Зайшоў у аўтобус; каля самых дзвярэй было вольнае сядзенне — аднамеснае, атуленае ў белы чахол. Мне б скеміць, на што гэты чахол, не, пракампасціраваў талон і гупнуўся на сядзенне; палажыў на калені «дыпламат». Задумаўся, як зазвычай у дарозе, і раптам чую: «Асвабадзіця, гражданін, служэбнае месца!» Каля мяне стаіць чырванашчокая кабета з маленькаю, як дзіцячаю, сумачкаю праз плячо і круціць на драцяным абручыку ружовыя рулончыкі білетаў. Кандуктар! І як я зразу не здагадаўся, што гэта «начальніцкае» сядзенне? Дзіўная псіхалогія ў чалавека: дай маленькую ўладу, тут жа робіць усё, каб не ўроўніваць сябе з астатнімі, хоць крэслам, але выдзеліцца.
Купіў білет — талоны, аказваецца, на гэтым маршруце не маюць сілы — і перабраўся на задняе сядзенне, дзе якраз каля акна было яшчэ вольнае месца.
На прыпынку «Камароўка» людзей падбавілася, і дзядзька з двума лазовымі кошыкамі, убіўшыся на сядзенне, прыціснуў мяне так, што я не мог паварушыць рукою. Дзядзька быў тоўсты, няголены, у ватоўцы і замасленых штанах, а кошыкі, якія ён трымаў аберуч за дужку, пахлі яблыкамі і, спрэс утыканыя саломінкамі, былі падобны на кацінае мурло.
Класічны гандляр, падумалася пра дзядзьку. Але ж стаяць за гандлярскім сталом і не такія, а інтэлігентныя з выгляду мужчыны — прасветленыя твары, негрубыя рукі, правільныя словы, чыстая кашуля, гальштук. Я не столькі гэтым людзям здзіўляўся, колькі імі абураўся: што прымушае іх прыніжацца (іначай не скажаш), стаяць, лісліва заглядваць у вочы, махаць рукамі, зазываючы на свой тавар пакупнікоў; і самае горшае тут — што не з-за ласкі яны ідуць на такое, а з-за хцівасці сваёй, якая, можа, як ні што іншае забівае ў чалавеку дабрачыннасць.
Адвярнуўся да акна, за якім імчалася з хуткасцю аўтобуса (толькі ў адваротным напрамку) восень: сухая, жорсткая трава, стаптаная капытамі кароў, аднолькава зжаўцелыя дубкі і бярозы ўскрай узаранага чорнага поля, што злучалася ўдалечы з палоскаю сіняга, дзіўна празрыстага небасхілу. Іншы раз мне, растрывожанаму ўяўленнем, хацелася паляцець на крылах туды, за празрысты, сіні далягляд, каб убачыць на свае вочы, што малюе фантазія і ці ёсць якая-небудзь у яе мяжа?
Мой позірк зняцяйкі абарваў аўтобус — адзін, другі, трэці... Тыя, што стаялі на прывакзальнай плошчы, з надпісам: ХАТЫНЬ. У вокны відаць: замежныя турысты. Дзіву даешся, калі чытаеш і чуеш, што там, за кардонам, зусім мала ведаюць пра нас, савецкіх людзей. Няўжо тыя, што прыязджаюць (во як гэтыя), не могуць разнесці па ўсім свеце праўду аб нашай краіне, яе міралюбнасці, аб яе жаданні сябраваць з усімі сумленнымі людзьмі планеты? Што ім не дае, чужы светапогляд ці раўнадушша, урэшце боязь? А можа, проста іх, відавочцаў, так мала, што іх праўдзівае слова, як тое воблачка пылу, бясследна растае над мільёнамі задурманеных прапагандысцкай хлуснёю галоў?
...Аўтобус спыніўся на заасфальтаваным пляцы, перад вышыннымі белымі, як папера, дамамі.
— Ці не падкажаце, дзе шпіталь інвалідаў вайны? — спытаў я ў жанчыны-кандуктара і акурат напомніў ёй пра абавязкі. Яна спешна, ужо ў спіны людзям, што цясніліся, выходзячы, каля дзвярэй, аб’явіла:
— Каму ў абласную бальніцу і гошпіталь — злазце!
У тых вышынных белых, як папера, дамах — падказвала шэрая пліта-шыльда з літарамі серабрыстага бляску — была абласная бальніца.
— Шпіталь, — падказаў мне дзядзька ў скураным чорным паліто і брылі, — трохі далей, ву-у-унь за ляском.
