— Лепш навучы, парай, што нам найперш рабіць? — сказала Аксана.
— Найперш, калі прыедзеш у Мінск, даведайся ў Кацінага таты, адкуль у яго гэты талер, ці не фальшывы ён. Потым: у вас, у Паплавах, у школьным краязнаўчым кутку, наколькі мне вядома, павінна быць копія бяросты...
— У нас? Тут? — аж не паверыў Міхал.
— У вас або ў гарадскім краязнаўчым музеі. Там усе супрацоўнікі ведаюць пра гэтую гісторыю.
— А манеты?
— Павінны быць і копіі манет. Справа ў тым, што перад вайною з Ленінграда ў наш Мінскі архіўны музей былі перададзены гэтыя два талеры і дакладная копія бяросты — ад самой бяросты, вядома, ужо нічога не засталося. А з Мінску копіі рассылаліся ва ўсе краязнаўчыя музеі, якія рабілі запытанні.
— Няўжо так проста ўсё? — уразіўся Чэсь.
— Калі было б проста, гэтую тайну даўно раскрылі б,— заўважыў бацька,— а так з кожным годам, з кожным дзесяцігоддзем усё круціцца, нібы кола: не хапае самага галоўнага — трэцяй манеты. Дзе згубіў ці схаваў яе паранены француз — хто ведае...
«Я ведаю! Яна ў мяне ў кішэні!» — ледзь не ўскрыкнуў Чэсь. Падчас усяго вечара яму карцела прызнацца ў гэтым, пахваліцца сваёй знаходкаю. Але штораз ён адчуваў на сваім локці цвёрды, рашучы поціск Міхалавай рукі. «Маўчы!» — азначаў гэты поціск.
— У крайнім выпадку,— працягваў бацька,— калі вас напаткае няўдача ў школьным або краязнаўчым музеі, магу параіць вам вось што. Я ўжо расказаў Аксане — загадчыкам у Мінскім архіўным музеі працуе знаёмы Аксанінага настаўніка гісторыі, Барыса Рыгоравіча. Я магу пазваніць яму ці напісаць запіску, Аксану пусцяць у архіўны музей, яна паглядзіць усё на свае вочы і выпіша, што трэба.
— А ці маглі б мне на час даць гэтыя манеты? — спытала Аксана.
. — Калі толькі на месцы, у архіве, пад наглядам загадчыка... Ага, і яшчэ! — схапіўся бацька.— Я забыў сказаць вам, што сапраўдны талер застаўся толькі адзін — другі знік у час вайны, засталася толькі копія.
— Як... знік?!
— Так, вельмі проста. Ці мала што знікала з нашых музеяў і ў часы акупацыі, і пасля акупацыі... Вось бачыце,— заключыў бацька,— якія перашкоды вас чакаюць? Калі нават дапусціць самае неверагоднае: што ў Аксаны сапраўдны талер, другі — у архіве — усё адно не хапае трэцяга.
Чэсь з Міхалам ледзь стрымліваліся, каб зараз жа не заспяваць, не закрычаць, не затанцаваць ад радасці.
Цяпер яны ведалі ўсё.
Раздзел 18. «КАЗАЧКІ»
Раптам хтосьці кашлянуў у цемры, тады пачуўся голас:
— Казачкі расказваеце, Іванавіч?
Аксана ад нечаканасці міжволі ўскрыкнула. Хлопцы паўскоквалі на ногі.
Ад плота аддзялілася постаць, ступіла бліжэй. Усе, пазнаўшы, уздыхнулі з палёгкаю. Гэта быў дзед Макар. Як ён умудрыўся так ціха падысці, што ніхто не пачуў? І колькі часу стаяў так, маўчком, слухаючы? Навошта яму гэта?
— Што ж вы дзяцей спалохалі,— незадаволена сказаў бацька.
— Дзяцей? Гэта добрыя дзеці...
Дзед Макар пакасіўся на хлопцаў. Відаць, яму хацелася расказаць пра ўкрадзены «тэлевізар». Але прамаўчаў. Прысеў на кукішкі, адшукаў у патухлым куродыме кавалачак кары, доўга дзьмухаў на яе. Дабіўсятакі іскрынкі, прыкурыў. У агеньчыку цыгарэты на міг дзіўна бліснулі яго глыбокія вочы.
Аксана прытулілася да бацькі.
— Чуў я,— прамовіў дзед, пыхкаючы дымам таннай цыгарэты.— Казачкі ўсё гэта... Нашто тлуміць малым галаву? Хай бы лепш работу якую рабілі, бацькам памагалі... Карысць была б, і не цягаліся б абыдзе.
— Казачкі? — перапытаў бацька.— Вось такі ж хлопчык, як гэтыя, зпад Барысава, неяк заўважыў птушку, якая насіла ў сваё гняздо штосьці бліскучае. У гняздзе аказалася груда манет шаснаццатага стагоддзя — прускіх, польскіх і расійскіх. Другі такі ж хлопчык — з Наваградчыны — выпадкова капнуў зямлю палкаю і натыкнуўся на скарб польскалітоўскіх манет семнаццатага стагоддзя. Вось вам і казачкі.
— Дык і ў нас капаюць, бы краты,— а што толку? Адно, не даюць зямельцы спакою... Вось яна і радзіць перастае, зямелька наша.
— Што вы, дзед Макарі — запярэчыла Аксана.— Наадварот! Зямлі чужога не трэба, яна выштурхоўвае з сябе розныя камяні, жалеза... Праўда ж, тата?
Але бацьку, відаць, не дужа хацелася ўступаць у палеміку з няпрошаным госцем. Ён неахвотна пацвердзіў: