– Вітаю, – паспешліва адгукнуўся Андрусь. – Чуў пра твае непрыемнасці, спачуваю…
– Каб яшчэ да тваіх спачуванняў долараў пяцьсот дадалося, штраф заплаціць, – вырвалася ў Мацвея без асаблівай горычы. – Але дзякуй…
– То заходзь, ператрэм тэму, – проста адгукнуўся Андрусь, нібыта нагадваючы, што ў яго тут – міні-банк і без праблем атрымаеш крэдыт пад невялікі працэнт. – Я во зараз…
Ён неахайна выцер рукі завэдзганым ручніком, кінуў той на ложак.
– Сума, канешне, вялікая, таму магу скасціць трохі працэнт. Ты ж разумееш, я тут не дабрачыннасцю займаюся, – ухмыльнуўся ён. – Сярод ночы паднімаюць і просяць дзясятку на тыдзень, то хай аддаюць за маю дабрыню і магчымасці рубель зверху. Для цябе, як земляка, дзесяць працэнтаў за месяц. За гэты час, мяркую, суму збярэш?
– Збяру і раней, – паабяцаў Мацвей, хоць і не падумаў: дзе ён возьме хоць палову, хіба маці ў некага пазычыць. Цяпер жа рэальная магчымасць у гэты момант вырашыць пытанне з аплатай штрафу выглядала надзвычай прывабна, таму пра будучыя пошукі грошай моцна не задумваўся.
– Добра, – пабарабаніў па стальніцы пальцамі левай рукі Андрусь – неяк з мелодыяй. Устаў, пакорпаўся ў шафе, вярнуўся і паклаў на стол пяць зеленаватых паперак. – От табе пяць соцень. Як земляку: дзесяць працэнтаў за месяц. За два тыдні – пяць. Сам палічыш, матэматык жа. Але, дружа, за два месяцы – дзесяць працэнтаў з ужо асноўнай сумы і з працэнтамі за мінулы месяц. Ну і далей так. Таму не цягні. Грошы патрабуюць дзелавога падыходу, сам разумееш… Прымаецца?
– Прымаецца, – згадзіўся без усмешкі Мацвей, а мозг запрацаваў, падлічваючы: колькі ж гэта аддаваць, як атрымаецца толькі праз год?
– Тады распіску напішы, – ужо як аб самым простым сказаў Андрусь, нахіліўся, выцягнуў з тумбачкі папку: – Не думай, я ва ўсіх распіскі бяру, хто больш за 10 рублёў пазычае. Дысцыплінуе, ды і сам хоць помню: хто мне вінен, – рагатнуў ён. – Бачыш, якая картатэка сабралася? – ён раскрыў папку, прашалясцеў аркушамі. – Вось табе ўзор, папера, ручка…
– А адрас бацькоў навошта? – здзівіўся быў Мацвей, пішучы распіску.
– А даводзіцца застрашваць некаторых, – паморшчыўся Андрусь. – Вось яшчэ… Я табе тэлефон дам, у нашым райцэнтры мужык ёсць, ён па вясне збірае брыгады на будаўніцтва ў Расію…
– Які з мяне будаўнік? – уздыхнуў Мацвей, але зірнуў на Андруся з зацікаўленасцю.
– Разнарабочыя паўсюль патрэбныя. Запішы тэлефон… Днямі пачнецца сезон, за месяц можаш баксаў восемсот падняць. Мне ж цікава самому ад цябе доўг у час атрымаць, – патлумачыў свой клопат пра будучыню Мацвея Андрусь. – Удачы.
– Дзякуй…
Вечарам нарэшце сустрэўся са сваім сужыўцам-першакурснікам. Той зайшоў, пабачыў Мацвея і сцяўся, быццам чакаў удару.
– Слухай, Аляксей… Да цябе тут сябры прыходзілі. Што за яны?
Дзіўна, але ад слоў Мацвея першакурснік нечакана супакоіўся. Выпрастаўся ў поўны свій вялікі рост, павёў плячыма, нетаропка зняў куртку, акуратна павесіў у шафку, закрыў яе, пасля павярнуўся да Мацвея. Але казаў і глядзеў за яго спіну ў акно:
– Ты маіх сяброў не чапай, іх усіх праверылі. І мяне праверылі.
– Вось як, – працягнуў Мацвей, – значыць, гутарылі з табой…
– Гутарылі. Мяне праверылі і мне паверылі, – нават з прыхаваным гонарам адказаў Аляксей.
– Зразумела… – выдыхнуў Мацвей.
Позна нешта даказваць. Як землякоў першакурсніка правяралі і нічога не западозрылі, значыць, марна спадзявацца хоць на нейкае змяненне сітуацыі. Калі, канешне, і была выпадковая падмена.
Назаўтра пасля абеду Мацвей сядзеў на сваім ложку, на якім застаўся адно той самы матрац са схованкай ды паўпустая падушка ў насыпцы з бруднымі разводамі. Цягнік дадому быў позна вечарам, але знаходзіцца тут, ва ўжо чужым для яго інтэрнаце, сэнсу не было. Чытаць ці рашаць нешта ён не мог, і сам злаваў з-за гэтага: мозг не успрымаў практычна ніякай інфармацыі, працівіўся любому роздуму. Многія са сваіх рэчаў Мацвей пакідаў як падарунак свайму, ужо былому, сужыўцу, але ўсё адно сабралася барахла – як жа многа ўсяго трэба чалавеку для камфортнага жыцця! Абрастаеш імі, як падводныя камяні ракавіннем… Вялікі заплечнік і немаленькая сумка. Найбольш кнігі – цяжкія, грувасткія. Іх пакінуць Мацвей не мог – яны набываліся за грошы, якія ашчаджаў на абедах, за якімі аб’езджваў букіністычныя магазіны, замаўляў на сайтах. Кнігі з маленства і па сёння успрымаліся ім як адзінае сапраўды каштоўнае.
Вахцёрка праводзіла яго жаласлівым позіркам, у дзяжурных – дзяўчынак-першакурсніц – вочы паблісквалі агеньчыкамі жаху і цікавасці. Мацвей сказаў “Бывайце”, яму моўчкі кіўнулі ў адказ. На ганку Мацвей пастаяў у роздуме – сумка насамрэч была цяжкай. Прыкінуў: колькі ў яго грошай, хацеў ужо выцягнуць тэлефон і выклікаць таксі, як аўто ў шашачкамі прыпынілася і вадзіцель крыкнуў:
– Едзем?
– Едзем.
У салоне аўтамабіля ён усё ж выцягнуў тэлефон, раздумваючы: званіць ці не Марго. Да ўсіх боляў, якія ён паспытваў гэтымі днямі, быў асаблівы боль, як стрэмка ў падушачцы пальцаў, якую трывожыў час ад часу, – Марго ні разу не пазваніла яму: сярод паведамленняў у тэлефоне не было рэгістрацыі яе званка. Ён сам не званіў, адкладваў да апошняга. Разумеў, што Марго ў курсе ягоных спраў, яна пра ўсё ведае. Не тэлефануе –паставіла на ім крыж. Яе маўчанне яскравей за любую размову. Бо яна ж – эліта, так сама лічыць. Яна – дзяржаўніца, а Мацвей, атрымліваецца, тайны агент, завербаваны праклятымі іншаземнымі службамі, каб разбурыць знутры найкаштоўнейшую крыштальную пасудзіну.
Ён паклаў тэлефон на месца.
Частка 5
Людзей у чакальнай зале вакзала была не многа, Мацвей без цяжкасці выбраў сабе месца побач з пажылой цёткай, відавочна, вяскоўкай у вялікай мешкаватай куртцы з цёплай хусткай на галаве, каля якой стаялі дзве грувасткія торбы – на той выпадак, каб пакінуць пад наглядам сваю цяжкую сумку ды падысці да буфета, бо ад раніцы не еў, абышоўся кубкам чаю. Ён пацікавіўся, ці вольнае месца побач, пасядзеў хвілін пяць, упэўніўся, што цётка нікуды не спяшаецца і папрасіў прыгледзіць за сумкай. Тая кіўнула згодліва, дадала: