Як на доказ гэтага настрою - перад маімі вачыма на суседняй пад'езнай да праваслаўнага кафедральнага сабора вулачцы тры тоўстыя кабеты ў апельсінавага колеру камізэлях шчыруюць над цыраваннем выбоінаў у асфальце. Стаяць з шуфлямі за апушчаным бартом грузавіка, з якога сплывае асфальт. Кабеты раскідаюць аблепленымі шуфлямі чорныя кавалкі гарачай масы ў дзіркі. Побач абаперты аб ліхтарны слуп мужчына таксама ў камізэлі. Рукі глыбока ў кішэнях штаноў з разношанымі каленямі. Прыглядваецца да кабет, кідае ім нейкія заўвагі і час ад часу паказвае далоняй месца, куды трэба падсыпаць, дзе падраўняць, паправіць. Калі гара скінутага з грузавіка асфальту знікае ў дзірках дарогі, мужчына з-пад ліхтара ўскоквае ў кабіну катка, які стаіць побач. Над дашкам машыны пыхкае хмара дыму. Каток ушчыльнае стынучы асфальт. Кабеты перамяшчаюцца метраў на дваццаць далей, куды пад'язджае чаговы грузавік з чарговай порцыяй гарачай чорнай масы.
Нешта мяне ўнутрана раздражняла. Усе карціны са струджанымі і «вызваленымі» жанчынамі, якіх удосыць нагледзелася ў Менску, я датуль прымала абыякава. Жанчыны - вадзіцелькі трамваяў і тралейбусаў. Магутныя матроны на шпацыры з мужчынамі-карантышамі.
Мужчыны - гэта худыя зарослыя здыхлякі з перапалоханымі вачыма, якія вечарамі ў пасцелі гінуць у фалдах тлушчу сваіх заможных матронаў. Яны здатныя на ўсё. Размашыста тынкуюць фасад камяніцы на вачах у людзей, ускокваюць на дах тралейбуса, каб сцягнуць вяроўкай пантограф і ступаюць у шкарпэтах па гарачым бляшаным даху. Раззяўленыя вусны пасажыраў уцягваюць рэшткі паветра ў перапоўненай нутробе машыны. Бязвольна чакаюць, як статак транспартаванага быдла. Думаюць толькі, каб дабрацца дадому, пралезці сярод гораў друзу і пяску, знікнуць у лесвічнай клетцы і захлопнуць за сабою абабітыя дэрмацінам дзверы прасмердлага гнілою капустаю памяшкання.
Нянавісць да бязволля і безруху гэтага свету, прыдуманага мужчынамі, якія даўно павыміралі ад сіфілісу, спіліся альбо загінулі на вайне, нарастала ўва мне і вырывалася з-пад кантролю. Раптам так я ўбачыла, што астатні свет - гэта дзеці мужчынскага полу, выпаўзні з голенымі галовамі, альбо квадратныя, разапселыя чыноўнікі без душы, без вачэй, без мазгоў. Часцей прапітыя наскрозь, чым свядомыя свайго глыбокага заняпаду.
Піва зрабіла сваё, але на шчасце я не страціла да канца памяркоўнай стрыманасці ў ацэнцы беларускага свету. Нейкі скураны байкер з грукатам праляцеў па плошчы, як анёл - вястун надзеі. З гэтага мне хапіла аптымізму, каб устаць з лаўкі і пакінуць плошчу. Наважылася пайсці ўбок Траецкага прадмесця міма праваслаўнага сабора, уніз. Перайшла вуліцу. Па той бок псеўдастарамесця. Мёртвая частка горада, адкрытая ў сямідзесятыя гады і пазней, якою мелася адшкадаваць сабе атмасферу разбуранага Менска. Бульвар над каналам. Іду да помніка, прысвечанага загінутым салдатам афганскай кампаніі. На канале выспа - называюць яе выспай слёз, і там нядаўна збудавана капліца-звон з жанчынамі ў чорных жалобных хустках, якія лямантуюць вакол яе.
