Гэта і цяпер Кастусь аддаўся ўнутраннаму гарэньню творчае памяці і, шэпчучы сумныя словы якіхсьці раптам узьніклых радкоў і мэлёдыяў, не заўважыў, як прайшоў ладны адрэзак свае дарогі, нат не адчуваючы дотыкаў сустрэчных у густым натоўпе. Кіраваны падсьведамым звыкам, павярнуў у патрэбны яму завулак, пракрочыў яшчэ колькі кварталаў, і, наапошку, выйшаў на шырокую ўзбочную вуліцу, якая канчалася невялікім раскідзістым грамадзкім садком.
Знайшоў абвыклую лаўку й задаволены апусьціўся пасядзець якую гадзінку з газэтай у руцэ. Сьведамасьць з асалодай занатавала тое, што гэтае месца якраз у гэтым часе было густа ўкрыта суцэльнай засеняй. Павець лістоў над галавой тварыла шчыльны шчыт, непраходны настырлівым праменям сонца, якім гэтак ладна ўдавалася напячы яму галаву праз усю дарогу, чаго ён, аднак, быццам і не пачуваў у сваёй паэтычнай узьнёсласьці.
Але нядоўга яму давялося цешыцца цішынёй і халадком. Пакрысе засень усё больш і больш перасоўвалася ўва ўсходнім кірунку, вось ужо край сядзеньня пачаў перахопліваць частку сонечных косаў, выдаючы пад сьвятлом дашчаную шурпаватасьць і вышчэрбленасьць, што час у супалку з дажджамі й вятрамі наклаў на ейную драўляную паверхню. Аднак, не пасьпела яшчэ сонца завалодаць цалком абраным месцам, як насунулася горшая нудота. Улучыліся ў сваю штадзённую працу гарадзкія вулічныя «народныя» галасьнікі, і зацягнулі сваю нудную, даўно ўжо абрыдлую чарговую прапагандавую трансьляцыю. Хоць Кастусь даўно ўжо стаў абвыклы да іхных галашэньняў і мог працаваць паблізку каля самых галасьнікоў, нат ня чуючы іх - да таго ўжо прытарнаваўся ён, дзякуючы свайму выпрабаванаму ў часох інстынкту самазахаваньня, - аднак на гэты раз ён раптоўна схамянуўся.
- От, ліханька, і тут не даюць спакою, - наважыўся быў падумаць ён у адказ на першую рэакцыю. Адылі ўспомнілася ўсё пераказанае ягонай маці й перагаворанае імі абодвымі сёньня раніцай...
- Можа што й скажуць, ліха іх ведае. Можа ўжо нешта й дзеецца ды хіба-ж даведаешся ад іх... - злавіў ён сябе на праяве цікавасьці.
- Яно-б можа й няблага, каб нешта пачалося. Пэўна-ж, лёс неяк укладаўся-б іначай. Як гром і маланка з улевай змываюць назьбіраны на зямлі непатрэбны шэляг, так хіба які вайсковы гром мог прагрымець іншым прадвесьням нашаму краю... - памкнуўся быў думаць Кастусь... Аднак, агалошаная навіна адразу ўразіла ягонае ўяўленьне.
Радыёдыктар колькі разоў заклікаў увагу слухачоў словамі: «Увага... Увага... Увага...» ды паведаміў, што сёньня, за колькі часінаў, роўна а дванаццатай мае быць надзвычайны выступ па радыё Старшыні Савету Народных Камісараў Саюзу ССР, таварыша Молатава. Неўзабаве паведамленьне было паўторанае, а за колькі часінаў ізноў і ізноў агалошанае. Выглядала, што сумысле прыцягваецца ўвага як мага большае колькасьці слухачоў, каб паведаміць штосьці вельмі важнае.
Кастусёва сэрца забілася ў ліхім прадчуваньні.
- Пачалося, ня йначай, - думаў ён употай ад ўсіх. А ў вушшу зьвінела водгульле трэску й шуму, якія чуліся з неадрэгуляваных галасьнікоў. Аднак, нічога не падцьвярджала гэтае думкі. Гэтаксама спакойна шпацыравалі ў садзе нядзельныя закаханыя пары, часам прабягалі й зьнікалі гурты звонкае сьмехам бяздумнае моладзі, таксама настойліва трымаліся сваіх месцаў старыя іх уладальнікі, абыякава трымаючы перад сабою газэты, або, як магло здавацца, дрэмлючы сабе сярод садовага летняга хараства.
