— Ма, можна выйсці? Газеты хачу пачытаць.
Маці маўчыць, наліваючы ваду ў чайнік, і гэта азначае, што я нікуды не пайду.
З дома насупраць выкульваецца матчына сяброўка, цётка Юстына. Цётка прыпыняецца каля тумбы, цягне шыю, спрабуючы штосьці вычытаць у газеце, і дробненька тупае ў наш бок.
— Сяброўка твая ідзе, — паведамляю, не павярнуўшы галавы, і маці, крыкнуўшы «Дапамагай!», кідаецца да купы цыгарэтных пачкаў, што ляжыць у куце.
Пахапліва, сюд-туд натыкаючыся адно на другога, носім цыгарэты ў шафу.
— А я гляджу — ты ў акне мільганула. Чаму не на працы? — сакоча ад парога цётка Юстына. Цётка, калі гамоніць з суседзямі, збіваецца на «простую» мову.
— Скончылася праца, — маці папраўляе збітыя валасы. — Учора прыйшлі, а нам кажуць: разыходзьцеся, цэх зачыняецца.
— А што ж гэта робіцца? — плаксіва енчыць цётка Юстына, выціраючы вочы ражком хусткі. — Майго ж Тадэка ў войска забралі. Спачатку казалі, у паліцыі будзе служыць… — цётка заліваецца слязьмі, і маці, незаўважна для госці, ківае на дзверы.
Радасны, збягаю па прыступках, падбягаю да падвальнага акенца, стукаю косткамі пальцаў па фанерыне і чую прыглушаны жаночы голас: «Нікуды не пойдзеш». Усё зразумела: Юзіка гэтаксама не пускаюць на вулку.
Да тумбы падыходзяць людзі.
— «Польскія летакі бамбардуюць Берлін, — хтосьці чытае газету ўслых. — Летакі эскадрылі “Ласі пазнанскія” здзейснілі дзёрзкі налёт на берлінскі аэрадром. У выніку гэтай акцыі была знішчана значная колькасць нямецкіх бамбавозаў…»
— Не чытайце гэтай лухты! Хутка швабы тут будуць, — гукаюць з другога боку вуліцы.
Там стаіць паранены капрал. Адна рука ягоная боўтаецца на тальмаху, а другой рукой абхапіў за шыю маладзенькую пеленгнярку, якая дапамагае яму ісці.
— Панове, не слухайце панікёраў! — загадна прамаўляе даўгяла ў фацэтным капелюшы. — Гэта ён чытаў услых газеціну.
Капрал адпіхвае пеленгнярку, робіць пару крокаў і стогне ад болю.
— Ах ты, курва! — гракае капрал, а перапуджаная пеленгнярка хапае яго за руку.
Даўгяла, зыркнуўшы спадылба, папраўляе капялюш:
— Я ж магу панам і зацікавіцца.
— Зацікавіцца? Запісвай, кур-рва… першы ўзвод… трэці швадрон пятага палка ўланаў Заслаўскіх! — капрал называе сваё імя і прозвішча, пеленгнярка малітоўна енчыць: «Пану нельга так хвалявацца!», а фацэт, насунуўшы капялюш на бровы, спешна адыходзіць убок.
— Чаму Францыя спіць? Чаму не дапамагае? — народу ля тумбы сабралася даволі шмат, нават не бачна, хто пытаецца.
— Як жа… дапаможа… як хваробе кашаль, — выдыхае разам з махорачным дымам сівы дзед у даматканай світцы. Дзед мовіць не па-польску, а «па-простаму».
— Вы, беларусіны, толькі і чакаеце нашага скону, — устаўляе слова па-моднаму апраненая кабета. Модніца адмахваецца ад махорачнага дыму, збіраецца нешта сказаць, але ў гэты міг у небе нараджаецца густы самалётны гуд, і кабета, перажагнаўшыся, улякнута лапоча: «Хоць бы не бамбілі». Усе стаяць, увабраўшы галовы ў плечы, і спалохана сцепаюцца ад грукату пад’езных дзвярэй. Гэта Юзікава маці ляснула ўваходнымі дзвярыма. Задаволена паціраю рукі, і калі пані Зоф’я — так завуць кабету — заварочвае за рог суседняга будынка, шыбую да падвальнага акенца.
— Хутка немцы прыйдуць, — я дапамагаю сябру вылезці з падвала.
— Хто табе сказаў?
— Вунь той паранены капрал.
Капрал, на якога паказваю, паволі чыкіляе, абапёршыся на пеленгнярку, у бок шпіталя.
— Цябе за цыгарэты ўшчувалі?
— Ушчувалі.
— І мяне, — Юзік абабівае калашыны картовых штаноў.
— Панове, прашу ў кучу не збівацца і мітынгі не ладзіць, — пагрозлівым басам прамаўляе Скачыляс, падышоўшы да тумбы.