-- Кажыце лепей пра свае справы.
Ігнат адмахнуўся.
-- Няма чаго казаць: кладуць нас на той прахвостаў ложак!
-- Пракрустаў, -- паправіў яго кампаньён, які любіў ува ўсім парадак.
-- Хай сабе на Пракрустаў.
-- Значыць, папісаліся ў калгас?
-- Што!? Ніколі! Калі гібець, дык лепей ужо вольным чалавекам...
Больш гаварыць ня было аб чым, і мы запыталі, ці можна будзе заначаваць.
-- А чаму не? Мейсца на сене хопіць, накасіў для каравёнкі.
-- А дзе-ж ваш конік?
-- Няма коніка! Няма!.. І паляўнічы білет атабралі: ня йдзеш у кагал -- ня можаш і паляваць! Стрэльбу хацелі забраць таксама, але ў час схаваў.
Прадчувалі: паляваньне будзе няўдалае -- занадта разгуляліся нэрвы. Ляжалі на сене доўга моўчкі. Нейдзе каля варот цвыркаў казельчык. У багнах каля Птычы трубіў бугай...
-- От як яно закруцілася! -- з роспаччу прамовіў кампаньён. -- Ніколі ня думаў, што гэтакімі тэмпамі і з гэтакім гвалтам над народам будзе яно рабіцца!
-- Але азірніцеся, хто гэтым закручвае! Вясковыя люмпэны -- прадукт палітыкі 1861 году, якіх трохполка й цераспалосіца парабіла жабракамі...
-- Але-ж партыя!?
-- А партыі гэта на руку, бо зайшлі ў сьляпы завулак, а салодкі пірог улады нікому ня хочацца выпускаць із рук...
Ня ладзілася з паляваньнем...
Змрочныя думкі дужа абцяжарвалі сьведамасьць. Выйшлі на грудок, дзе заўсёды адпачывалі. Селі на сухі мох пад тым-жа разгалістым дубам. Моўчкі пазіралі ў пахмурнае неба. Урэшце кампаньён, якому, відаць, карцела выліць сваю жоўць, заўважыў:
-- Аднаго не магу зразумець: Троцкага зрабілі ворагам і выкінулі за мяжу, а тэорыю ягоную прынялі? Гэта-ж ягоная прапанова: калектывізаваць сельскую гаспадарку! У мэту ўваходзіла атрымаць поўны кантроль над сельскім гаспадаром і выпампаваць ад яго ўсё, ператварыць яго ў пралетара; па сутнасьці, гэта ёсьць прыхаваная хворма заняволеньня сялянства. Ненавідзеў яго Троцкі, баяўся яго, не давяраў, бо меў зь ім шмат клопатаў у часы хатняй вайны на Ўкраіне, на Беларусі, на Тамбоўшчыне і ў Закаўказьзі!..
-- Цёмная гэта справа з Троцкім! Адзін зь іх, хто разумеў вёску, гэта Бухарын: ён стаяў не на абдзіраньні селяніна, а на ягоным узбагачэньні, на падцягваньні бедняка да ўзроўню заможніка й навет урастаньні кулака ў сацыялізм...
-- Бухарын, здаецца, яшчэ не скапітуляваў?
-- Не заносіцца на тое, каб ён выйграў: партыя засьмечана, з аднаго боку, прыхільнікамі Троцкага, а з другога, -- кар’ерыстамі, эгацэнтрыкамі й, вобразна кажучы, проста «плескачамі», якія здольны толькі на адно: пляскаць у далоні кожнаму, хто прамаўляе з трыбуны ЦК, якую-б ён бязглузьдзіцу не гаварыў... Троцкі вельмі добра разумеў, што па дзесяці гадох панаваньня партыі няма каго ўжо больш абдзіраць, -- гэта зусім правідлова! Але і ён не хацеў выпускаць пірог улады із рук...
Пачаўся невялікі, але густы й няпрыемны дождж. Неба стала мутным і студзёным. Нейдзе ў ім ляцелі на паўдня журавы.
-- Пакідаюць ужо бацькаўшчыну нашы ганаровыя птахі! Каб я мог ляцець зь імі!
Потым, падумаўшы:
-- Можна лічыць паляваньне скончаным! І ня толькі на сёньня, але наагул: цераз два-тры гады пасьля калектывізацыі галодныя людзі натоўпам пойдуць да рэчак і вазёраў, на лугі ў лясы і вынішчаць усё жывое, чым можна напхаць страўнік; можна насмараваць нашы стрэльбы й схаваць іх надалей, чакаючы на лепшыя часы...
-- Але ці прыйдуць гэтыя лепшыя часы?
Кампаньён паціснуў плячыма.
Вярнуліся да Ігната падзякаваць за начлег. Ён сядзеў на калодах у двары і ладзіў сваю рыбацкую снасьць.
-- От, як-небудзь будзем перабівацца: рыбкай, грыбком, арэшкамі, ягадкамі -- лес нам заўсёды даваў ратунак у ліхую гадзіну!