Пад'язджаюць кавалькады машын, шлюбныя карагоды. Малодухі ў начосах, цокаючы высокімі абцасамі, у белых вэлюмах і сукенках нясуць кветкі, каб пакласці іх пад помнікам-маўзалеем. Помнік гэты - балючы след савецкага сіндрому «адказнасці» за грамадскую справядлівасць у свеце. Але найбольш уражвае прывязанасць да традыцыі ўскладвання кветак да помнікаў. У нас у Польшчы гэтага няма. Ну, хіба што маладыя едуць на могліцы аддаць пашану нябожчыку бацьку ці маці. А тут у карагодзе вайсковых учтаў жанчына робіцца падданай рытуалу ваенных завядзёнак. Дакляруе свой удзел у чыста мужчынскім вайсковым жыцці, беручы за яго адказнасць і на сябе.
Узгадалася ашмянская гісторыя, расказаная мне кімсьці ў Менску. Тамтэйшы ксёндз угаворваў маладых, каб замест да помніка «адзінага сапраўднага абаронцы айчыны» ездзілі на цвінтар. Калі ўжо ім мусова недзе пакласці тыя кветкі. Бо гэта ж не каталіцкая традыцыя. Праз некалькі тыдняў яго выклікалі ў гарадскую ўстанову і параілі не соваць носа ў дзяржаўнае проса. Відаць, уладам забалела, што можна ставіць пытальнік пад шмат якімі фігурацыямі іх ідэалагічнай рыторыкі. У доўгай размове з чыноўнікам ксёндз патлумачыў, што хрысціянін не можа аддаваць пашаны помнікам. А гэты помнік у цэнтры Ашмянаў не звязаны з ніякай смерцю, ці месцам пахавання. Праз некалькі тыдняў яго зноў выклікалі, і той самы прадстаўнік улады ветлівенька пытаецца ў яго, а што айцец пробашч сказаў бы, калі б яны перанеслі людскія шчэнты з вайсковых могілак пад помнік. Ксёндз адрэагаваў толькі шакіраванай мінай і пакінуў справу без адназначнага адказу.
Якое ж было ягонае здзіўленне, калі ў першых днях верасня неспадзявана атрымаў запрашэнне на пасвячэнне адноўленага помніка савецкаму салдату. Улады пастараліся звыш меры пра новы ідэалагічны падмурак. Выкапалі нейкія парэшткі з вайсковых магілаў на цвінтары, арганізавалі ўрачысты мітынг пад помнікам, на які сагналі ўсе навакольныя школы і некалькі таксама амаль ужо мёртвых прамысловых прадпрыемстваў. На ўрачыстасці сказалі некалькі важных патрыятычных прамоваў, а запрошаны праваслаўны «бацюшка» пакрапіў усё свянцонай вадой. Ксёндз не прыйшоў на ўрачыстасць, бо, як казаў пазней, не меў пэўнасці, чые парэшткі былі перанесены пад помнік, і ці напэўна тыя мёртвыя хацелі б адыгрываць ролю ідэалагічнага экспаната пад савецкім помнікам. А раптам гэта пахаваны партызаны-АКоўцы?
У Траецкім прадмесці я рашыла зайсці ў рэстаран, але ён быў зачынены на абед. Тады пайшла далей да цэнтра ўздоўж Нямігі да бліжэйшага бара, каб неяк знейтралізаваць сілу выпітага піва. Зайшла ў невялікую італьянскую кавяраньку «Grip». Заказала ў бары каву з экспрэса і тады пачула за плячыма выбух рогату.
Яна з Дзімам у куце залы. На крэсле побач гітара. Дзіма, жэстыкулюючы ў паветры далонямі, нешта ёй тлумачыць. Яна згледзела мяне, але не хочучы перапыняць Дзімаў расказ, махае мне рукамі, каб я падсела. Я падышла з філіжанкай. Павесіла сумачку на крэсла, пацалавалася з ёю, падала руку Дзіму. Холад. Чаму ўсё гэта мяне аж так мітрэнжыць? Ува мне зноў падымалася хваля той незразумелай мне самой злосці.
