Яе вобраз я нярэдка параўноўваю з беларускім краявідам. Такі спакойны, монахраматычны пейзаж з карцін Бялыніцкага-Бірулі. Калі-нікалі смех разбірае, - як гэта беларусы, выйшаўшы з багнаў і займаючыся асушэннем тэрыторыі пад будучыя гаспадаркі, не падбалі пра структуру свайго грамадства. І яшчэ не-не ды выдурніваюцца ў досціпах, расказваючы, як Пан Бог, стварыўшы прыгожы беларускі ландшафт і рахманых, памяркоўных людзей, прыйшоў да высновы, што ўсё гэта ці не занадта шыкоўна. І даў ім прэзідэнта, які псуе, што толькі ў рукі возьме. Апошнім часам баюць таксама, як іхні Лукашэнка спадобіўся гонару разам з Клінтанам і Ельцыным паўстаць перад абліччам Бога і даведацца, што праз месяц грымне канец свету. Ельцын і Клінтан вярнуліся ў свае сталіцы і абвясцілі народам, што блізіцца канец свету. А Лукашэнка найперш пахваліўся, што быў прыняты самім Панам Богам, пасля сказаў: «Буду правіць вамі да канца свету».
Але па сутнасці гэтая краіна - пануры закутак віславухага, вільготны і журботлівы.
Яна заўсёды дадае, што, без гор, няшмат чым адрозніваецца ад расчараванай Ірландыі. Дарэчы дадам, што ірландцы дапялі ўсё-такі да вясёлых пабаў з выдатным півам.
Тады яна зацягвае мяне ў «Ракаўскі бровар».
Там, схіліўшыся над куфлямі, услухоўваемся ў шматмоўны гоман - то польскі, то расейскі. Ламанай ангельскай нейкі палітык даводзіць заходнім дыпламатам, што нешта тут можна-такі зрабіць. А яны, слухаючы, недаверліва хітаюць галавою.
Калі ж я хацела вярнуцца да апісання беларускай флегматычнасці, яна фыркнула, што не дужа я ў такіх рэчах разбіраюся. За іх спакойнай натурай - камуфляж. Кожны селянін, не мусова беларускі, гэта чалавек, які хавае свае эмоцыі, нават калі шчыруе, дык знехаця. А між тым за гэтым бушуюць бурныя буры і жарсці.
Заўважыўшы цень іроніі ў куточку маіх вуснаў, яна сарвалася з лаўкі, грукнула аб стол пустым куфлем і запрасіла мяне зараз жа з'ездзіць да аднаго мастака.
Мы выйшлі з рэстарана, азіраючыся, каб злавіць якое аўто. Яна стала на краі тратуара і, махаючы рукою, спрабавала спыніць машыну. Мяне больш не здзіўляе, што лавіць з тратуара прыватную машыну - гэта тут як бы звычайнае скарыстанне паслугі. Нават калі гэта дзяўчына ў кароткай спадніцы, якая познім вечарам вяртаецца дамоў, вадзіцель не падумае пра яе як пра прастытутку. Проста спыніцца, падсадзіць, давязе да дома, возьме з яе колькі там «зайцаў» і будзе мець у салоне на некалькі хвілін моцны пах дзявочай касметыкі. Вядома, не выключаны і іншыя варыянты, але ж такое можа стацца ўсюды.
Тым разам на вуліцы не было задужа людна. Стаім і нічога. Тры цёмныя мерсэдэсы з пярэднімі коламі на тратуары з нявыключанымі рухавікамі. За прыцемненымі шыбамі ледзь можна разгледзець маладыя мужчынскія голеныя твары. Усімі сваімі паводзінамі і выглядам яны будзяць падазрэнне. Зрэшты, можа тут такі стыль, але я стараюся не садзіцца ў такія машыны.
Мы пайшлі ўніз убок Нямігі. Яшчэ цішэй.
Яна прапанавала мне перайсці на другі бок вуліцы і спусціцца ў метро. Мінулага года ў гэтай падземцы загінула паўсотні маладых людзей, затаптаных у панічным ціску пасля майскага канцэрта пад адкрытым небам. На сценах парасклейваныя картачкі з іх прозвішчамі, закапцелыя ад свечак гранітныя халодныя пліты, на якіх задушаныя і спляжаныя твары маладых дзяўчат упісалі свой апошні крык альбо ўздых роспачы.
Калі мы праходзілі міма гэтага трагічнага месца, яна расказала мне, што гісторыя горада пачынаецца з вялікай бітвы на Нямізе. Славянскія войскі сцяліся ў бойцы са славянскімі. Полацак, Кіеў... Няміга са спакойнай рэчкі ператварылася ў крывавы паток. Гісторыя горада пачынаецца з крыві. Цяпер тут няма ракі, засталася толькі назва. Дзесьці пад вуліцамі бягуць каналізацыйныя трубы з брудным струмянём, які ўпадае ў Свіслач.
XV
Праехалі некалькі станцый метро. Я не ведала, куды яна мяне вядзе. Да нейкага мастака, пажылога чалавека - як мне сказала - з вялікім творчым набыткам і майстэрняй, запоўненай рознафарматнымі палотнамі.
Мы ўвайшлі ў лесвічную клетку. Дом пабудаваны выключна для творчай інтэлігенцыі, у сямідзесятых гадах. Заслужаныя майстры СССР атрымлівалі тут студыі, спраектаваныя заслужанымі архітэктарамі і пабудаваныя заслужанымі будаўнікамі. Як добра было ў тым камунзіме... Адабралі ў іх ужо складзены і ясны свет прывілеяў, раздаваных шчодрай рукою партыі.
Натыкаючыся на розныя рэчы, падыходзім да ліфта. З яго ў чарговы цёмны калідор, неміласэрна застаўлены закурэлымі рэчамі рознай велічыні, пра прызначэнне якіх цяжка сказаць нешта пэўнае. Можа, гэта з рамонтнага рыштунку, можа, незакончаныя скульптуры.
За ашклёнымі дзвярыма прыцьмёнае святло лямпаў. Позні вечар і майстар ужо не працуе. Стаім перад дзвярмі, хвіля засяроджанасці перш чым націскаем клямку. Ён глядзіць на мяне, румянашчокі, - пазнаю Цябе ў сапраўдным мастацтве, закамуфляваным шырмай савецкага выхавання і сарамяжлівых нормаў. Насцеж дзверы. Уваходзім.
Дзмітрый падымаецца з-за вялікага стала. Здымае акуляры і з шчырай прыемнасцю вітаецца з ёю, пасля са мною. Яму каля 75 гадоў. Але не адчуваецца ў ім старасці. Нешта маладое праменіцца з яго цела. Выцірае рукі на жываце аб расцягнены ваўняны світар. Цалуецца з ёю, як бы падкрэсліваючы радасць ад сустрэчы. Даўно не бачыліся. Дакарае, што забылася на яго. Яна апраўдваецца і ветліва і банальна адначасова. Прадстаўляе мяне, як прыклад замежнай цікаўнасці да беларускага мастацтва і як вынік сваёй рэкламнай актыўнасці. Я хуценька перасцерагаю, што не гатовая што-колечы купіць, а інтрыгуе мяне творчасць менскай школы жывапісу ў пасляваенныя гады.
Пачынаем спрэчку - колькі ў гэтым усім расейскай другаснасці, а колькі ўласных дасягненняў. Ён згаджаецца, што Бялыніцкі-Біруля не быў расейцам, а пасля вайны ўскосна ўспасобіўся выхаваць тут некалькі вартасных паслядоўнікаў. На нейкі момант голас яго завісае, і ён уважлівей прыглядваецца да мяне. Угадвае, што я полька. Але я адразу папярэджваю, што не збіраюся тузацца за Бялыніцкага-Бірулю. Ён мог адчуваць сябе як беларусам, так і палякам. Пагаджаемся, што не быў расейцам. Але я не ўпэўненая, што, калі б мела нагоду спытацца пра тое ў яго самога, ці не сказаў бы ён, што адчувае сябе акурат расейцам.
