«Псіх натуральны», — бязгучна прашаптаў Макар. Плавок, які дагэтуль скакаў па вадзе, рынуў на дно, пакінуўшы па сабе вялікую бурбалку.
— Цягні! — гракнуў Макар, швагер тузануў вудзільна, паваліўся на дно лодкі, і перад носам Макаравым праляцеў ды пляснуўся ў ваду ладны падлешчык.
— Фу ты, йо… Цягнуць трэба, а не тузаць, — Макар са стогнам перавёў дых, а паглядзеўшы на швагра, безнадзейна махнуў рукой: бедачына стаяў на кукішках, утрапёна пазіраючы ў ваду.
— Думаеш цяпер рукамі злавіць?
— Акуляры зваліліся, — пачуў Макар і ўпершыню пашкадаваў, што выправіўся на гэту чортаву рыбалку.
Дастаць акуляры з азёрнага дна было не так і проста. Калі Макар змераў глыбіню, дык вудзільна панурылася па самы вяршок.
«Не дастану, дык хоць скупануся», — падумалася Макару, калі ён сцягнуў штаны і сігануў у празрыстае аж да прадоння Гатаўскае возера.
Выпусціўшы з грудзей паветра, ён схапіўся за сцябліну і адзінае, што паспеў угледзець, гэта кансервавую бляшанку, якая жоўтай плямай калыхнулася на дне.
— Глыбока, бляха… — задыхана вымавіў Макар, ухапіўшыся за край лодкі.
Пару хвілін аддзімаўся, сплёўваў твань, потым нырцануў, адштурхнуўся нагамі ад лодкі. На гэты раз ён нічога не ўбачыў, а ўсплываючы, грукнуўся цемем аб днішча. Удар атрымаўся такім хвацкім, што Макар, магчыма, ізноў пайшоў бы на дно, калі б перапужаны напарнік не схапіў яго за чупрыну.
Набіўшы гузак на цемені, доўга ляжаў у лодцы, падсунуўшы пад галаву кашулю, і насуплена пазіраў то на высокае неба, то на прагнутую, пачырванелую ад загару шваграву спіну. Лавіць рыбу прапала ахвота, дый напарнік без акуляраў нічога не бачыў. Знікла ахвота і пацвельваць з гэтага ёлупня. Таму Макар і ляжаў нерухома, маракуючы, што на наступным тыдні зноў давядзецца ехаць на пільню і што заўтра трэба будзе паглядзець валёнкі, якія прывёз прапар, выбраць меншыя і зрабіць маці апоркі. Неўпрыкмет навалілася дрымота. Макар пазяхнуў, накрыў твар кашуляй, збіраючыся задрамаць, ды тут левае вуха казытнула напятае ракатанне. Ракатаў «беларус» — ехаў ад бальшака да возера, прычым напрасткі, кустамі, бо чутна было, як трашчаў сушняк. Макар ссунуў з вачэй кашулю, зірнуў на бераг.
Трактар вырваўся з кустоў, пад’ехаў да вады, і з кабінкі вылезлі спачатку дзядзькаў сусед Лёшка Мандрык, а затым браты Бадуновы — Юрка ды Пецька. Дрымота зляцела з павекаў. Макар стаў ва ўвесь рост, засвістаў у чатыры пальцы, і хлопцы на беразе, прыклаўшы да броваў далоні, засвісталі ў адказ. У наступнае імгненне Макар схапіў фанерыну і стаў імпэтна заграбаць, забыўшыся на «катвігу», якая не давала лодцы зварухнуцца з месца.
— Стая-аць! — галёкнуў Лёшка Мандрык, калі лодка шарханула дном аб прыбярэжны пясок. Лёха два разы цягнуў лямку на аршанскай зоне і пры сустрэчы заўсёды выдаваў альбо гэтае слова, альбо яшчэ больш кароткае: «Сюд-да-а!»
Прыязджаючы ў Бычкі, Макар часцяком спансіраваў мясцовых хлопцаў, таму тыя і ўзрадаваліся, убачыўшы спонсара, і не паспеў той выйсці з лодкі, як яны рынулі ў ваду і з вясёлымі мацюкамі ўсцягнулі пласкадонку на бераг.
