Пад бокам, блытаючы думкі, зазваніў тэлефон.
Аскольд чакаў званка з Саюза пісьменнікаў, там абяцалі творчую камандзіроўку ў Кіргізію, таму, падхапіўшы слухаўку, ён гукнуў імя эспэшнай начальніцы, ды слухаўка азвалася голасам хаця і жаночым, але сіплаватым і незнаёмым.
— А куды я патрапіла?
— А куды вы цэліліся? — Аскольд тузануў валасы на грудзіне.
— У васямнаццатую кватэру…
— Ну…
— У вас, я чула, кот жыве… Якой ён пароды? Блакітная шыншыла?
— Ну, — другі разам гукнуў Аскольд, губляючы цярпенне.
Слухаўка злёгку загула, наспела працяглая паўза, і жанчына на другім канцы дроту гулліва пралепятала:
— А ці не пазнаёміць нам нашых кісуняў?
Не цямячы, пра што гаворка, Аскольд перакрывіўся, загаварыў рашуча і непрыязна.
— Я ўвогуле працую, у часе абмежаваны, так што… калі ласка… без эківокаў.
— Ну што тут незразумелага. Я шукаю жаніха для сваёй дзяўчынкі…
— Якой дзяўчынкі? — насцярожліва перапытаў Аскольд.
— Мальвіны… кошкі маёй. Яны ж з вашым катом адной пароды…
— О-о-о! — вырвалася, нарэшце, з Аскольдавай грудзіны, — вам страшэнна пашанцавала! Патрыцый, як увойдзе ў смак, можа задаволіць не толькі Мальвіну, але і яе гаспадыню! — на другім канцы дроту абурана хмыкнулі, памаўчалі дзеля прыліку і занадта сур’ёзным голасам паведамілі:
— Мы на пятым паверсе жывём, у трыццатай кватэры.
Званок прагучаў як ніколі дарэчы. Два тыдні таму Аскольдава жонка паехала па пуцёўцы ў Трускавец; грошы, якія пакінула, былі ў першы ж дзень прапітыя, і цяпер галодны кот не даваў спакою — блукаў па кватэры і здушана вякаў. У лядоўні, праўда, ляжала пакарабачаная путасіна, але ж яе трэба было расцягнуць на тры дні і, паводле графіка, рыбінага хваста кот мусіў атрымаць толькі адвячоркам.
Адчыніла яму бялявая саракоўка з вялікімі грудзямі і даволі зграбнай паставай.
— Вось вам, шаноўная… кавалер, — Аскольд выпусціў ката, і той адразу ж сігануў у кухню. — Вы яму што-небудзь дайце, а то я кагадзе з камандзіроўкі, не паспеў накарміць, — мовіў госць і тут жа пачуў прагнае храбусценне.
— За гэта не хвалюйцеся, я яму поўны сподак «кіцікету» насыпала. Вы, дарэчы, што даяце — сухі корм ці кансервы?
— Патрыцый аддае перавагу рыбным кансервам, — з годнасцю адказаў Аскольд і, падвысіўшы голас, крыкнуў свайму гадунцу: — Глядзі там, працуй з поўнай аддачай, як запавядаў вялікі Ленін!
— Дзіўнае імя, — выдыхнула гаспадыня, лёгкай усмешкай ацаніўшы Аскольдаў жарцік, — упершыню такое чую.
— Мужчыны на Беларусі ўсе скрозь плебеі, няхай хоць кот будзе патрыцыем.
Саракоўка глянула на госця з вясёлым захапленнем, чакала, відаць, кампліменту на свой адрас, але Аскольд рашуча павярнуўся і выбег з кватэры.
Сеўшы пры камп’ютары, празаік цэлую гадзіну глядзеў на манітор, тузаў валасы — і не толькі на грудзіне, — нарэшце сабраўся з думкамі і крануўся клавішаў.
— Наташа, гэта жорстка! Тым часам, калі мяне змагла хвароба кахання, калі я не валодаю сабой і шукаю смерці, ты кажаш мне пра Аблонскага.
Аскольд прачытаў напісанае, здушана выдыхнуў: «Ой, бля…» — і сціснуў скроні. Творчыя пакуты дарэшты выматалі душу. Глыбокім пісьменніцкім нутром ён адчуваў: патрэбныя новыя сюжэтныя хады, нечаканая павароты. Замест усяго гэтага ў свядомасці гучала мілоснае бляянне, на экран лезлі дакучлівыя дыялогі, і калі б раптам у пакоі з’явіўся той самы Андрэй, герой аповеду, ён бы яго, не міргнуўшы вокам, пазбавіў жыцця. І акурат у той міг, калі творца згадаў пра капусны сякач, які вісеў на кухні і якім было зручна цюкнуць героя, пакой напоўніўся нецярплівым тэлефонным зумканнем.
— Паслухайце, гэта нейкі жах! Ён мне на ложак насцаў… — у слухаўцы ўсхліпнулі, і Аскольд, зразумеўшы, хто тэлефануе, знервавана заўважыў:
— Пазначае тэрыторыю.