прыгадаліся яму радкі Ўладзіміра Хадыкі. Начная цішыня і, дзіўна, гэтая стома толькі адвострылі памяць, і ён пачаў зусім лёгка, без натугі, успамінаць гэты забыты ім даўно верш, а вусны ўпаўголас, блізу шэптам, самі вымаўлялі даўно забытыя радок за радком.
Раптам... пачуўся нейкі нечаканы рух і стук на кухні, дзе спаў бацька, а за ім немы чалавечы голас...
- Немцы, немцы йдуць... - пачуліся прарэзьлівыя ў начной цішыні словы бацькі. - ...Немцы... усіх забяруць... пераб'юць... - крычэў ён якімсьці несваім голасам.
Кастусь рвануўся на кухню, за ім, усхапіўшыся ад крыку й перапалоху, сарвалася з ложка маці...
- Што зь ім? - выгукнула яна першыя словы. - ...Ратуй, Косьця!
Кастусь у момант улучыў сьвятло ў кухні й перад іхнымі вачыма паўстаў абраз:
Бацька напалову ўзьняўшыся, сядзеў ужо на сваёй пасьцелі, памалу прыходзячы да прытомнасьці. Маці ўхапілася за ягоныя плечы, пачала тузаць, прыгаворваючы:
- Даражэнькі, Ільлючок, што з табой? Схамяніся!
- Пакінь яго, мама, ён ужо адышоў, гэта спрасонку, нешта страшнае прысьнілася...
Бацька расплюшчыў вочы, паглядзеў на іх, схамянуўся, і зусім ціха, як-бы й не да іх:
- Ідзеце... Чаго вы, я спаць хачу...
Пры гэтых словах ён апусьціўся ізноў на падушку, нацягнуўшы на сябе збольшага сваю лёгкую коўдру, якой не пераставаў накрывацца цэлы год, дарма што гарачыня... Гэта было ўжо хіба ад прывычкі адчуваць нешта на сабе.
- Добра, татачка, сьпі, сьпі... Нічога ня здарылася, - дадаў ён у бок маці, каб тую канчаткова супакоіць. - Ідзі, мама, я вылучаю сьвятло.
Кухонны пакойчык ізноў напоўніўся моракам і неўзабаве пачулася дыханьне сьпячага бацькі. Маці вярнулася ў свой ложак, але яшчэ доўга было чуваць, як яна варочалася з боку на бок, падзяляючы ўзрушанасьць і неспакой са сваім сынам.
- Што гэта можа значыць? - доўга яшчэ быў азадачаны Кастусь у той вечар. - Прароцтва?.. Знакі зь неба?.. Звычайныя ўявы зблытаных вобразаў у сьненьні, выкліканым парным ад гарачыні вечарам? Але-ж гэтага не здаралася ніколі раней. Чаму менавіта цяпер, калі сапраўды ў паветры ўжо аж надта пахне порахам...
Доўга яшчэ таго вечара Кастусь ня мог заснуць, цяжкія думкі ішлі ў галаву. Урэшце, калі вочы пачалі міжвольна мружыцца, нейкія ўявы прыйшлі й да яго... Адылі хутка ўсё зьнікла ў нірване бяздоннае начное цемры.
Запанавала праўнае валадарства сну й запаланіла Кастуся ўсяго без астачы. Назаўтра ён ужо не памятаў, калі і як яго здолеў сон.
Ахоплены настроямі няпэўнасьці й цяжкіх прадчуваньняў, Кастусь вышаў з хаты нешта каля адзінаццатае гадзіны дня. Нішто, здавалася, у той дзень яшчэ не нагадвала пра нейкія зьмены ці падзеі. Нічым не зьмяніўся знадворны выгляд вуліцаў. Таксама зьвінелі трамваі, мякка езьдзілі па разьмякчэлым на сонцы асфальту аўтамабілі, адбіваючы на сваіх чорных глянцаватых бакох сонечныя бліскаўкі й будзячы ў простага працоўнага люду зайдрасьць.
Як і заўсёды, густы мнагагучны людзкі натоўп з тысячамі рознастайных маладых звонкіх галасоў напаўняў цэнтральныя - Савецкую, Ленінскую ды К.Маркса - вуліцы.
Здавалася, нічога яшчэ не парушала звычайнага настрою спакойнага часу. Як-бы ў унісон гэтаму, таксама як і ўва ўсе гэтыя дні чэрвенскае гарачыні, ужо зраньня дакучліва пякло сонца й залівала зыркай улеваю ўсё, што магло - стрэхі камяніцаў, асфальты й брукі вуліцаў, тоўстыя шыбы на магазынных вітрынах, зялёную павець сквэраў і, нарэшце, жывы натоўп, што рухаўся ў абодвы канцы вуліцаў з ранішняй няспыннай энэргіяй.
А калі хто хаваўся ад гэтае гарачае ўлевы й вару сонца пад ахову бульварных дрэў, ня доўга выседжваў на адным месцы аблюбаванае лаўкі. Сонца ў сваім бясконцым руху над зацененымі вяршалінамі спакваля перасоўвалася далей і незаўважна нядаўна асьветленыя й таму незанятыя мясьціны лавак зьнянацку рабіліся аб'ектам раптоўнага нападу яшчэ больш пагарачэлых, у меру набліжэньня да паўдня, бязьлітасных праменяў. Сонца бязупынна зганяла тых, хто заседзіўся доўга на адным месцы.
Цешыўся ў гэтае нядзельнае паўдня працоўны мянчанін. Нядзеля - найбагаславеньнейшы дзень сярод усіх дзён тыдня. І ня гэтак, каб дзеля традыцыйнае сьвяточнае хрысьціянскае нядзелі, пашану да якое ўжо цэлых два дзесяткі гадоў выбівалі, высмальвалі, вытручвалі ўсімі дзяржаўнымі сродкамі і ўрэшце ў моладзі такі выпятрыла, а ў старэйшых, у якіх яшчэ жыла памяць аб сьвяточных радасьцях і прасьветах, была загнаная ў глыбіню душы, дзе яна часам цеплілася глыбака ўнутры, як тое вугальле пад попелам, чакаючы адпаведнага часу для свайго выйсьця. Не, цяпер гэта быў проста дзень, вольны ад працы, калі па шасьцёх днёх маруднае, калі не цяжкое, абяздушанае працы ў дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах, шасьцёх дзён удаваньня зь сябе ляяльнага да ўлады чалавека, у абставінах нячуванае асокі, ён быў рады ўздыхнуць вальней і застацца з самым сабою. Моладзь, больш ласая на прынады места, ужо зраньня падалася на спартовыя забавы або стварыла ўжо зраньня чэргі на дзённыя кінапаказы. Моладзь не выглядала гэтак зьнявешчанай абставінамі атрутнае асокі. Узгадаваная сама ў дусе выкрываньня «ворагаў рэвалюцыі» ў розных піянерскіх аддзелах, не ўважала ды й ня бачыла чагосьці таго страшнага для чалавечае годнасьці, што так цяжка й непапраўна ўражала й нявечыла сьведамасьць старэйшага пакаленьня, што вырасла й было ўзгадована ў больш нармальныя часы ды было не пазбаўлена яшчэ здольнасьці параўноўваць і рабіць выснавы.
Праходзячы праз натоўп моладзі, Кастусь заўсёды пачуваў сябе асабліва самотным. Сам яшчэ нестары, ён куды лепш пачуваўся сярод старэйшых. Зь імі было аб чым пагаварыць, падзяліцца думкамі, было нават падобнае разуменьне рэчаіснасьці й спагада ў няпрыгляднасьці долі. Там ня зводзіліся сьляды культурнага спадкаемства й звычка самастойнага думаньня й абмеркаваньня. Зусім адменным і чужым выдаваўся яму гэты гарадзкі шумлівы натоўп падшпаркаў.
- Што ім наша родная нацыянальная культура? - думаў Кастусь, апынуўшыся сярод густога віру людзей. - Ці яны ведаюць што-небудзь пра нашых мастакоў, песьняроў, музыкаў, пісьменьнікаў, якіх гэткім барбарскім парадкам адабралі ад нашага народу ў пару іх творчага красаваньня й пассылалі на катаржнае гібеньне ў халодны Сібір, абледзянелую поўнач.
- Ці ім баліць сэрца за тое, што лепшыя сыны народу, мазгі й сэрца нашае нацыі, - сыстэматычна адрываліся ад абранага імі творчага шляху й сем'яў, ад сваіх дзяцей і жонак, братоў, сёстраў, бацькоў і родных ды кідаліся ў шахты дзяўбсьці каменьне ці цягаць тачкі, каб тым лягчэй ператварыць нацыю ў рабочы статак?
- Ці ведаюць яны аб зусім нядаўнім існаваньні Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, Аляксандра Цьвікевіча, Усевалада Ігнатоўскага, Уладзіміра Тэраўскага, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўкі, Міхася Зарэцкага, Уладзіміра Жылкі, Цішкі Гартнага, Флёрыяна Ждановіча й цэлае вялізнае плеяды тварцоў роднае культуры - ейнае красы й гонару, гэтак бязьлітасна вынішчаных? Ці чулі яны нават гэтыя імёны? О, не! Пэўна-ж не, хоць і не з свае віны, - думаў Кастусь. - Не даюць народу даведацца пра сваіх слаўных сынох, падмянілі іх фальшыўкай чужых яму «правадыроў».
Не вінавацячы самой моладзі ва ўсіх ейных грахох і заганах, Кастусь, аднак, балюча ўспрымаў факты й вынікі паўсюднае дэнацыяналізацыі й зрусыфікаваньня беларускае моладзі праз школу, друк, літаратуру ды розныя ўстановы. І як-бы ў знак пратэсту супраць гэтага вынарадаўленьня ягоныя вусны як заўсёды знаходзілі трапныя да выпадку радкі з Багдановічавае «Пагоні»:
Затым прыходзілі іншыя радкі, і памяць нарасьпеў, няголасна, зусім нячутна для пабочных людзей, высьпеўвала гэтак блізкія сэрцу матывы роднае паэзіі.
Душа заглыблялася ў стыхію прыгожага і ўзьлятала над шэрай будзённасьцяй навакольля. Гэтак заўсёды было зь ім. На хуткім цягніку, стоячы на пляцоўцы вагону, як-бы адказваючы ўзьнёслым натхненьнем на імклівы рух паравоза ў прасьцяг палёў і лясоў, яна сьпявала калі не радкі чыйгосьці вершу, дык нячутна складала свае собскія радкі, незапісваныя й не адбітыя друкам, непаўторныя вершаваныя радкі.
У палёх, калі ўлетку за горадам, ідучы сьцежкай сярод жытоў і васількоў, або паўз цьвітучай канюшыны зь ейным няспынным пад сонцам трэскам казельчыкаў-скакуноў, душа ягоная міжвольна адклікалася на няхітрыя зыкі прыроды й складала сваю песьню, якая тут-жа й забывалася, даючы месца іншай мэлёдыі.