Дзіма тлумачыць ёй, на чым грунтуюцца фінансавыя піраміды, - як набіваюцца людзі ў бутэльку. Прапанаваў, каб мы пайшлі на сустрэчу з «Еnergy Club». Я ўся ў маўчанні сачу за яго паэтычнай лекцыяй па эканоміцы.
Я згадзілася пайсці з імі толькі з прычыны яе позірку, якім яна мяне адарыла ў гэты момант.
XXXІ
Дзіма павёў нас з кавярні па лесвіцы ўгору ў будынак нейкага політэхнічнага інстытута. Савецкую цудоту аб'екта мела падкрэсліць велізарная зашклёная вітрына каля ўваходу з экспазіцыяй вялікіх павыгінаных і пажоўклых фотаздымкаў выдатных і галоўных інжынераў, якія, мусіць, да нядаўняга, расчэрчвалі на сваіх пульманах будучыя мадэлі рухавікоў для грузавых аўтамабіляў, трактараў, танкаў а можа, і касмічных караблёў. Частка гэтых інжынераў у памятых пінжаках да сёння цягаюцца з партфелямі на працу. Дастаюць, нябось, загорнуты ў газету сняданак і, сёрбаючы з кубка гарбату, азіраюць шэрыя сціжмы маладых людзей, што сноўдаюцца па будынку, шмат памяшканняў у якім здадзена ў арэнду фірмам, натарыятам, крамам і пад аптовыя склады.
Да залы, дзе збіраюцца сябры «Energy Club», трэба прайсці некалькі ярусаў, два доўгія цёмныя калідоры і кароткі адрэзак праз закратаваную мадэльную майстэрню. Сярод вялізных мадэляў рухавікоў і прыстасаванняў з невядомым прызначэннем стаяць арганізатары сустрэчы ў «Energy Club». Акідаюць нас вачыма. Дзіма пачынае нешта блытана тлумачыць, што ён ад Сашы і прывёў дзвюх новых кандыдатак. Элегантна апранутыя маладыя людзі з разуменнем ківаюць галовамі. Добра, што прывёў кандыдатак, але сам ён апрануты неадпаведна. Умовай уваходу на сустрэчу клуба ёсць чыстая белая кашуля, гальштук і пінжак. Дзіма са зласліва тузае свой выцягнуты світар і малапераканаўча даводзіць ім, што вяртаецца з падарожжа, што забыўся, што доўга нас умаўляў. Глядзіць на мой збянтэжаны твар, і яго надзея, што мужчыны прапусцяць, памяншаецца. Падыходзіць да нас і просіць дужа не пераймацца, бо як ацэнена, мы апрануты дастаткова элегантна і можам увайсці, а ён тым часам пачакае ў калідоры на Сашу і, магчыма, неяк уплішчыцца пасля адкрыцця сустрэчы. У залу за майстэрняй заходзяць яшчэ астатнія прыпозненыя сябры клуба. Адзін мужчына забірае на сябе маю ўвагу сваёй штучна напятай паставай. Адразу кідаецца ў вочы, што ён небагаты, пінжак пазычыў у падначаленага калегі ці ў брата, а ад чуйнага вока прапускнікоў прыкрывае вялікай пластыкавай рэкламнай сумкай прыбруджаныя старыя адзідасы.
У зале пануе настрой шаноўнай паважнасці, як перад набажэнствам альбо арганным канцэртам. Сцэна без дэкарацыяў. Стол, некалькі крэслаў, на стале зялёнае сукно. Мужчына ў гранатавым гарнітуры расстаўляе мікрафоны і праекцыйны апарат для прагляду. Пракідае некалькі слайдаў з нейкімі тэкстамі, табліцамі і схемамі.
На сцэну бадзёра ўскоквае юнак з галівудскай, прыклеенай да твару ўсмешкай. Высільваючыся на энтузіязм, прадстаўляе кіраўніцтва клубу, вітае новых сяброў і кандыдытаў.
