— Вы, можа, не ведаеце, што наш помнік на пагорку каля Бярэзіны,— паказаў бацька дубчыкам сабе за спіну,— проста сімвал. Гэта проста знак памяці салдатам усіх войнаў, якія закранулі нашу мясціну: напалеонаўскай 1812 года, Першай сусветнай, грамадзянскай, Другой сусветнай... А непасрэдна захаванні былі, вядома, у самых розных месцах. Напрыклад, першае захаванне, яшчэ з часоў адступлення французскага войска, было куды далей ад ракі — прыблізна там, дзе цяпер Чэсевы соткі, а можа, і яшчэ вышэй, вось тут, дзе мы сядзім.
Чэсь уздрыгнуў. Самыя неверагодныя здагадкі кружылі яму галаву. Ён слухаў, забываючы адмахвацца ад машкарэчы, лавіў кожнае слова. У кішэні ён сціскаў знойдзены на сваіх сотках талер.
— Тады як хавалі? — няспешна распавядаў далей бацька.— Часта ўсіх разам — рускіх і французаў, чырвоных і белых, савецкіх воінаў і гітлераўцаў — усіх у адным месцы, ставілі адзін крыж на магіле. Усе людзі, кожнаму страшна паміраць, кожнага дзесьці ў Разані, ці ў Мазыры, ці ў Парыжы хтосьці чакае, моліцца, каб абмінула блізкага чалавека бяда... І вось якая выходзіць цікавая гісторыя. Неўзабаве пасля канца вайны з Напалеонам цар выдае два ўказы, у якіх цывільныя ўлады абавязваюцца збіраць кінутую непрыяцелем амуніцыю, зброю і іншыя трафеі. Усё гэта не бясплатна. Напрыклад, гармата каштавала аж пяцьдзесят рублёў, ружжо — пяць, халодная зброя — шаблі, цесакі — трохі танней... Сабраць амуніцыю было, вядома, куды больш складана — сяляне яшчэ раней парасцягвалі. І доўга пасля вайны беларускія сяляне францілі ў ботах і ў галаўных уборах усіх еўрапейскіх армій, якія ўваходзілі ў склад Вялікай напалеонаўскай арміі. У вёсках на шляхах адступлення, гэта значыць і ў нашых Паплавах, доўга не куплялі жалеза, з шабляў і палашоў мясцовыя кавалі рабілі нажы і сярпы, з кірасаў — патэльні, конаўкі... Гузікі, на якіх часта былі выгравіраваны нумары палкоў, і праз сто гадоў пасля французскага нашэсця ўпрыгожвалі світкі і кажухі беларусаў.
Шукаючы трафеі, заадно раскопвалі старыя, спехам зробленыя магілы, перазахоўвалі іх — ужо ў іншых месцах, урачыста, з пашанаю, малебнам... Прысутнічалі і мясцовыя ўлады. Так была раскапана магіла ў Паплавах. У магіле знайшлі астанкі трох рускіх салдат і французскага афіцэра. Сведкі з мясцовых сялян паказалі: сапраўды, увосень 1812 года каля самай вёскі, на ўзлеску, натыкнуліся на «пранцуза», параненага, абмерзлага, непрытомнага, абвязанага жаночай хусткаю, у нейкіх лахманах зверху падранага ўшчэнт мундзіра... «Пранцуза» занеслі ў бліжэйшую хату, спрабавалі выхаяць, але марна. Паранены нават не варушыўся, дужа шмат страціў крыві на марозе. Уночы ў Паплавы падышоў абоз рускіх. На лафеце везлі трох мёртвых салдат. За ноч ціха, не прамовіўшы ні слова, сканаў і француз. Ледзь золак, абоз крануўся далей, пакінуўшы сваіх нябожчыкаў, і мясцовыя сяляне пахавалі іх разам з французам.
І вось пасля вайны, пры раскопцы той магілы, знаходзяць медную пазелянелую пласцінку, на якой ледзьледзь можна разабраць: «АnrіВ...n іпgепіr...», два талеры іспанскага чакану, а таксама кавалак звычайнай бяросты, у якую талеры былі ўкручаны. Бяроста хоць і змянілася ад часу, пацямнела, патрэскалася, але захавалася яшчэ даволі добра. На ёй можна было разабраць нейкія лініі, зробленыя рукой чалавека. Але галоўнае, зза чаго потым усё і закруцілася — гэта разборлівыя, глыбока выразаныя нажом лацінскія літары: «СLAD...» — «КЛАД». І зверху над словам — маленькі крыжык.
Раздзел 17. УСЁ СЫХОДЗІЦЦА!
— Чаму ж сяляне не забралі гэтыя рэчы? — усклікнуў Чэсь, аблізваючы ад хвалявання вусны.— Яшчэ тады, калі падабралі гэтага француза параненага?
— У такога небаракі? — Аксана пацепнула плячыма, ці то ад вечаровага холаду, ці ад жалю да француза.
— Сапраўды, чалавек у такіх лахманах — што каштоўнага пры ім можа быць,— пацвердзіў бацька.— Відаць, проста ў голаву не прыйшло абщукваць бедака. А можа, пасаромеліся абшукваць, усё ж канае чалавек.
— А пры перазахаванні? — умяшаўся Міхал.— Вось калі раскапалі магілу, няўжо ніхто не паквапіўся на манеты?
