— Бабы тыпу падтакнулі.
Узбуджаны і злосны, крочыў я далей па вуліцы і здзекаваўся сам з сябе. Хіба не гэтага трэба было чакаць?! Камсамолец! А што? У душы я даўно быў камсамольцам — і гатоў быў за гэта адказваць.
Хацелася некага біць, лаяцца.
Крыху ніжэй нашага педвучылішча — драўляная будыніна фінтэхнікума. На двары яго праз плот я ўбачыў дзіўны малюнак і спыніўся.
За плотам сядзела напагатове з дзесяць хлопцаў у новых касцюмах і ў белых кашулях. На руках яны мелі павязкі з нямецкімі надпісамі: «ГІЛЬФСПОЛІЦАЙ». На вытаптаным валейбольным полі нямецкі афіцэр дрэсіраваў іхніх сяброў.
Чатыры хлопцы таксама ў святочным адзенні і з гэткімі ж павязкамі трымалі савецкія вінтоўкі без штыкоў і старанна выконвалі каманды: зварот улева, направа, бралі вінтоўкі да нагі, на плячо... Першы стаяў з вінтоўкай... наш Мароз!
— Лажысь! — па-руску закрычаў немец і, бытта вось-вось наступіць канец свету, напружана, паступова павышаючы голас, пагнаў іх: — Па-пластунску, марш!
У мой бок поўз Мароз. Яго вочы блішчалі радасным захапленнем і якойсьці сабачай адданасцю немцу, бытта казалі — от, ліха на яго, дае-е!
Каб мяне ніхто з паліцаяў не пазнаў, я павярнуў галаву і паплёўся па тратуары ўздоўж плота, яшчэ больш уражаны.
Дагнала мяне задыханая прыбіральшчыца з нашага інтэрната, глухаватая цётка Нюра. Яна хапіла мяне за рукаў і адцягнула ў нечы двор.
— Уцякай адгэтуль, уцякай, хутчэй! — зашаптала ўсхваляваная кабеціна.
— Чаму-у, цё-отку?!
— Спаткала ля станцыі толькі што Ложачніка з немцамі!
— Ло-ожачніка?!
— Ну да!
— Дак ён — жывы-ы?!
— Пытаўся пра цябе і Касцюка! Я сказала, што
ты пайшоў на Валеўку...
Ногі мае нібы прыраслі да зямлі.
— Яны вас шукаюць за лётчыка!
— Ло-ожачнік?! — я ўсё не мог яшчэ паверыць.
Але яна больш не сачыла за маімі вуснамі, не старалася зразумець, пра што гавару.
— Бяжы, з бо-огам!..
А мы ж Ложачніку нават магілку насыпалі на тым месцы, дзе ён ляжаў.
11
Часці гітлераўскага генерала фон Бока так імкліва занялі Беласток і нашу мясцовасць, што людзі апамятацца не паспелі.
Яшчэ да вайны нашы хлопцы параз'язджаліся. Валодзька Кірылішын застаўся ў Кузбасе. Сашку Марцінавага і Рыгоравага Косцю ўзялі ў армію. З маладых на вёсцы засталіся толькі я ды наш Валодзька. Пачалі мы з братамі Яроцкімі з Бялявіч меркаваць, як быць далей, ды прыляцела на наш хутар навіна: Яроцкіх разарвала выбухам! З Валодзькам пабеглі мы ў Бялявічы.
Немцы выгналі людзей вазіць каменне на шашу. Мікалай Яроцкі з малодшым братам Іванам і сястрой-калекай заехалі на поле, пачалі кідаць на фурманку каменне. Адзін камень не даляцеў да воза, трапіў якраз на міну.
На стале — шырокая труна, у ёй прыкрытыя посцілкай целы братоў. Ля дамавіны кленчылі прыбітыя горам бацькі. На ложку сядзела гарбатая і памешаная дачка. Яна радавалася, нібы на вяселлі, і шчасліва выхвалялася:
— А я таксама была на полі разам, але мяне не забіла!