XXІV
Яна прызналася, што аднаго разу, вярнуўшыся ў Менск з другой паездкі ў Братыславу, села ў скверы сярод латкоў з карцінамі, матрошкамі і іншымі такога роду шадэўрамі мастацтва. Піла піва з бутэлькі, бяздумна ўглядваючыся ў прастору перад сабою. Было позняе папалудне. Адчула на сабе доўгі ліпкі позірк мужчыны, які сядзеў на лаўцы з дзяўчынай. У дзяўчыны кідкі макіяж, яна прамянілася прадажным сексам, была ў кароткай спаднічцы і спакушала выстаўленымі на публічны агляд зграбнымі нагамі.
Мужчына запаліў папяросу, не спускаючы драпежна-прагнага позірку. Спачатку яна падумала была, што гэта звычайная цікаўнасць. Пасля змеціла той двухсэнсоўны сальны лоск на твары, якім мужчына надзіць і заахвочвае да скоку ў невядомае.
Далей яна расказала, што мінула больш дзесяці хвілін і мужчына падышоў да яе, загаворваючы пра ўсё, пра што можна загаварыць у скверы сярод карцін, пахаджалых турыстаў і запыленай зеляніны. Па хвіліннай размове яна ўжо адчула сябе як у памяшканні з замкнутымі дзвярмі. Паспрабавала выбрацца, хоць з цяжка хаванай абыякавасцю кідала фразы на тэму сваіх выдуманых штодзённых заняткаў. Нібы хацела спадабацца мужчыну сваёй бескампраміснай пазіцыяй. Праз паўгадзіны да іх падышла вышмінкаваная паненка на высокіх абцасах і з нудою на твары. Толькі тады яна дацяла сваю наіўнасць і што на ўме таму тыпажу. Адразу ўбарохталася ў правакацыю, якую спачатку трактавала, як пацешную забаву. Прапанова працы па тэлефоне. Ён абсыпаў яе кампліментамі і бажыўся, што выбіраць сабе кліентаў яна будзе сама. Яна настолькі ладная і прывабная, што не абавязана кідацца на любую прынаду. Грошы тут жывыя, халяўныя, а за апеку ён бярэ толькі палавіну. Яно зусім нязгорш як на менскія расцэнкі, калі сутэнёры здзіраюць з дзяўчат большую долю ўтаргоўкі.
Пасля гэтай размовы яна нават не адчувала абрыдлівасці да сябе. У галаве шумела выпітая бутэлька піва. Узяла нумар яго мабільніка і, удаючы свой поўны спакой, пайшла ўбок бліжэйшай станцыі метро. Дома адразу нырнула ў сямейны спакой перад тэлевізарам і ў пустыя размовы пра нішто.
Менавіта тады яна і наважылася напісаць цыкл нарысаў, у якіх менскія дзяўчаты спавядаюцца ў тонкасцях сваёй вулічнай працы (і не толькі). Артыкулы прынеслі ёй розгалас, некаторыя газеты давалі даволі добрыя, як на Менск, сумы за большыя тэксты ў суботне-нядзельныя выпускі.
Муж быў вельмі незадаволены гэтым. Кпіў, што з такой журналістыкай адкрытая дарога ў бульварныя рубрыкі. Пасля адной такой вострай размовы яна ўзяла купленыя незадоўга да таго ролікавыя канькі і, заплёўшы валасы ў дзве школьныя касіцы, выскачыла з кватэры і правяла рэшту дня ў размашыстым раз'язджанні па навакольнай асфальтавай арэне, як істая наццатка.
XXV
Заінтрыгаваная яе расказам пра адпад у сваю змрочнасць і адначасова ў адкрытасць свету розуму з такой самай сілай, як бы тое заходзілася пра агульнапрынятае спазнанне хараства прыроды, я пачала распытвацца, як яна спраўляецца са страхам перад светам, які так брутальна адлучае нас ад нашых жаданняў, называючы іх злом і грэхам. Тады яна зацытавала мне фрагменты з кніг Генры Мілера. Сутыкнулася яна з імі некалькі гадоў таму назад у добрым расейскім перакладзе. І тады ёй раптам здалося, што цярпенні гэтага чалавека падсумавалі ўсе ранейшыя змаганні чалавецтва з двузначнасцю душы. Больш за тое, ўсё, што датуль здавалася хвалюючым і правакацыйным неспаўненнем, раптам абярнулася простай праўдай, дзіцячай забаўкай, казкай ці байкай на дабранач.
