, стаяць, пусці, нехрысць. Да сваіх, да сваіх хочу, не хочу з вамі... А агонь ужо ахапіў усю хату. Сухое дрэва гарэла, што порах, і гулка страляла чарапіца. I віліся над домам буслы. Як ні кідаліся ў полымя, а полымя адкідвала іх назад, гарэла не толькі старая, але і новая хата, якую так і не адбудавалі, і бусліная хата гарэла разам з буслянятамі. Бусляняты гэтыя, пэўна, ужо даўно захлынуліся ад дыму, таму так і шалелі бусел з бусліхай. А людзі збіраліся на пажар не спяшаючыся, небагата іх і заставалася ўжо ў старым Княжборы. Паказаліся з адных варотцаў дзве спалоханыя жанчынкі і зноў нырнулі ў двор. Выйшлі з хат мужчыны, зірнулі на полымя — і зноў у хаты. I толькі крыху пазней з'явіліся тыя і жанчыны, і мужчыны з пустымі вёдрамі ў руках, такія ж няспешныя, нейкія расслабленыя, бы збіраліся не на пажар, а ў поле, выбіраць бульбу.
I ўсё ж, як ні марудна збіраліся людзі, хутка ці не ўвесь амаль Княжбор быў каля хаты Махахея. Але толку ад іх было мала, не было і таго неспакою, які выклікае заўсёды ў вёсцы пажар. Княжборцы, здаецца, бы глядзелі тэлевізар, і хоць былі пры гэтым не зусім безуважнымі, але ўсё ж толькі гледачамі. Нешта, здаецца, і рабілі, ніхто не стаяў на месцы, але ўсё так запаволена, марудна, бы апітыя, бы апітымі, самымі бесталковымі, былі на гэтым пажары і самі гаспадары. Цімох і Ганна Махахеі. Яны стаялі ўперадзе іншых, пабраўшыся за рукі, і пазіралі на пажар, бы даўно чакалі яго, бы недзе ў глыбі душы здагадваліся, што вось так, агнём і пажарам, і павінна пайсці ўсё, што прыдбалі і нажылі яны. I не балела ім, і не пакутавалі, здаецца, яны за гэтае сваё прыдбанае, хаця час ад часу і ўздрыгвалі, адзначаючы самі сабе, што гэга занялося на тую хвіліну ў хаце агнём.
— Стрэліла каністра з карасінам,— гаварыў Махахей, сціскаючы руку жонкі.
— Скрыня, чую, ужо гарыць,— адказала яму жонка.— А там жа святочнае ўсё і смертнае.— I парывалася бегчы ў хату, але Махахей не пускаў яе.
— Буслы спекліся.
— I Ясенінаў згарэў...
— Самі жывыя, і добра,— супакойваў жонку і сябе Махахей.— Ясенінава Алена прышле новага з горада.