— Што я без вас варты, — кажу.
Ну, так размаўляючы, падыходзім мы да палатак, бандыты зброю вешаюць, распранаюцца… I тут з усіх бакоў міліцыя: «Рукі ўгору!» Утрупянелі мае разбойнічкі. Першым Пятак апомніўся:
— Ці не Манюкін ты, дзед?
— I Манюкін, — кажу, — і Ачмуровіч, і Абуйлапцінскі, а цяпер вось Мюнхгаўзен.
Дзяніса, што прадаваў ліса
Вельмі ж, дзеткі, не люблю я махляроў. Глядзіць такі на цябе, як варона, а хітры, як чорт. Хоць і мёд цячэ з языка, ліпне да сэрца, а тым часам у кішэнь паглядае. Ён ашукае цябе і грошы палічыць. Ведама, нарадзіўся, калі сумленне прадавалі.
I мяне на базары ашукаў махляр. Стары я, недабачу, вось і падсунуў за парася царскія грошы. Запомніў я яго: малы, як вош, тоўсты, як бочка, і нос кручкаваты. Думаю, пачакай, не на таго напаў, за Манюкіным не стане, абуў у лапці фашыстаў і іх памагатых, абую і цябе.
Пад той час сучка наша прывяла сем шчанюкоў. Пашкадаваў я іх тапіць. Прыгожыя, тоўсценькія такія — адно ў адно.
Пакуль раслі, мала з імі клопатаў было. Усё бліжэй ля маці церліся. Затое як падраслі, жыцця не стала. Як падымуць гвалт у сем галасоў, хоць з хаты ўцякай. I пракарміць цяжка. I баба гаруе, дакарае мяне: «Ці мы паны, дзед, з табою, каб такую гайню трымаць? З-за гэтых сабак скора з торбай па людзях пойдзем».
Але, кажуць, няма ліха без дабра. Шчаслівая думка ў мяне нарадзілася.
— Прададзім сабак, — кажу.
— Ці не з глузду ты, дзед, з'ехаў? — заламала рукі баба. — Іх і задарам ніхто не возьме…
— Не твая справа, — кажу, — шый наморднікі, на базар павязу — усіх да аднаго.
Баба і так да мяне падступае, і сяк, прынюхваецца, ці не п'яны я часам.
— Не нюхай, — кажу, — і кроплі ў роце не было. Лепш бярыся за іголку.
Я тым часам запрог каня ў драбіны, саломы падкінуў. Падумаў і стрэльбу на воз паклаў, каб усе бачылі, што паляўнічы. Сабак у мяшкі пазапіхваў.
Базар быў у самым разгары. Дралі горла зазывалы, Пішчалі парасяты, іржалі коні. I той з носам кручкаватым круціўся, вынюхваў, дзе б рукі пагрэць.
Я спыніўся ў куточку. Выпраг каня, сена падкінуў… Развязаў гэты мяшок, сабаку выцягнуў. Ён бы рад забрахаць, ды наморднік перашкаджае.
Мінуты не прайшло, як мяне акружылі з усіх бакоў. Разглядаюць майго сабаку, а ён спрэс жоўценькі, як у золаце выкупаны. Народ усё прыбывае. Ведама, свінні ды цяляты аскоміну набілі, а тут звер нейкі.
Гляджу, насаты праціснуўся да воза.
— Што прадаеш? — пытае.
— Хіба не бачыш, — кажу, — цігру бенгальскую… У Афрыцы злавіў.
Усе ў рогат.
— Я сур'ёзна пытаю, — злуе ён.
— Не па тваёй, — кажу, — кішэні мая пакупка.
Ён выцягнуў кашалёк, грошы паказвае. Заела, відаць. Ды я трымаю марку, не здаюся.
— Навошта табе, — кажу, — грошы выкідваць на няведама што… Хай бяруць тыя, хто толк у звярах знае…
— Лісіцка, лісіцка! — закрычала дзяўчынка.
I тут, як у казцы пра голага караля, усе ў маім сабаку лісіцу прызналі… А я тут яшчэ туману падпускаю.
— Пашанцавала, — кажу, — сабака мой нару знайшоў… Выкарміў дома. Вельмі ж непераборлівыя: што папала ядуць… Яе месяц-два падгадаваць, такі каўнер выйдзе — люба-дорага глянуць.