Я пакіраваў туды па шырокай пясчанай дарожцы, паўз якую цесна, бы на парадзе, стаялі сінія, белыя, чырвоныя, жоўтыя легкавушкі, і ні ў адной з іх не было людзей. Лясок аказаўся ельнікам, густым, высокім, але надзіва чыстым, як падмеценым: ні табе галінкі, ні табе сучка. Зямля ўсыпана жоўтай сухой бліскучай ігліцаю, на якой ляжаць чорныя шышкі — маленькія натапыраныя вожыкі. Столькі шышак я ніколі ў жыцці не бачыў, хоць і вырас у лесе, хадзіў па ельніках, нават па ялугах, як называюць у нас густую, непралазную чмурэчу. На дне акопаў, што захаваліся ад вайны, шышак было аж чорна, акурат выпнуў калматую спіну буры мядзведзь. Адна шышка сарвалася з яліны, стукнулася ў горбік зямлі і скацілася ў акоп, быццам гільза да гільз, той і розніцы, што — без дыму і ціха, не звякнула.
Ад усіх гэтых колераў і гукаў міжволі трывожна станавілася на сэрцы, у галаву ўпарта лезлі думкі аб мінулай вайне і яе ахвярах; пра тое, што наш неспакойны ядзерны век таксама азмрочаны халодным дыханнем злых сіл за акіянам.
Мяне заўсёды трасе ад слоў «бойка», «бой», «забіваюць». Наіўна, канечне, але мне іншы раз здаецца, што чалавека няможна забіць. Чалавек можа памерці, калі аслабнуць лёгкія, печань, сэрца, ныркі, але забіць яго няможна. Я не ўяўляю, як можна жывасілам спыніць сэрца. Хіба яно не будзе працаваць нават тады, калі чалавек увесь зранены? Яно ж заўсёды і ва ўсіх выпадках выручае чалавека. Можа, і ў наіўнасці ёсць доля сэнсу?
Я, мужчына, чалавечае дзіця, чые далёкія продкі хадзілі на мамантаў, бізонаў, ільвоў з дзідаю і каменем, за сваё жыццё яшчэ нікога не ўдарыў, не крануў пальцам, хоць не скажу, што прырода пашкадавала мне сілы: у дзяцінстве, калі была завядзёнка борацца (на выгане, у двары, проста на пяску на вуліцы), я лажыў на лапаткі старэйшых ад сябе хлопцаў. А вось біцца...
Ужо быў жаніхом, на танцы ў суседнюю Дабранку пайшлі, дык мясцовыя блазнюкі здуру намыслілі напалохаць нас, малінаўцаў, і перастрэлі з друччам у руках. Як я ляцеў, не дарогаю, праз балота, дахаты. Абадраўся, абрасяніўся, валасы растрэпаныя. Маці, убачыўшы мяне, аж крыкнула. Я расказаў ёй, не скупячыся на самыя жахлівыя словы, што здарылася. Маці глядзела на мяне з жалем і спачуваннем, а мне хацелася, каб яна яшчэ і прытуліла да сябе, як маленькага.
Я не ведаю, хто я такі, але і хлюпікам сябе назваць не магу, мабыць, мая істота не хоча прымаць бессэнсоўныя бойкі і рызыку.
Неяк было на «ваенцы»... Кідалі мы гранаты на палігоне, сапраўдныя, баявыя, РГД-5. Першае аддзяленне выйшла на агнявы рубеж, астатнія заселі ў траншэях. Скажу праўду, жудасна чуць нават сам выбух: як ад перуна заканапачвае вушы, а пыл, а дым... Нам не па сабе, нервуемся — баявая граната. Хлопцы па адным, з гранатаю ў руцэ і аўтаматам на грудзях, ідуць наперад — наступаюць. Па камандзе афіцэра-выкладчыка кідаюць гранату ў «варожы» акоп (з яго чучала тырчыць) і не лажацца на зямлю, а з крыкам «ура» бягуць у атаку; прыкрываюць прыкладам ніз жывата, згінаюцца — на галаве каска.
І раптам адтуль, з пярэдняга краю чуем: «Параніла!!!» Твары ў хлопцаў імгненна сталі белыя, у вачах застыў жах. Сумятня. Воханні. У мяне таксама халадок па спіне слізгануў. Але і тады, калі прыбег пасыльны і сказаў, што «нікога не параніла, а толькі прасекла асколкам бот», ніхто не асмеліўся выходзіць на агнявы рубеж: хто ў зямлю глядзеў, хто ў неба, адзін, моднік факультэцкі, люстэрка дастаў і ўнурыўся ў яго. Я дык — дзіва! — на зялёнага чарвячка загледзеўся: з жоўценькай галоўкаю і рудымі макулінкамі вачэй, ён грыз травінку, адмыслова выразаў сківічкамі ўзоры на ёй. Дыхнуў вецер — чарвячок упаў у траву, і тут аднекуль рашучасць у мяне з’явілася, ускочыў я на бруствер.
