У гэтым плачы-галашэнні Ненене нібы забыла, што нарадзілася ўсё ж яна ў другой хаце, з другой хаты пайшоў на вайну яе Іван, вось толькі памёр ён сапраўды ў гэтай хаце. Але не адной толькі забыўлівасцю вытлумачвалася ўсё. Яна аплаквала зараз не толькі сваю хату, але і сваё жыццё. Сёння, во зараз, а не ўчора, адбыліся сапраўдныя хаўтуры па тым, што ўтрымлівала яе ў жыцці.
— Ды была ж ты цёплая, ды была ж ты ласкавая і спагадлівая, ды была ж ты міласцівая, колькі ж слёз ты маіх бачыла... Каб здароўя вам столькі, сцягачы няшчасныя, пасцягвалі вас з усяго свету. А ці знае-ведае хто-небудзь з вас, што такое свая хата, а ці мелі вы бацьку-матку, селішча сваё?
— Усё, бабка, мелі,— і былі ўжо ў гэтых словах чужога чалавека сум і спачуванне, толькі Ненене як не чула таго суму і спачування ці не хацела чуць.
— Усё ты, прайдзісвет, меў, была ў сабакі хата.
— Цішэй, бабуся, цішэй, мы ўсё ж па рабоце, усе мы не па сваёй ахвоце,— гэта нарэшце ачомаўся брыгадзір.
— Па рабоце? I грошы вам за такую работу яшчэ плоцяць? — Ненене была шчыра ўражана. А экскаватар ужо навіс над хаткаю. Крануў ужо стралой страху, і страха затрашчала.
— Людзі, людцы, бараніце, ратуйце! — Ненене кінулася пад экскаватар. Скочыў з кабіны экскаватаршчык, пабег да Ненене.
— Жыць, бабуся, надакучыла?
— Надакучыла, сынку. Стамілася я ўжо ад такой жыткі.
— Дык я не стаміўся. У мяне пяцёра... А ты кватэру ўжо за хатку атрымала, а я з-за гэтай кватэры па ўсім свеце матаюся.
— Каменны мяшок, сынку, атрымала.
Але экскаватаршчык не чуў і не слухаў яе, ён таксама лямантаваў, размазваў па твары пот і машыннае масла.
— I грошы табе за твой гарод ужо заплацілі... Жлабы...
— Вазьмі, на крышку ты мне тыя грошы пакладзеш. Засціла табе свет мая хатка, грошам ты маім завідуеш. Іх у мяне, як і ў тваёй маткі, каб тваёй матцы ды на крышку такое шчасце.
— Цьфу на цябе, бабка. Ціпун табе па язык. Нічога я не завідую. Работа ж...
— Работа...— зноў пачала сваё галашэнне Ненене.— Вой, хатка ты мая, цёплая ды ціхая, ды чым жа ты людзям шкодзіла?
На гэтае яе галашэнне падышлі княжборцы, было іх небагата, у кожнага сёння быў адзіны клопат, і стаялі яны збоку, наводшыбе ад чужых і Ненене, маўчалі. I Ненене сама кінулася да іх.
— Людзі, людцы, зірніце вы толькі, што з гародам зрабілі, змалолі, пацерлі ўсё ў пацяруху і муку. Пры вас, людзі, смерць прыму, будзьце сведкамі.— I Ненене легла пад гусеніцу зкскаватара,— Уключай, уключай сваю машыну. Няхай ідзе праз мяне, як па мосце няхай ідзе, вытрываю.
З-пад гусеніцы Ненене выцягнуў Мацвей, паклікалі яго ці ён сам пачуў готы голас, невядома. Ён паспрабаваў паставіць бабку на ногі, але тая зноў кульнулася на зямлю і папаўзла пад экскаватар. I Мацвей зноў падняў яе, выграб амаль з-пад тракаў, трымаў на руках, што дзіця, глядзеў на аднавяскоўцаў, не наважваючыся нікому перадаць яе, не ведаючы, ці згодзіцца хто прыняць гэтую ношку.
А Ненене малаціла яго ў грудзі маленькімі, сухенькімі кулачкамі.
— Я ж, Мацвейка, з тваёю маці жыта жала. Твой бацька трохі на мне не ажаніўся. Я ж як маці табе. А ты мяне аммануў, аммануў.
— Цётка Тэкля, мы ж з вамі дамаўляліся...
— Дамаўляліся, угаварыў ты мяне, саколік, задурыў бабе галаву, запхнуў мяне ў той мех каменны. Аммануў. Казаў, ужо хаты ўраз пад знос. А маю ўперад другіх на смерць пусціў. А чым жа яна грэшная такая? Хай бы ўжо як усе: усім смерць— і ёй смерць, а ты... Ты ж па гарбузікі ў маю хату бегаў... I за што мне такое...
— Цётка Тэкля, цётка Тэкля,— прыгаворваў, нібыта звяртаўся да дзіцяці, Мацвей і, як дзіця, калыхаў, гушкаў яе.— Крайняя ваша хата, канцавая.
— I твая канцавая, толькі ты сваю не рушыш.
— Я ж як лепей хацеў, я апошнім хацеў, калі вы ўжо ўсе будзеце ў новых кватэрах. Слова сабе такое даў, пакляўся. і не вы адны сёння пераязджаеце, толькі другім гэта свята, а вы...— Ненене не слухала яго, як клявала, дзяўбла сухімі кулачкамі ў грудзі, так і працягвала дзяўбці, і не давалася, каб ён паставіў яе на ногі. Мацвей не вытрымаў.
— Ды дапамажыце ж мне хто-небудзь.
Але ніхто не спяшаўся дапамагаць яму. Зносчыкі нечага чакалі, мо каманды, каб зноў пачаць работу, княжборцы глядзелі некуды ўбок, унікалі яго вачэй.
— Твая ношка, сам і нясі, старшынька,— нясмела вымавіў нехта ці то са старых, ці то са зносчыкаў.— Сам заварыў, сам і хлябай.
— І буду хлябаць.