— Што касіць, калі радыяцыя? Можа, скажуць, нічога не касіць, не ўбіраць... Малако ж не дазваляюць есці. І дзяцей не так сабе вывозяць.
— Дзе яна, тая радыяцыя?
— А што ты яе ўбачыш ці знюхаеш?
— Ну, мусіць жа, неяк яе знаходзяць...
— Прыбор такі ёсць.
— Прыбор — хварабор... Табе абы нічога не рабіць. І сама во злягла, не магу, а ты бегаеш, як закілзаны...
Не любіў Залога, калі жонка чаплялася да яго, бурчала, клібніла. Зразумееш ты бабу ці ўладзіш ёй! Як і колькі ні рабі — усё роўна гультаём абзаве. А на душы і так моташна. Свет дагары нагамі стаў. Прыйшло ж некаму ў башку дурную — помнік бурыць... Ды не бурыць, а каля кожнай хаты яго ставіць трэба. Няма той сям’і ў вёсцы, каб не чаплянула сваім кіпцюром вайна... Во ў яго два браты злажылі галовы — Раман на Одэры, Міцька зусім без вестак прапаў... Яго самога калекам зрабіла вайна. У жонкі бацька загінуў, сястра на міне падарвалася — немцы прымусілі цягаць па шашы барану, выскароджваць партызанскія міны. У Беларусі кожнага чацвёртага не стала... Чацвёртага... А магло б і трэцяга...
Нешта быццам кальнула Залогу ў сэрца, зазвінела ў вушах. Ён насупіў бровы, і на лбе зверху ўніз глыбока прарэзаліся дзве баразёнкі, успамінаў... Намагаўся нешта ўспомніць. Нешта важнае, патрэбнае акурат на гэты момант. Кожны трэці... Магло б не стаць кожнага трэцяга... Хто яму пра гэта гаварыў? Дай бог памяць... Так, так, нехта свой, залівонаўскі. З мужчын. Пад чаркаю, п’янаваты. Было, зрэшты, дзіўна, што чалавек падпіў... Дзе гэта, калі? Стой, выпіць усім, малому і старому, дазваляецца на радаўніцу. Такі закон: кожны павінен памянуць продкаў. Хто з іх залівонаўцаў мала п’е?
Клімаўскі!
Залога адчуў, як з твару адхлынула кроў, у скронях зацокалі малаточкі...
Ён успомніў радаўніцу шматгадовай даўніны. Яна была незвычайная, супала з Днём Перамогі.
...Дождж пачаў ісці звечара, ліў усю ноч, і пад раніцу з неба сыпалася дробная, як пыл, імжа, ці, па-іхняму, рось. Мяккі, спасцярожліва-ціхі ветрык калыхаў гэтую мутную, ліпкую, як павучына, пялёнку. Можна перанесці вяселле, радзіны, улазіны, але не радаўніцу.
Акрыўшыся хто цэлафанам, хто цыратаю (у вёсцы парасонаў не купляюць), людзі ішлі на могільнік. Зграбалі з магіл леташнюю траву, ігліцу, шышкі, сухія галінкі, зносілі ў кучы і падпальвалі. Мокрае гарэла неахвотна, пускала зялёны, бы з порхавак, дым, які нізка плыў над зямлёю, зліваўся з пялёнкаю імжы.
І Залога прыйшоў на могільнік з граблямі ў руках. Ён засяроджана здымаў з магіл зляжалы цвёрды слой ігліцы, расчэсваў маладую, кволую траву, баючыся пашкодзіць тугія, сакавітыя зялёна-ружаватыя скочкі. Яны раслі сямейкамі, як грыбы,— вялікая і вакол меншыя, зусім маленечкія пупсікі. Гэтыя расліны валодалі нейкай таямнічасцю, быццам яны былі прышэльцамі з таго замагільнага жыцця. І хадзіла прымха, што рваць гэтыя скочкі, глуміцца з іх — вялікі грэх.
Нагробшы кучачку ігліцы, Залога прыціснуў яе скалечанай рукою да зуб’я грабель і панёс за агароджу. Там гарэла некалькі вогнішчаў, патрэсквалі, вылётваючы з агню, вугельчыкі, дыміліся, як незатушаныя недакуркі, на ігліцы.
Пятро Клімаўскі таксама прыбіраў магілы. Залога ішоў міма.
— Салют ветэранам! — махнуў рукою Пятро.
— Здароў табе! — адказаў Залога.
— З Перамогаю, дзядзька!
— Ага, дзякую...
Між імі, хоць іх бацькі сваякавалі, ніколі не было поўнай шчырасці, даверу. Мабыць, усё-ткі адзін аднаго яны недалюблівалі, можа, у нечым не разумелі, нешта не прымалі. Варыянт не новы, часта сярод чужых людзей больш паразумеласці, чым сярод сваіх.
— Ехаў учора каля твайго помніка... Нешта стаіць ён як сіротка,— сказаў Пятро, аблёгшыся на граблі.— Ніхто не прыбірае...
— Вілюхін колісь пасылаў школьнікаў.
— Інтарэс нейкі быў, цяпер забылі. Нікому нічога не трэба.
— Трэба схадзіць глянуць, што там...
— Дождж...
— Невялікі, а мы не цукар, не растанем.
Яны з могільніка сцежкаю цераз сасоннік пайшлі да помніка. Па гэтай сцежцы Залога вясной насіў бярозавік. На ігліцы віселі вялікія белыя кроплі. Зрываліся, выбівалі на сцежцы на пяску ямачкі.
Старанна падгрэблі вакол помніка смецце. Наламаўшы з яліны лапак, падмялі. У нішку, дзе заўсёды стаялі ў глечыку кветкі, палажылі пучок сасновых галінак.
Адразу воку мілей стаў глядзецца помнік.