Калі мяне агортвае замілаванне да ўсяго свету — кветак, сонца, каменняў, людзей,— то здаецца, што гэтая бязмерная колькасць пачуццяў дасталася мне ў спадчыну ад таго Мінулага, ад тае Сутнасці...
2
Такім чынам хаджу ў школу і — назіраю...
З нейкага часу ў плыні прахожых пачынаю вылучаць таго маладога чалавека, майго незнаёмца. Ветлівы твар. Чыстыя вочы. Лёгкая хада спартсмена. Заўсёды акуратна апрануты. І наогул нейкі не такі, як іншыя.
Пачынаю гадаць — хто ён?
Гадаю кожную раніцу і амаль з нецярплівасцю чакаю выпадку зазірнуць яму ў твар.
Ён не заўважае маіх позіркаў. Гэта мяне нават крыху абурае: не забылася пра той час, калі кожны хлапец вытрэшчваў на мяне, студэнтку, вочы. Паступова чытаю ў вачах незнаёмага здзіўленне. А неўзабаве ён ахвотна адказвае мне вачыма. Але ж мы толькі... пешаходы, як гаворыцца ў правілах вулічнага руху.
...Вяртаюся дамоў. Інстытут даў мужу на год творчы водпуск, Косця цяпер дома. Застаю яго так, як і пакінула. Абкладзены слоўнікамі, даведнікамі, кіпамі рукапісаў, капіркай — ён упарта стукае па бліскучых клавішах машынкі.
— Косця, ты мяне чуеш? — адрываю яго ад работы і чамусьці не зусім складна расказваю: — Кожную раніцу на мяне паглядвае нейкі дзядзечка!
— Што? — злуе ён.
Мы, жанчыны, любім крыху раўнаваць і выклікаць рэўнасць — гэта асвяжае.
— Вечна трапляецца мне на вочы нейкі чалавек, калі іду на работу. На цябе падобны! Такі ж лабасты, з упартым позіркам, рослы... І чаго ён прыстае? — смяюся ды сама не ведаю, чаму хлушу.
— От, дзівак, я ж яго зусім не ведаю!..
— Віншую!
— Але навошта ён мне патрэбны?
— Не можаш даць сабе рады з ім: такая бездапаможная?.. І наогул, дай мне спокуй!
Робіцца крыўдна.
— Паперы купіла?
— На-а, еш яе! — кідаю пачак яму пад нос.— Не адзавіся да яго ніколі...
Але ён не звяртае ўвагі на маю крыўду. Разрывае пачак ды радуецца шчыра, як дзіця:
— Ы -ы-ых! Першы нумар! Ну і малайчына ты ў мяне, Іра! Дай пацалую!
— Яе цалуй!
— М-м-м, а-ах!..— ён сапраўды цмокае лісты.— Мелаваная, раско-ошная!..
Збіралася расказаць яму пра сённяшнюю спрэчку з піянерважатай, але ўжо расхацелася. Адчуваю штосьці большае, чым нездаволенасць мужам. Хочацца кінуць яму ў твар: «Эгаіст, толькі сябе ды свае рукапісы бачыш!..»
Памыляецца той, хто зайздросціць жонцы вучонага.
Гэта калісьці я думала, што вучоны — бог, які ў прыпадку святога і таямнічага натхнення лёгка ды бесклапотна робіць адкрыцці. Дзе там, ён — рабочы вол! І Косця з такіх, якія ісціну здабываюць мазалямі.
Вазьміце які-небудзь навуковы рукапіс у рукі і ўявіце сабе, што вам далі заданне не напісаць, а толькі — перапісаць яго. І вам стане страшна. А мой муж апошнюю работу, пакуль паслаў у выдавецтва, перапісваў разоў дзесяць! На гэты час, калі яму «пішацца», ён нібы адыходзіць ад мяне і дзяцей на цэлыя тыдні, месяцы ды лунае ў нейкім іншым свеце.
Зрэшты, калі і не піша, то з Косці карысць малая. Жыццё для яго — матэрыял для сваёй працы. У інстытуце ён дзень і ноч прападаў са студэнтамі. Думала, пойдзе ў творчы водпуск, будзе інакш.
Вось ён дома. А што змянілася?
Я ведаю, я ўпэўнена: колькасць патрачанага чалавекам часу на рабоце залежыць не ад пасады, узросту, а — ад характару. Толькі настойлівасць ды ўпартасць даюць вынік. Але ж — як звыкнуцца з паводзінамі мужа?