Толькі тады, калі радыё папярэдзіла, што за часіну ўжо мае быць абяцаны выступ, усе трохі насцярожыліся, напружылі свой слых і ськіравалі зрок на бліжэйшы галасьнік. Кастусь кінуў пагляд налева й направа ад сябе й ні ў кім не пабачыў тае старожкае напружанасьці чаканьня, якая паланіла ўсю ягоную істоту. У абліччы ўсіх можна было бачыць больш звычайную спакойную абыватальскую цікавасьць, што ішла ад жаданьня паказытаць нэрвы абыякой навінай. А таму, што ад такіх афіцыйных выступаў высокае ўрадавае асобы нічога добрага не чакалася, і ўжо за колькі гадоў яны аж як прыеліся, дык твары слухачоў і не выяўлялі ніякага надзвычайнага ўзварушэньня. Пэўна-ж ужо будзе гаварыцца ізноў тое, што ўжо шмат разоў гаварылася й чулася, хіба толькі можа адменнае чарговым зыгзагам, ці паваротам вонкавае ці нутраное палітыкі дзеля тае-ж мэты - зрабіць чарговы ўпырск для ўзбуджэньня савецкага імунітэту, што ўсё больш і больш вытыхаўся. Вось гэты самы «зыгзаг» хіба толькі й мог быць чаканай навіной, і яе хіба толькі й мог спадзявацца пачуць кожны з гэтых абыякавых да ўсяго, звыклых мяшчанаў гэтае аднае з менскіх ускраінаў.
Але цяпер, можа першы раз за 20 гадоў, усе, што былі тут, памыліліся. Як громам з чыстага неба абдало ўсіх іх, калі пачулі словы Молатава аб тым, што нямецкія фашысты, здрадзіўшы ўмову аб ненападзе, падступна й неўспадзеўкі сёньня, 22 чэрвеня 1941 году, а чацьвертай гадзіне раніцы напалі на наш мірны край...
Уражаныя і ўтрапёныя, некаторыя да зьбялеласьці, усе толькі моўчкі пераглянуліся.
Высокі ўрадавы прадстаўнік гаварыў пра бамбардаваньне нямецкімі самалётамі гарадоў - Кіева, Коўна, Вільні й Беластоку.
Магчыма ня так адразу ўва ўсёй сваёй нечаканасьці працяла людзей сама навіна аб пачатку вайны, як паведамленьне пра першыя бамбардаваньні ведамых гарадоў. Усім адразу зрабілася нат ніякавата й нязвыкла з таго, што там недзе ўжо гараць гарады ды з паветра падаюць мэталёвыя носьбіты сьмерці й разбурэньня, а тут, у нас, яшчэ ціха, спакойна й нат да апошняе часіны яшчэ й ня ведалі аб гэтым. Кожны працяўся думкай пра кон, што дойдзе й да гэтага места.
Мусіць ужо тады із шмат каго адразу спала засьляпеньне, спрычыненае шматгадовай прапагандай, што «ваяваць будзем на чужой тэрыторыі...»
- Дык-жа ўжо нашыя месты збамбардаваныя. А Божухна мой, а мой сынок там у Беластоку зборы адбывае, - сарвалася зьнянацку ў аднае пажылое жанчыны, што праходзіла паўз галасьнік і, неўзнарок, пачула пра пачатак вайны.
Усе змоўчалі, нават ня кожны глянуў на яе, хоць пэўна ўсе пачулі яе нязвыклыя словы з гэтым раптоўным «а Божухна мой». Жанчына прыскораным крокам моўчкі пайшла далей.
Моўчкі, зьбянтэжана й недалужна сядзелі вольныя й міжвольныя слухачы, калі Молатаў закончыў заклікам да змаганьня з агрэсарам. Адны як-бы й ня ведалі, што казаць ад унутранае ўзрушанасьці й неспадзеўкі, іншыя быццам папрырасталі да лавак і ня мелі змогі зь іх падняцца.
Толькі некалькі асобаў раптоўна ўскочылі з месцаў і, як учадзелыя, пашыбавалі да сваіх родных з навіной. Некаторыя з тых, што стаялі пад галасьніком, памкнуліся тут-жа баржджэй выказаць сваю вернападданасьць да ўраду й загаварылі, што агрэсар будзе разьбіты й выгнаны з савецкае тэрыторыі. Іншыя толькі лыпалі вачыма, як-бы спрабуючы разважыць - паглядзім, час пакажа.
