-- Можа Юльяш змог-бы?
-- Не пад сілу яму яшчэ! Раіна -- тая магла-б. Але пакуль да яе дабярэшся...
Наважылі: заўтра ўраньні ісьці да Мікітавага сына, вучня сярэдняй школы, ды прасіць, каб ён склаў заяву, а тады ўжо ў тэй раён, можа, яшчэ пасьпеем добра падцерці нос гэтаму зладзюгу Януку! Разважыўшы гэтак, яны навет крыху павесялелі. Але назаўтрае ўраньні па засьценку разьнесьліся чуткі, што на вуліцы, каля былой карчмы, ляжыць няжывы Хвёдарка Скураток. Да Богушавых першай прыбегла із гэтай навінай тая-ж Аўдоля Бабок.
-- А вы тутака сядзіцё й нічога ня бачыце й ня чуеце: гэта-ж Скураток няжывым пад плотам знойдзены!
Богуш спачатку неяк нібы узрадаваўся, а потым падумаў: ото ліха! Яшчэ да мяне прычэпяцца!
Тым часам пайшлі паглядзець: праўда, ляжыць у гразі, рукі раскінуў, быццам лёг адпачыць пасьля цяжкое працы. Нагой упёрся ў плот, і ў кулаку корак ад бутэлькі з гарэлкай трымае.
На целе Скуратка ня было нічога такога, што паказвала-б на сьмерць ад забойства ці іншага якога-колечы гвалту, тым ня менш, прыехаў унезабаве прадстаўнік ДПУ з карагодам міліцыянэраў і з вышуковым сабакам і распачаў вышук. Зэфір абнюхаў Хвёдаркаву куртку, лізнуў ягоны пасінелы твар, якраз каля самага роту, зь якога яшчэ сьмярдзела гарай, брахнуў разы са два ды, адбегшыся крокаў на колькі, падняў нагу на плот.
-- Расьпісаўся! -- заўважыў нехта з натоўпу праз агульны рогат.
Прыехаў на райкомаўскай машыне й Сукенік, а ўнезабаве й пракурор. Прывезьлі із сабой і спэцкора ад цэнтральнай газэты. Спачатку яны цікавіліся толькі справай Скуратка, але хутка пачалі «выкрываць» злосных неплацельшчыкаў падаткаў, кулакоў і іншых парушальнікаў савецкіх парадкаў. А назаўтрае ў газэце зьявілася цэлая бачына, прысьвечаная «барацзьбіту за лепшую будучыню чалавецтва, Хвёдарку Скуратку, загінуўшаму ад рук кулакоў і іхнае агентуры на сваім пасту...»
-- Божа мой, колькі нагаворана! -- заўважыў настаўнік нашае школы. -- Калі ён і быў барацьбітом, дык толькі за бутэльку гары...
Нататка канчалася: «Мы ведаем, хто зрабіў гэтую справу! Мы ведаем і натхніцеляў забойства, тых, хто сунуў зброю ў рукі забойцы! Сьмерць кулакам і іхным агентам -- беларускім нацдэмам!»
-- Во і зброя ўжо найшлася!
-- А ты думаў як?
-- Акалеў чалавек пад плотам, хапіўшы празь меру...
-- Акалеў ці не акалеў, але цяперака, браце, пільнуйся!
Але Богуш іначай думаў: дзякуй Богу, зоймуцца гэтай бруднай справай, дык мо’ й пра нас забудуць. Толькі ўспамінак пра беларускіх нацдэмаў дужа яго непакоіў: шмат знаёмых дачкі Раіны яшчэ раней пазабіралі як нацдэмаў. Ды яна й сама пісала некалі вершыкі. «Патрэбны ёй гэтыя цыдулькі!? Ня той час, каб песьні пяяць! Дзе ейныя гэтыя сшыткі?» Адчыніў сундучок, дзе яшчэ хаваліся студэнцкія працы Раіны. Пажоўклыя бачыны сшытка, перакладзеныя сухімі галінкамі незабудак, бэзу і іншых кветак, якія нагадвалі-б Раіне не адну вясну ейнага жыцьця, дрыжэлі ў нязграбных рукох усхваляванага хлебароба. «Адны толькі прыкрасьці ад гэтых вершыкаў! Вунь колькі людзей пазабіралі!» Асьцярожна згарнуў сшыткі да купы і нейдзе схаваў, падалей ад вачэй людскіх.
Водгук настаўніка аб Скуратку дайшоў і да Богушавых. Богушыха сказала:
-- Пагаманіў-бы ты, стары, з настаўнікам! Усё-ткі ён адукаваны ды з Раінай некалі сябраваў...
Калі сьцямнела, Богуш па агародах дабраўся да школы і ціха пастукаў пальцам па шыбе. Настаўнік адхіліў фіранку й пазнаў Богуша.
-- Заходзьце! -- кіўнуў галавой. Выйшаў у калідор адчыніць дзьверы.
-- Што вас прыгнала так позна да мяне?
Богуш убачыў крэсла й сеў -- дух занімала ў яго.
-- Скажыце, што-ж гэта робіцца? -- і пачаў апавядаць сваю бяду.
-- Можаце не казаць -- усё ведама...
-- Але што-ж гэта такое? Дзеля чаго? Зь якой мэтай?
Настаўнік прайшоўся па пакою, стаў перад Богушам, паклаўшы рукі ў кішэні. Задумаўся.
-- Я баюся, што вы мяне не зразумееце, -- заўважыў.
-- Пастараюся. Кажыце!
-- Перш-наперш: што гэта такое? Тэрор! Зьдзек прайдзісьветаў з сумленных людзей. Другое: дзеля чаго? Каб умацаваць сваё хісткае становішча, бо апынуліся ў сьляпым завулку...
-- Для мяне не зразумела, як можна ўмацаваць сваё становішча, рабуючы народ?