— Сяляне мо і паквапіліся б, усё ж срэбра. Але на радасць ці на гора пазнейшых шукальнікаў скарба пры раскопцы аказаўся чыноўнік з мясцовага аддзялення паліцыі, нейкі Панятоўскі, верны слуга цару і Айчыне... Ён, вядома, не мог дапусціць, каб нават крышка «дабра расійскага» абмінула дзяржаўную казну. Дзве манеты, медная пласцінка, бяроста, нават пара ацалелых гузікаў з мундзіра былі спраўна ўпакаваныя і разам з падрабязным вопісам — пры якіх умовах і дзе ўсё гэта было знойдзена — адпраўлены ў СанктПецярбург...
Бацька падклаў у куродым кавалак кары, падзьмухаў, каб той разгарэўся і задыміў. Было ўжо цёмна, толькі вокны ў хатах свяціліся, нібы арыенціры, пазначалі вуліцу. Бацька зняў пінжак і накінуў на плечы Аксане.
— Далей, тата! — нецярпліва папрасіла дзяўчынка.
— Ну, а далей і раскруцілася карусель... Бяроста сваімі трэшчынкамілініямі нагадвала тапаграфічную карту, потым — магічнае слова «КЛАД», крыжык... Француз быў інжынер — значыць, разбіраўся ў тапаграфіі і мог пазначыць на бяросце нейкі геаграфічны маршрут. Разглядалі, вывучалі бяросту і так, і сяк — нічога не атрымліваецца. Для тапаграфічнай карты на бяросце не пазначаны арыенцірыпрывязкі да пэўнай мясцовасці — якоясьці дрэва, рака, камень. Для звычайнай карты не пазначана, дзе поўнач, дзе поўдзень — словам, круці гэтую бяросту, як хочаш. Пачалі меркаваць, ці не ў манетах ключ да разгадкі гэтай «карты»? Сапраўды, рубцы манет былі скрамсаны нажом; несумненна, яны неяк звязаны з бяростаю. Пачалі ўжо круціць манеты, і тым і іншым бокам прыкладаць да бяросты... той жа вынік! Нічога не зразумела, нічога не выходзіць. Тады ўзяліся за гузікі, на якіх быў выгравіраваны нумар палка, і раптам супала, што гэта той самы полк, куды паступіў на службу беларускі шляхціц Трушка, і манеты — тыя самыя, з яго родавай калекцыі...
— Але ж манет было восем! — Аксана хуценька падлічыла:— Пяць знайшлі на месцы фальварка, дзве — у афіцэра, а дзе яшчэ адна?
— Акурат у цэль,— пахваліў бацька.— У тым і справа, што ў французскага афіцэра было не дзве, а ўсе тры манеты. Як яны да яго трапілі — невядома, але факт фактам. І шыфраваў ён сваю «карту» — бяросту таксама пры дапамозе ўсіх трох талераў. Адпаведна, такім жа чынам гэтая «карта» і павінна разгадвацца. Гэта як гульня ў кубікі: аднаго не хапае — і слова ніяк не складзеш.
— І... не знайшлі? — Чэсь праглынуў сліну.— Трэцюю манету?
— Не. Хоць шукалі яе не адзін год, перакапалі тут усё наваколле, апытвалі тутэйшы люд... Неаднойчы раскопвалі і саму магілу — патаемна, уночы. А француз, нібы помсцячы за свае пакуты на гэтым свеце, з таго свету пацвельваўся з жывых: «Шукайце, шукайце! Во загадаў вам загадку!» Яшчэ да рэвалюцыі аб'явілі немалую ўзнагароду таму, хто знойдзе і перадасць уладам гэты трэці талер. Тады ж і з'явіліся манетыпадробкі. Праўда, іх лёгка было «раскусіць»: фальшываманетчыкі не маглі ведаць, што на сапраўдных талерах — зробленыя нажом насечкі на рубцах. Дарэчы, Аксанін талер, хутчэй за ўсё, акурат і ёсць адна з тых дарэвалюцыйных падробак.
— Не можа быць! — пакрыўдзілася за сяброўку Аксана.— Кацін тата не стаў бы трымаць у сябе несапраўдную манету.
— Магчыма. Ну, вось такая гісторыя,— нечакана закончыў бацька.— Сцямнела зусім, і мошкі нас загрызлі, і куродым наш патух.
— Гэта ўсё?! — у адзін голас усклікнулі Чэсь з Міхалам.
— Вось так заўсёды! — Аксана ад крыўды аж пасунулася ад бацькі на край лавачкі.— Трэці раз бярэшся расказваць, і ўсё нешта перашкаджае!
Бацька здзівіўся:
— Гэта, праўда, усё, што я ведаю.
— Не ўсё, мы і таго не ведаем! — запярэчыла Аксана.
— Дык пытайцеся, я паспрабую адказаць.
Чэсь з Міхалам пачалі перашэптвацца.
— Скажыце, а дзе цяпер тыя дзве манеты і бяроста? — раптам спытаў Змітрок.
Бацька засмяяўся:
— А, вунь яно што! Самі, значыць, вырашылі паспрабаваць? Што ж, паспрабуйце... Толькі ведайце — будзе вам няпроста, таму напярод рыхтуйце сябе да магчымых горычы і расчараванняў...