Кастусь маўчаў таксама. Хоць яму й хацелася нешта ўставіць сваё ў гэтую агульную зьбянтэжанасьць і нарушыць ніякаватасьць маўчаньня, аднак разважлівасьць змусіла маўчаць. Прыпадкова, аднак, ён адчуў на сабе сьвідруючы зрок нейкага чалавека. Той пільна ўглядаўся ў твар кожнага, нібы стараўся здагадацца, што думае яго ўласьнік. Яго пранырлівы, лісьліва-хітраваты зірк ўжо некалькі разоў спыняўся на твары Кастуся й зараз-жа пераводзіўся на іншага, а за момант вяртаўся да яго ізноў. Адчуўшы на сабе ягоны няпрыемны зірк, Кастусь борзда ўськінуў на яго свае вочы, і іх пагляды сустрэліся. Той лыпнуў вачыма й адвёў іх у бок.
- І тут сочаць, - мільгнула думка ў Кастусёвай сьведамасьці. - Трэба адыйсьці далей ад даношчыкаў... нідзе няма ад іх спакою. А цяпер асабліва боязна хоць адным словам прамахнуцца ды стацца ненадзейным.
З гэтай думкай ён устаў і памкнуўся ісьці. Але неспадзявана нехта з-заду гучна назваў ягонае прозьвішча, быццам хтось зь яўным намерам зварачаецца да яго. Кастусь азірнуўся. Выявілася, што гэта быў той чалавек, які сьвідраваў кагадзе ўсіх сваімі паглядамі.
- Калі ласка, вы мяне гукнулі? Чым магу служыць? - запытаў Кастусь.
- Ха, ха, ха, - азваўся невядомы, - ничего, это так себе! - быў адказ.
- Скуль вы мяне ведаеце, па прозьвішчу? - запытаў ізноў Кастусь.
- Ничего, ничего, проходите. Это неважно, - рашуча й з пэўнай праявай злосьці адказаў гэты чалавек у кепцы.
- Выбачайце, - сказаў Кастусь і завярнуўся йсьці ў ранейшым кірунку. Доўга ён адчуваў зрок невядомага, аж пакуль ня вышаў з саду й не прамінуў колькі завулкаў да завароту. Яму ўсё здавалася, што чалавек назіркам нябачна сягае за ім і пранізвае ягоную сьпіну сваімі халодна-войстрымі вачмі, якія, здавалася, калолі да болю мясьціны іхнага дотыку да паверхні ягонага цела.
- І чаго яму патрэба было? - думаў ён у дарозе. - Спраўдзіць прозьвішча й маю асобу. Дык хіба гэта ён ня мог зрабіць лепш і больш таемна, не прыцягваючы мае ўвагі да факту асокі? Хацеў пераканацца, ці спалохаюся, дазнаўшыся, што асока нідзе й ніколі ня спушчае зь мяне свайго ўсёбачлівага вока? Ліха яго ведае...
Няпрыемны сам факт, незалежна ад канкрэтнае мэты, што за ім. І няхай сабе ў гэтым няма ніякае неспадзеўкі, - Кастусь ведаў пра сваю паднагляднасьць ужо даўно, - усё-ткі адчуваньне было гадкае. І хоць-жа ён устаў ісьці з намерам хутчэй прынесьці да хаты гэтую надзвычайную навіну пра вайну, аднак на нейкі час гэтае здарэньне зь невядомым, што гукнуў яго паводле прозьвішча, перабіла на нейкі час першыя ўражаньні ад гэтае навіны й навяло ізноў яго на цяжкія думкі аб бязвыхаднасьці й безнадзейнасьці ягонае долі ў таемна сплеценым павуціньні, што ўрэшце ізноў завалакло яго.
Маланкаю прарэзалі памяць успаміны пра выпадкі зь ім у навуковым Інстытуце, дзе ён усяго колькі месяцаў таму назад апынуўся ў цяжкім становішчы. От тады-ж мусіць і сталася гэта, што ён апынуўся ізноў пад наглядам. Пасьля перажытых гадоў выгнаньня хоць і асьцерагаўся Кастусь дзе-небудзь якое-небудзь вольнае, недазволенае слова вымавіць, але не ўсьцярогся. Дарма што зусім ненаўмысна й без аніякае злое волі.