— Здаецца, быў тут хтосьці чужы,— сказаў ён Аксане і Чэсю замест прывітання.— А ўсё на месцы...
— Ды кажу ж табе, я гэта быў,— азваўся Змітрок.— Учора, калі прыехаў з горада, шукаў вас, і ў будан залазіў.
— Ну, добра,— сказаў Міхал.— Уладкоўвайся, Аксана! Як табе тут падабаецца?
— Здорава! Проста цуд нейкі,— Аксана, праўда, была ў захапленні.— Аж не верыцца, што ты — на дрэве, высока над зямлёю... А колькі рознага дабра ў вас тут!.. Чайнік нават ёсць. Няўжо і гарбату тут грэеце?
— Навошта тут? Спускаемся ўніз, да ракі, там кастрышча, і галля сухога поўна,— адказаў Міхал.
Ён расклаў на каленях сшытак, дастаў аловак, прыняў важны, нават урачысты выгляд.
— Так, Чэсь, Аксана, давайце сюды талеры... Ну, вось. Цяпер ты зразумела, Аксана? Учора Чэсь зусім не квапіўся на тваю манету, у яго свая была, амаль такая ж на выгляд. Ён знайшоў яе на сваіх сотках, акурат на тым месцы, дзе магло быць першае пахаванне французскага афіцэра. Бачыш, якія падобныя?
— Праўда,— прашаптала Аксана.— Хлопчыкі, дык гэта ж значыць...
— Гэта значыць, скарб наш,— панура перабіў Чэсь.— Дастаем копію бяросты, ты просіш у архіве на час трэці талер — і ўсё.
— І ўсё! — не могучы стрымаць радасць, Аксана абняла ўсіх па чарзе.
Панурасць з Чэся як рукою зняло.
— Чаму ж вы ўчора ўвечары маўчалі? Трэба расказаць пра ўсё тату,— вырашыла Аксана,— ён параіць...
Усе ўтрох ускінуліся:
— Ну, зараз!
— Яны, дарослыя, сто гадоў шукалі, не знайшлі!
— Раскажам, а сюды наедзе розных экспедыцый, выкапаюць золата, а нам і дзякуй ніхто не скажа!
— Добра, добра,— пакорліва згадзілася дзяўчынка.— Я ж нічога... Калі вы ўсе супраць, давайце шукаць самі.
— Так,— сказаў Міхал,— я люблю ва ўсім парадак і яснасць... Давайце найперш запішам... пункт пяты, галоўны і асноўны: пошукі скарбу.
— А што за пункты? — зацікавілася Аксана.— І чаму пяты? А якія яшчэ чатыры?
— Так, драбяза...
Міхалу цяпер проста сорамна было за тыя чатыры «метады здабывання грошай». Асабліва за «пункт чацвёрты», які прыдумаў ён сам. Падумаць толькі, якое глупства — «пастарацца знайсці грошы на вуліцы»!..
— Аксана,— строга, каб прыхаваць няёмкасць, звярнуўся да дзяўчынкі Міхал.— Мы прынялі цябе ў кампанію. Цяпер ты ведаеш, дзе будан, можаш прыходзіць сюды ў любы час, калі захочаш, робішся, як і мы, поўнай гаспадыняю ўсяго тут. Дай слова, што будзеш маўчаць, як рыба. Ніхто — ні бацька, ні бабуля, ні самая блізкая сяброўка не павінны ведаць ні пра будан, ні пра скарб.
— Даю слова,— адразу ж лёгка згадзілася Аксана.
— Цябе гэта таксама тычыцца, маўчун ты наш.
Змітрок толькі махнуў рукою. Маўляў, што дарэмна апраўдвацца, усё адно не паверыце, што нічога ён Курту не казаў...
— Так, распісваем кожнаму заданні. Сёння — дваццаць пятага травеня. Я думаю, да канікулаў няма чаго рыпацца. Трэба спакойна давучыцца гэты тыдзень. Скарб, можна сказаць, у нас у руках, нікуды не дзенецца. Раней ці пазней яго выкапаем — не так важна.
Чэсь прапанаваў:
— Міхал, можа, адразу падумаем, як будзем дзяліць?
— Вядома, пароўну! — сказала Аксана.— І яшчэ Каці.
— Якой Каці?!