Умова сяброўства ў клубе - унёсак у форме трохсот даляраў з абавязацельствам прыцягнення на сустрэчы новых сяброў. За год трэба прывесці пяць кандыдытаў. Чым больш прыдбаеш новых сяброў, тым вышэйшы будзе твой статус у клубе.
Чарговы энтузіяст уключае праектар і паказвае табліцу і схемы. Тлумачыць, як проста і можна баржджэй дапяць да багацця.
Мы пераглядваемся, усё больш і больш расчараваныя прымітыўнасцю такога круцельства. Але калі публіка выбухнула воплескамі і крыкамі запалу, перапыняючы евангелічныя «сведчанні» ўжо маёмасных сяброў, не вытрымалі і ўсталі выйсці.
Аж - у дзвярах дарогу заступае рослы юнак. Не дазваляе і махае рукою ўбок сцэны аднаму з кіраўнікоў клуба. Той развязна падыходзіць і просіць на хвілінку ўбок. Выпытвае, хто мы такія будзем, што тут рабілі, як прайшлі і хто нас прывёў. Дзіма, які чакаў у другім канцы мадэльнай залы, убачыўшы нас, падбягае. Густа тлумачыць, што ён ад Сашы. Кіраўнік незадаволена ківае галавой і катэгарычна заяўляе, што, калі мы не ўваходзім, як сябры, у клуб, дык абавязаныя абсалютна маўчаць пра тое, што тут бачылі і чулі ў зале. Інакш бо можам мець клопаты. У доказ гэтага з-за парт'еры высоўваецца гладкі фэйс аднаго з ахоўнікаў і мерае нас халодным зіркам.
Дзіма перапрашаецца за ўсю гэтую замешку і, беручы нас за руку, цягне да выхаду. Кіраўнік яшчэ раз пытаецца, ці не журналісты мы, і, прыклаўшы палец да вуснаў, жагнае нас апошнім наказам.
Дзіма на вуліцы распытваецца пра ўражанні.
Яна кажа, што пасля ўсяго гэтага ёй проста рупіць пайсці ў касцёл і памаліцца. Ідзём утраіх да сабора. Сутуняецца. У катэдры хор рэпетыруе перад урачыстасцямі Божага Цела. Слухаем лацінскія песні. Адразу неяк сэрцу адлегла і палегчала.
Калі выходзім з катэдры, Дзіма дае мне знак, што цяпер хоча застацца з Ёю адзін, што сам правядзе яе дамоў і гэтак далей. Гляджу на яе і яе недарэчны выбар прыпячатваю сваёй кіслай мінай.
Дзіва бярэ, адкуль столькі сімпатыі да Дзімы, які ў мяне больш асацыіруецца з бычком-асемяняльнікам, чым з адухоўленым бардам, які трынькае на гітары расейскія ці нейкія там беларускія рамансы.
Пакідаю іх адных, холадна паціснуўшы ёй руку на развітанне.
XXXІІ
Вяртаюся на Маркаву кватэру, абмінаючы мужчыну ў куфайцы пад лятарняй. Зноў нешта перабірае на блясе. Каменьчыкі з попелу, кавалкі вугалю. Падыходжу і спрабую разгаварыць яго. З хвіліну стаю, перш чым ён падымае галаву. Мармыча нешта неўразумелае, але я ўжо здомыслу ведаю, - сартуе, выбірае тое, што яшчэ можна спаліць у печы, адкідаючы непрыдатнае. У печах увесь вугаль не згарае, бо надта ж благая іх канструкцыя, якая не ўпускае ўсярэдзіну дастаткова паветра. А таму пасля спалу застаецца шмат чаго, што можна ўжыць другі раз. Тлумачыць мне гэта даволі складана, штохвіліны вырыгаючы з сябе кленічы ці лаянку.
Марка яшчэ няма дома. Я раблю сабе гарбату і, заглыбляючыся ў свае думкі, стараюся думаць затаіўшы дух. Камень на паліцы дадае мне бадзёрай надзеі. Кніга Грэткоўскай падабаецца ўсё менш і менш. Адкладваю яе і бяруся за «Алхіміка» Паола Коэла.