Афіцэр-выкладчык паглядзеў на мяне з павагаю і даў гранату. Я вырваў у ёй кальцо і, прыціскаючы сутаргавымі пальцамі вузенькі белы рычажок, пайшоў у «атаку». Назад варочаюся, бачу, хлопцы галовы паднялі з траншэй. Першы, ён усягды рызыкуе болей, чымся тыя, хто следам ідзе, хаця фартуна іншы раз усё блытае.
Гэту яловую і пачуццёвую змрочнасць вобміг рассеяла пранізліва-белая яснасць, што ўдарыла шквалам у вочы, як толькі я выбраўся з лагчыны і ўзышоў на пагорак: сонца вырвалася з-за хмар і асвяціла ствалы ялін, скрозь якія віднеліся пабудовы і голае, нейкае фіялетавае (пясок такі, ці што?) поле. На правую руку ад мяне гарэў агонь, каля яго стаялі-хадзілі мужчыны ў сініх халатах, смяяліся; кідалі ў агонь ламачча, і тады ўверх шугалі салюты чырвоных іскраў. Ад гэтае людское бесклапотнасці, ад гэтых чырвоных іскраў зразу пацяплела і мне.
Па краі, на ўзлеску стаяла шмат альтанак з круглымі, як грыбы, сталамі і доўгімі лаўкамі, пафарбаванымі ў тонкі, блакітнаваты колер, акурат нешта несур’ёзнае, дзіцячае.
Сам будынак шпіталя быў змрачнаваты на выгляд, цагляна-руды, і толькі апошні, шосты паверх і аднаскатны дах — нясцерпна белыя, і, можа, таму на антэне і на краі страхі, падшытай латочынаю для сцёку вады, я ўбачыў галубоў: іх было шмат, як і на вакзале, але сядзелі яны ціхамірна, паклаўшы на шыфер раздзьмутыя ліловыя валлякі, акурат адчувалі, разумелі, што тут іх ніхто не настрашыць і што яны ў поўнай бяспецы.
Прасценкі двух ніжніх паверхаў густою калматаю коўдраю акрываў хмель. Лісце яго, цяпер калінава-барвянае, мала рознілася ад колеру сцен. Праз вокны, з расхінутымі на бакі белымі фіранкамі, відаць былі ў палатах людзі.
Невысокую мураваную абгароду ўвенчвалі тугія пірамідкі ядлоўцу, ён быў зялёны, з блакітнымі бусінкамі ягад. Я спусціўся па сходцах, умошчаных гладкім бліскучым каменем.
У двары стаяў нізенькі, абліцаваны блакітнаю кафляю, зрубчык. У ім была вада, з яе тырчала гіганцкая, мусіць, болей метра, самаробная ракавіна, пазней я выпадкова даведаўся, што яе вылепіў інвалід, настаўнік з Магілёўшчыны. Я спыніўся каля зрубчыка. Ракавіна, здалося, шумела, як мора. Потым зразумеў, яна і праўда адзываецца на вецер. Вада ў зрубчыку была светлая, як сляза, на дне вырысоўваўся кожны каменьчык, бледна-зялёныя лісцікі, што ссыпаліся з кустоў ніцае вярбы і былі падобныя на печкуроў, якія вельмі любяць чыстую ваду і камяністае ці пясчанае дно.
Дзверы ў шпіталь былі шкляныя, і яшчэ з ганка я ўбачыў у фае бледна-ружовыя кубачкі цюльпанаў, што раслі на квадратнай клумбе, абкладзенай з усіх бакоў буйным палакіраваным сіняватым гранітам. Пах стаяў у фае не бальнічны, а чысты, свежы, і гэта мяне здзівіла не меней, чымся трохі пазнейшае: што да сцен у калідоры былі прымацаваны ёмкія дубовыя парэнчы, на якія чамусьці карцела абаперціся рукою.
Звычайна чуццё не падводзіла, а тут падвяло, як назнарок: шукаючы палату, я павярнуў не ў той бок калідора, доўгага і прамога, бы тунель. Маім цывілізаваным, спешчаным прыгажосцю і гармоніяй вачам адкрылася ўражлівае відовішча. Скрозь па калідоры сядзелі, ляжалі, хадзілі, стаялі, поўзалі людзі. Без рук, ног, вачэй, носа, вушэй; сагнутыя ў крук ці пахіленыя ўбок з такім заломам, што рука даставала падлогу; некаторых везлі на калясках, а то неслі на насілках як нежывых.
Міжволі я параўнаў іх, калек, з лесам, у якім доўга круціла, шалела бура. Спіна ў мяне зашэрхла ад халодных колікаў. Сцяты, я асцярожна, бы ў спляценні электрычных правадоў, ступаў па калідоры. Мне было няёмка і сорамна за тое, што я, малады, здаровы, апынуўся тут, сярод нямоглых, скалечаных людзей, інвалідаў: «белая варона», я, канечне ж, кідаўся ім у вочы, і ад таго іх доля, здавалася мне, станавілася яшчэ пакутлівей і бязрадасней.