Дзмітрый тупае ў кут майстэрні па вялікае палатно. На шэра-зелянкавым фоне раскінуўся сонны пляскаты пейзаж са звілістай рэчкай, узлессем, скраўкамі пабурэлых восеньскіх лугоў і бульбянішчаў. Чорнае птаства недзе з-за далягляду нясе ў дзюбах грай беларускіх лясоў і палёў.
Я ўсміхнулася ёй, бо мастак як бы пацвердзіў мае папярэднія высновы пра багністых людзей з Палесся, пра спакойны і прыгашаны характар беларусаў, якія маюць выключныя здольнасці да медытатыўнага сузірання настальгічныў краявідаў і з'явішчаў.
Раптам на вочы мне трапляе рэч зусім экзатычная. Рысавыя палі? Што гэта, пытаюся ў яго з недаверам. Бамбукавыя краявіды, тут?
Ён тлумачыць мне, што ў сямідзесятых гадах у часы савецкага росквіту навукоўцы, мастакі, інжынеры выязджалі ў краіны трэцяга свету следам за ваеннымі «дарадцамі» - у Анголу, на Кубу, у В'етнам. Асабіста ён тры гады ў рамках вялікай вылучанасці, як на тыя часы, сядзеў у Ханоі, дзе вучыў в'етнамскую моладзь асновам рысунку ў тамтэйшай мастацкай школе. Прывёз адтуль крыху працаў, крыху больш грошай і агіду да палітычнага нашэсця, паплаціўшыся за тое няласкай партыі. Маляваў залішне крытычна і некаторыя з ягоных працаў былі скептычна ацэненыя ў Маскве нейкімі прапагандыстамі. Уся справа, як мяркуе, загрузла ў інтрыгах, бо на такія паездкі многія мелі апетыт.
Дзмітрый хваліўся апошнімі працамі. Не ўсе яны мне нешта гаварылі. Шмат расейскай манеры. Відаць, проста зарабляе, запаўняючы палотны добра аплачванымі цэркаўкамі, коннымі запрэжкамі на зімовых пейзажах.
Я паглядзела на яе спадылба, нібы хацела сказаць - а ці не казала я табе? Яна толькі ўсміхнулася загадкава - «пачакай, гэта яшчэ не канец».
Натуральна, знаходжу тут і рэчы, маляваныя з унутранай патрэбы. Выцягваю з абапертых да сцяны палотнаў невялікую карціну. Майстэрня, у якой мастак - ці не сам Дзмітрый - партратуе раздзетую жанчыну. Памяшканне цёмнае, панурае, каб не сказаць камера ў вязьніцы. З карціны відаць патрэба выйсця па-над стан матэрыяльнага ўбоства праз кантакт не так з самім мастацтвам, як з атмасферай, у якой мастацтва паўстае.
Тады яна з гордым тварам дастае з-за плячэй павернутае тылам палатно. Ставіць яго перад мною на камодзе. Запальвае дадаткова яшчэ адну лямпу, каб я лепей прыгледзелася да твора.
Сапраўды, нешта неверагоднае ў сваёй нечаканасці. На першы погляд прымітыўны, а, можа нават, і вульгарны акт. Дароднае дамскае цела, ляніва выцягнутае на накрытай белай прастынёю сафе. У калырыстыцы дамінуе чырвоны фон сцяны. Вульгарна? У мяне змяшаныя пачуцці. Карціна, вядома, выклікае эмоцыі. Гэта шокавае сутыкненне славянскай шчырадушнасці і спакою з жахліва разбуханым ў сваёй чырвані фонам навакольнага свету.
Яна мела рацыю. Гэтая карціна не дае прайсці міма. Адразу вярнула мяне да кнігі Ерафеева «Русская красавица», напісанай у канцы васьмідзесятых. Папулярная на захадзе як экзэмпліфікацыя маральна-побытовых пераменаў альбо выварочванне ўжо існуючай каляровасці грамадскага жыцця, насуперак прынятаму альбо афіцыйнаму перакананню, што «у нас секса нет».
XVI