Пад’ехалі бычкоўцы не з пустымі рукамі. Малодшы з братоў, трыццацігадовы Юрка, залез у кабіну, перадаў брату шэсць «фугасаў», а потым, папоркаўшыся ў «бардачку», шпурнуў у возера, каб спаласнуць, бляшаную конаўку.
Убіўшыся ў цянёк, Лёха Мандрык адкаркаваў сцізорыкам «фугасіну», скоса глянуў на інтэлігента, і Макар, перахапіўшы позірк, патлумачыў:
— Тамарчын муж. У газеце працуе.
Лёха напоўніў конаўку, перадаў Тамарчынаму мужу, але той захінуў твар далонямі.
— Пакрыўдзіць хочаш? — вусцішна прасіпеў Мандрык, і гарадскі госць, млявай рукой узяўшы пасудзіну, стаў глытаць трунак, дробна стукаючы па конаўцы зубамі.
Віно, украінскае «Яблучне», пілі паволі, са штохвілінным прыпальваннем цыгарэт і з гэткім жа штохвілінным ляпаннем па карках. Тут, у цяньку, лютавала камарэча. Кожнага разу, глынуўшы «чарвіўкі», Лёха пачынаў апавядаць пра калгаснага старшыню, ды, ляпнуўшы па карку, збіваўся на іншыя тэмы. І вось, выліўшы ў конаўку рэшты віна з апошняй пляшкі, Лёха абвясціў, што заўтра ж спаліць катэдж, які старшыня пабудаваў на ўскраіне Азярышча, і, працягнуўшы конаўку гарадскому госцю, наставіў на таго ашклянела-патрабавальныя вочы. За ўсю бяседу Тамарчын муж не прамовіў ні слова, але цяпер, адчуўшы, што трэба нешта сказаць, з насцярогай узяў конаўку, ікнуў, праліўшы трунак, і асавела прастагнаў:
— Цудоўныя хлопцы!
Уліўшы ў глотку рэшткі пітва, інтэлігент квола пасміхнуўся, кульнуўся на траву і ледзь чутна паўтарыў:
— Цудоўныя!
Дахаты ехалі на рамонтнай лятучцы, соўгаючы азадкамі па жалезнай скрыні, у якой увесь час штосьці бразгала. Галава шваграва матлялася, што ў хворага гусака. На адным з паваротаў швагер з’ехаў са скрыні, стукнуўся скронню аб бляшаную буду, таму Макар абдымаў сваяка за шыю, і калі той з’язджаў убок, мацніў абдоймы і, па прыкладу Лёхі Мандрыка, гукаў:
— Сядзе-эць!
І чым ямчэй абдымаў Макар сваяка, тым большай павагай да яго прасякаўся.
— Ну скажы, на што ты паклаў сваё жыццё? — выгукнуў Макар на чарговым павароце, і сваяк, бліснуўшы бельмамі вачэй, здушана вякнуў і выбухнуў ванітамі.
Макар скрывіўся, падхапіў з-пад ног рыззё, каб выцерці падлогу, і чарговая порцыя ванітаў агіднай цеплынёй кранулася шыі. Хвіліну Макар стаяў вокраччу, утаймоўваючы балесныя спазмы, і, тузануўшыся ўсім целам, паставіў між ног пакарабачанае вядро, якое матлялася ад сценкі да сценкі.
Ён выйшаў з сястрынага пад’езда тым часам, калі на небасхіле запальваліся самыя дробныя зоркі, і адразу ж пайшоў да воданапорнай калонкі. Сцягнуўшы праз голаў кашулю, падставіў спіну пад бойкі струмень і гракнуў, ды так гучна, што на другім канцы Азярышча абудзіліся сабакі. Сабакі забрахалі ў Зарэччы, потым недзе ля аўтастанцыі, нарэшце нейкі сонны цюцька запознена гыркнуў за плотам «Сельгастэхнікі».
— Я табе гыркну, — жартам прамовіў Макар і, выціраючы кашуляй расчырванелы твар, падзівіўся таму, як хутка насунулася ноч.