Яна пазбылася страху. Набралася ўпэўненасці ў сябе. Дзіўна. Але, бадай, магчыма, бо такі яна не павінна была ашукваць мяне, прыкідвацца і напускаць на сябе. Я па-ранейшаму білася са сваімі мяшчанскімі звычкамі да ўдаванага сораму альбо страху.
Аднаго вечара мы сядзелі ў яе ў кватэры, і яна зноў вярнулася да пытання, як пісала артыкулы пра менскіх прастытутак. Тады яна прапанавала мне прайсціся па горадзе.
Мы выйшлі з цёмнай брамы яе дома. Скіраваліся ў бок праспекта Машэрава, дзе на шырачэзным тратуары сярод кветнікаў падсветленыя рэкламы прэзерватываў асцерагаюць пра небяспеку СНІД'у і венерычных хваробаў. Было ўжо добра па дзесятай, і на тратуары сям-там кучкаваліся дзяўчаты, прабаўляючы час ціхімі размовамі і цыгарэтамі. Штохвіліны пад'язджалі машыны, з якіх высоўваліся мужчынскія галовы, дамаўляючыся і абгаворваючы ўмовы і стаўкі. Дзяўчаты нетаропка, спакойна, ва ўстаноўленым, відаць, паміж сабою парадку знікалі ў машынах і раз'язджаліся па невядомых аб'ектах.
Гэта страшна небяспечна. Яна, запабягаючы маё пытанне, пачала расказваць, што дзяўчаты найбольш баяцца сітуацый, калі за адным альбо двума аматарамі платнага сексу ў памяшканні з'яўляецца цэлая шобла, якую трэба ўсю, па чарзе, абслужыць. Найбольш жорсткія і крутыя прыбыльцы з поўдня, розныя там чачэнцы ці іншыя мусульмане. Шкодай вялікай, можа, і не пакрыўдзяць, але за такі харавы секс плацяць толькі адну голую стаўку - наогул, гэта 20-50 даляраў.
Пад'язджае міліцэйскі патруль. Дзяўчаты ў такім выпадку хаваюцца ў кавярні альбо стаяць каля ўваходу ў кінатэатр. На ўсялякі раз мы таксама праходзім далей. Тады адна з іх пазнае маю таварышку. Прадстаўляецца. Завуць яе Света, яна вывучае журналістыку ў тутэйшым універсітэце. Успамінае іх папярэднюю леташнюю сустрэчу і загаворвае. Артыкул ёй спадабаўся, але крыху завостры. Яна пачынае бараніцца, што, бач, яна не сацыяльная работніца, што ёй да дупы, якога выбару трымаюцца дзяўчаты. Кожны мае права на тое, што яму пасуе і не шкодзіць іншым. Света дастае пачак цыгарэт і частуе нас. Пачынае наракаць, што калі б не даўгі, дык бы і не заводзілася, не цацкалася б з усім гэтым. Сама яна з-пад Магілева і не хоча вяртацца ў нэндзу сваіх бацькоў. Не мае ніякай талані на крутую кар'еру, не хапае блату, і таму яна рашыла крыху пасобіць сама свайму лёсу. І ўвесь час дэманстрацыйна гаворыць па-беларуску. Калі я пытаюся ў яе, ці мае час на вучобу пасля такой жылавымотлівай начной працы, яна з усмешкай адказвае, што ніколі не мела ніякага клопату з навукай. Веды прыходзяць ёй спора, апрача таго сама папісвае і шмат чытае. Як бы ў доказ таго пачынае чытаць свой новы верш - па-беларуску. Пасля расчаравана разважае пра няўдачлівасць мужчынскай палітычнай эліты. Прапускаючы палітыкаў, даходзіць да высновы, што ў ложку самыя лепшыя - іншаземцы, мабыць, хацела зрабіць мне прыемнае, здагадаўшыся, што я полька, і расказала пра некалькіх палякаў, якія мала што добра плацяць, кормяць і пояць, дык яшчэ пад канец патрафляюць і ў ручку збусяць. Ніколі не таргуюцца, заўсёды дадуць які-небудзь прэзент і завязуць дамоў. Крышку шакіруе, што занадта педантычныя. Адзін, напрыклад, кожнага разу надзявае два прэзерватывы. А яна ж рэгулярна наведвае гінеколагаў і не дазволіла б сабе пайсці з кліентам, калі б што-небудзь падчапіла.
Вяртаемся дамоў. На цёмнай лесвічнай пляцоўцы таўкуцца госці інтымнага агенцтва.
Увайшоўшы ў пакой, яна прапануе мне гарбаты. Здымаю боты. Сядаю, падкурчыўшы ногі, на тапчан і бяру з палічкі адзін з нашых агульных камянёў. Гладжу пальцамі шорсткую і халодную паверхню.
XXVI
Тое ж бо яе захапленне Генры Мілерам... Нават тэкст, здавалася б яе ўласны, - бачу, што паявіўся пасля чытання шмат якіх мілераўскіх фантазій і душаразладных споведзяў.
Цяпер хочаш па-просту апраўдаць гэту любоў, надаць ёй хоць бы цень сэнсу і, вядома ж, падпарадкаваць яе сваёй волі. У Тваім унармаваным свеце - планаў, мараў, прадугледжаных і непрадбачаных спатканняў - тая любоў з'яўляецца так неспакойна і застае Цябе знянацку. І ты мусіш, альбо папросту лічыш, што мусіш, яе цугляць. А тым часам яна вырываецца. Бо прыйшла без Тваёй волі. Жыве і цешыцца жыццём. Сама ў сабе. У Тваім целе і душы і робіць з Табою, што хоча. Як дэман з малітвы заклінача д'ябла. На самым пачатку Ты бавілася ёю - было цікава і цікаўна, але што паробіш з ёю цяпер, калі яна будзе развівацца далей? Сваім бездакорным заходнім розумам задаеш пытанні. І сама ўпадаеш у нерат розуму, які вышэй за Цябе. Ці ўтрымаеш яе пры жыцці? Што за неадпаведнасць. Ты ж бо яе не корміш, яна жыве і даводзіць Табе, што так яно й след. Насуперак той д'ябальскай і людской логіцы. Баішся і ведаеш, што калі яна разальецца, будзе Табе вой як блага, выглядацьмеш чыстай ідыёткай, подлай... Таму якраз у глыбіні душы ты і маеш надзею, што неяк усё абыдзецца, і любоў твая мінецца.
Застаешся з ёю вызваленая і застаюцца з Табою прызнанні, жалі, прэтэнзіі, скугла, просьбы пра спачуванне і мальбоны за дапамогу.
Мой спеў у гэтую хвіліну шэлега не варты. Які б ён ні быў той верш, тая песня, якая б ні была музыка і патэтычная псальма. На нішто ўсе мае намогі. Мала таго, навокал іншыя сваімі песнямі, сваімі вершамі памнажаюць багацці вопыту. І бачу, як нямы глядач: у скрусе перад Усявышнім і ўсведамляючы, што ў сваёй слабасці не патрапляю дараўнацца хоць бы з найменшай страфой Ягонага прарока, запісанай у псальмах. Узбагачаць іншых, чытаючы ўсю эпоху, змешчаную ў змаганнях з ворагамі нейкага караля ці князя з пракаветнай гісторыі Ізраіля.
... Хто можа падкапаць, знішчыць веру? Хто можа абваліць радасць? Многія спрабавалі зрабіць гэта ў розны час, але нічога ў іх з таго не выйшла. Радасць і вера - гэта іманентныя рысы Сусвету. Хоць у працэсе ўзрастання заўсёды спадарожнічаюць боль і барацьба. Спаўненне - гэта радасць і поўніца шчасця. У канцы - супакаенне. Паміж палосамі і сферамі быту, паміж зямным і незямным існуюць краты і прыступкі. Хто ўспаўзае па іх угору, той спявае. Упадае ў п'яны транс, стан даброці і даходзіць да захаплення перад расхінутымі перад ім даляглядамі. Падымаецца, не думаючы, што з ім зробіцца, калі пакаўзнецца і ўпадзе; думае пра тое, што ўсё перад ім! Думае пра тое, што ўсё перад ім! Дарога ў бясконцасць - а чым далей памкнешся, тым даўжэйшай робіцца. Балоты, багны, дрыгвянішчы, віры, прорвы і пасткі - усё перад табою. Памятай пра іх, яны чакаюць, яны цябе паглынуць у тую самую хвіліну, як толькі ты на момант прыпынішся. Свет ілюзій - гэта яшчэ не да канца ўпакораны свет. Гэта заўсёды свет прыйшласці, будучы свет, а не таго, што сышло ў нівеч. Ісці наперад, абапіраючыся на мінулае - гэта валачы на нагах цяжкія нявольніцкія гіры. А хто прыкаваны да мінуўшчыны, той змушае сябе перажыць яе наноў. Прашу Цябе, не бойся. Пан Бог дасць Табе сілу, каб ацугляць Тваю слабасць. Тваё цела, дадзенае толькі на момант, ён жа зрабіў яго прыладай спаўнення ў гісторыі любові. Ён, укрываючыся ў рэчах і з'явах, гаворыць нам, пераконваючы, што так сапраўды няма ЯГО! Ёсць толькі любоў. Благая і добрая. Любоў чалавека да чалавека. Сярод багнішчаў, тоняў, пахмурных і непамысных прастораў.
