— Гэтак не жартуюць.
— А-яй-яй! Ніколі не падумаў бы!
— Яшчэ хвалішся, што назіральны... Ці не геройства дзесяць гадоў працаваць у школе і хаваць пратэз ад настаўнікаў ды вучняў? Не яе віна, што ніхто не бярэ!
Косця ўсё лыпае ад здзіўлення вачыма.
— Упартасці і геройства ў адной гэтай жанчыны больш, чым ва ўсіх тваіх кандыдатах, калі нават скласці разам! — крычу я з перакананнем.
— Мабыць, і праўда... Здаюся...
Адчуваю вялікую палёгку, што яму дапякла.
5
Пасля абеду выпраўляю Марынку ў школу і адпраўляюся сама. Памалу супакойваюся. Штосьці мела ўспомніць цікавае і прыемнае. Вось-вось улоўліваю нітку запаветнай таямніцы, але не паспяваю ўлавіць — мая школа.
На парозе будынка спатыкае мяне змрочны дырэктар:
— Вашы выхаванцы зноў сёння натварылі: запусцілі джаз на ўвесь пакой, што сцены задрыжалі! Настаўніца малявання вымушана была пакінуць клас!
Я маўчу.
— Разберацеся — што там?! — кажа начальства.— Учора з піянерважатай быў скандал, сёння вось з ё-ою... Вечна з вашым класам не дзякуй богу!..
Устрывожана імчуся па калідоры.
Вучні насцярожана ветлівыя. Адчуваю, яны нешта ведаюць і таму па-змоўніцку на мяне глядзяць. Допыт рабіць? Не, вытрываю. Пачну ўрок, раскажуць самі.
— Ірына Іванаўна, а ў Янусіка глядзіце што...— асцярожна кажа стараста.
На парце малюсенькі, з папяросны карабок, радыёпрыёмнік на транзістарах. «Ах, дык ву-унь з-за чаго ўцякла ты з класа, вунь чаго збаялася!»
Вучням надта хочацца пахваліцца дзіўнай навінкай, яны хочуць, каб нехта раздзяліў іхняе захапленне і радасць. А хіба мне, дарослай, часамі гэтага не хочацца? Трэба быць драўляным, каб спакойна да гэтага адносіцца. Падыходжу да Янусіка. Клас насцярожваецца.
— Пакажы, пакажы, Коля!
Трыццаць грудзей уздыхаюць з палёгкай, столькі ж пар вачэй глядзяць на мяне з удзячнасцю.
— Во-о, Ірына Іванаўна, тут уключацель, гэты гузічак!.. А то — хвалі!..
Дзве мінуты захапляемся цудам тэхнікі, тады пачынаю ўрок. Дзяцей нібы хто падмяніў. Уважліва слухаюць і аддана глядзяць у вочы. Адчуваю іхні ўздым і паслушэнства, радуюся за сябе...
Выклікаю аднаго да дошкі, і ён бойка адказвае, як пішуцца складаныя словы. Прашу прыдумаць прыклад, якім мы яшчэ не карысталіся ў класе. Хлопчык напружана моршчыць лоб, маўчыць. Маўчу і я, толькі думаю: Валодзя, паў-яблыка, паў-яблыка... Ну, кажы ж ты, паў-яблыка...
— Паўяблыка!
— Яшчэ адзін — і зноў сама сабе: вадамер, вадамер, вадамер...
— Вадамер!
Такія гісторыі ў мяне на ўроках бываюць не рэдка, я ўжо нават прызвычаілася да дзіўнай з'явы. Скажы каму, не паверыць, што свае думкі магу навязаць іншым. Але гэта праўда. Таямніца ўзвышае мяне ва ўласных вачах. Вось і зараз урок пралятае імгненна. Чуваць званок.
У канцылярыі мяне падзывае настаўнік фізкультуры.
— Ноччу жонка нарадзіла сына...
— О, дык чаму ж вы маўчыце цэлы дзень! — шчыра радуюся.— Віншую!