Ён фанатык сваёй працы. Часта, бывае, пасваруся, набурчу, нагавару непрыемнага, як вось зараз, аднак жа самы паважаны для мяне чалавек — мой Косця. Яго ўпартасці хапіла б на некалькі чалавек. Мне б крыху!..
Іду ў пакой да дзяцей, разумеючы, што раззлавалася на мужа дарма.
— Ма-амачка прыйшла! — кідаецца да мяне сын.— Што прынесла?
— Марынцы лякарства.
— Якое?
— Стрэптацыд.
— Стр-р-р... Стр-р-рыцып?.. Ты, як песня! Цып-цып, мае касаткі, цып-цып, мае цыпляткі!..
— Ах, вы-ыдумшчык ты мой! — хапаю сына ў абдымкі, удыхаю родны, мілы пах: эх, дзеці, што можа быць даражэй на свеце за вас?!
— Ма-ам, а Віця не даваў рабіць мне ўрокі!
— Чаму, сынок?
— А от я ўжо ўмею гавар-рыць з зачыненымі вачыма!..
— Не слу-ухай, мама, ён зубы загаворвае!
— А чаму мая пудра рассыпана на стале?
Сын вінавата адводзіць вочы.
— Ён кляксу пасадзіў на сурвэтку і засыпаў яе, каб ты не бачыла! — кажа Марынка.
— Няпрра-аўда!
— А хто мне чарніліцу перакуліў?
— А ты што на мяне казала?
І пайшло, і пайшло! Эх, мілыя бунтары мае!..
Неяк памірыла іх.
Узялася за падручнік, каб падрыхтавацца да ўрока; пасля абеду трэба ісці зноў.
— Мама, табе сёння зноў трэ на Пецеў савет?
— Педсавет...
— Не хадзі-і!..
— Не, педсавета ў мяне няма. Увесь вечар буду з вамі. Толькі загляну ў школу, правяду адзін урок з
дзеткамі.
Сын відавочна радуецца.
— Ма, а Тамарка, што ў замыкальную школу ходзіць, ударыла тут,— Віця паказвае сабе на локаць,— і кажа: калена пабіла!
— У музыкальную, дурненькі, у музыкальную!
3