Усе мы вінаватыя, усе мы злачынцы, вінаватыя ў вялікім злачынстве. Пражываем жыццё без жадання жыць, але патэнцыйна мы ўсе свабодныя і можам перастаць мысліць пра тое, што ў нас не атрымалася. І таму ўсё ў нас выйдзе, усё нам удасца, на што мы здольныя, што патрафім. Ніхто не можа ўявіць сабе, якія гэта сілы ў нашых руках. Не можам уявіць сабе, што яны бязмежныя. Уяўленне - гэта пакліканне, якое нам робяць, і мы ўспасобімся стаць перад ім наўпрост насуперак агульнаму перакнанню, што нам не ўдасца. Калі ёсць нешта боскае ў Богу, дык гэта менавіта такое пакліканне і здольнасць стаць перад ім наўпрост.
XXVІІ
Гартаючы старонкі часопіса «ARCHE», я знайшла апавяданне Адама Глобуса. Дзіўнае стварэнне гэты Глобус. Пераспаў з дзяўчынай. Вядомай, зрэшты, журналісткай, і тут жа распінаецца пра свае досведы.
Патэлефанавала Ёй, поўная ўскіпелага ўва мне абурэння, і мы сцяліся ў спрэчцы пра межы інтымнасці ў літаратуры. Несумненна, мы перш за ўсё пішам пра тое, што з намі здарылася. Дзелімся сваім светам, але ж ёсць крэсы прыстойнасці. Пісьменнік, нават найбольш нявінны і дурны, альбо той, які толькі што пачынае змагацца з сабою і сваёй даросласцю, не павінен апускацца да ўзроўню рэпарцёрскіх прыёмаў бульварнай газеткі. Віжаванне, вядома ж, мае сваю неадольную панаду, але тут нешта горшае за анахранічна зразуметую здраду. Гэта так, як калі ў школе хлопчыкі-падлеткі дзеля забавы задзіраюць дзяўчаткам спадніцу, лапаюць іх у цёмным калідоры альбо дзеля смеху натыкаюцца на дзяўчат, якія праходзяць міма.
Ён не павінен у такіх дэталях і з такой дакладнасцю паказваць пальцам, што пераспаў з гэтай во дзяўчынай, і ацэньваць альбо заахвочваць да ацэнкі чытача.
Яна ж згаджаецца са мною толькі ў адным. Што не павінен апісваць аж так дэталёва. Бо то ж ці мала катораму з нас наўме ў сваім расхрыстаным эратычным жыцці мець многіх. З часам, каб падкрэсліць сваю вагу, мы даём вокам знак усім навокал, што сапраўды і мы з тым таксама, так, пераспалі. І робім гэта толькі дзеля таго, каб падвысіць цікаўнасць да сваёй асобы.
Яна сказала мне таксама, што нядаўна бачылася з Уладам, які з прыкрасцю зазначыў, што смеху варта не тое, што Адам Глобус апісаў у «ARCHE» сваю сувязь з вядомай журналісткай так падрабязна. Смешна тое, што на месцы Глобуса гэтай дзяўчыне ён, Улад, не прысвяціў бы і палавіны сказа ў газеце. Глобус папросту зрэагаваў на сваё паражэнне і не так папомсціўся журналістцы, як пацвердзіў толькі факт пераспання з ёю. Нібы такі быў фармальны эксперымент. А яна проста нікудышняя. Улад успомніў, як яны кахаліся пасля аднаго вечаровага прыёму ў яе на кватэры. Не прайшло і дзесяці мінут, як дзяўчыне ўжо было досыць. Улад з грымасай на вуснах, як сказаў з церпкім успамінам, яшчэ толькі-толькі раскручваўся. А яна тым часам ужо кінула яму ў твар - ах, ты такі ненасытны. Якая прымітыўнасць! - абураўся Ўлад. Халодная і недаразвітая. Некалькі мінут сексу. І гэта мне называецца інтэлігенцыя?!
Так, я магла б і згадзіцца з ёю, калі б не ведала Ўлада...