— А што вы не можаце сказаць Грыню, каб пасылаў школьнікаў глядзець?
— Вось і трэба было глядзець! А цяпер што...
— Раней там, каля помніка, і ў піянеры прымалі...
— Цяпер няма каго прымаць... Колькі ў вашую школу ў першы клас пайшло? Адзін чалавек? Здаецца, Клімаўскога сын...
— Во-во! Вёска вырадзіцца, а помнік будзе стаяць... як памяць, як сведка,— аж павесялеў Залога, што знайшоў яшчэ адзін довад.
— Помнік даглядаць трэба.
— Ну давайце я пакуль займуся ім... Пафарбую, шклом прозвішчы застаўлю, падмажу...
— Позна! Трэба раней было. Ён сваю функцыю ўжо ісполніў, аджыў...
— Што гэта, Мікітавіч, ты гаворыш? — як не падскочыў з крэсла Залога.
Адчыніліся дзверы — заглянула дзяўчына-сакратар.
— Якаў Мікітавіч, вам звоняць.
Лашкоў узяў трубку, прыціснуў да левага вуха, а потым, нахмурыўшыся, перанёс на правае.
— Во бачыш, паступіла каманда дзяцей эвакуіраваць,— сказаў, кінуўшы на тэлефон трубку.— А ты з помнікам... Ці да яго цяпер? Адымаеш толькі час у людзей.
Залога бачыў, што Лашкоў гаварыў запаволена, як бы ў сне, бо думкі яго былі ўжо заняты тым, што пачуў па тэлефоне. Гэты званок, здаецца, узрушыў і яго, хоць ні дзяцей, ні ўнукаў пры ім не было. Заплывала ў сэрца, калола трывога: знаць, добра сыпанула радыяцыя і тут, раз вывозяць дзяцей. А можа, на ўсякі выпадак, каб перастрахавацца вывозяць? Во, чорт! І праўда апусцее вёска... Але ж пакуль жывуць людзі, і ён, Залога, жыве. А раз жыве, то і за помнік стаяць будзе, хоць гром, хоць маланка. Залівонаўку хай сабе не ўдасца захаваць, а помнік трэба захаваць. І Лашкоў тым, што сказаў, быццам цяпер не да помніка, падаў яму хоць нейкую спадзёўку: а раптам усё пераломіцца, зменіцца?
— Тады я не буду замінаць, пайду...— сказаў Залога.— А куды вывозіць будуць, не гаварылі?
— Пад Магілёў, у піянерскі лагер.— У вачах у Лашкова з’явілася не то жорсткасць, не то рашучасць.— Скажы там Клімаўскому, каб прыехаў ці пазваніў мне... як штык!
— Добра, перадам,— сказаў Залога і, павесялелы ў душы, выйшаў з сельсавета.
Густа, неяк тужліва шумеў лісцем дуб, ад яго цераз дарогу шырокаю чорнаю посцілкаю ляжаў цень. У лужыне, берагі якой акаймавала зялёная бросня, купаліся вераб’і. Калі Залога наблізіўся, яны падняліся і, голасна цвыркаючы, паляцелі. Заклапочаны, але з лёгкім сэрцам, што недарэмна схадзіў, ляцеў у Залівонаўку Залога. Не птушка ён, канечне, не верабейчык, але памаладзеў быццам. І тры кіламетры дарогі не здаліся пакутлівымі, як здаваліся тады, калі ішоў у сельсавет.
Час быў абедзенны. І Залога падумаў, што якраз дома павінен быць Клімаўскі. Трэба адразу перадаць яму просьбу Лашкова.
На двары Клімаўскіх, схіліўшыся над белай цынкавай балеяй, Насця мыла бялізну. Яна была ў сіняй сукенцы, стаяла спінаю да вуліцы ў лужынцы сівой мыльнай вады. Залога замарудзіў крок. Насця яго не бачыла. Ці то ад стомы, ці ад гарачага сонца, што пякло ўсю дарогу ў твар, да скроняў прыхлынула кроў, затухкала. Ён сумеўся. А можа, і Насця таму віною і якраз недарэмна раўнуе яго Пятро? Можа, ён нешта заўважае, чаго не бачыць сам Залога? А што, калі і праўда яго старое сэрца адгукаецца як-небудзь на жанчыну, ды ён не можа, чарвівы пень, яго зразумець...
Залога кашлянуў. Насця разагнулася, кончыкамі пальцаў абцягнула з клубоў сукенку. Заўсміхалася. Шчокі расчырванелыя, гараць, як памідоры, і зубы такія белыя, што ў Залогі вочы самі зажмурыліся.
— Добры дзень, Данілавіч! — Яна не збянтэжылася ад нечаканасці, падобна, абрадавалася яму.
— Ці дома Пецька? — спытаў Залога.
— Якраз няма!..— Насця гулліва цыўкнула позіркам, і ён разгубіўся. Яна глядзела на яго вясёлымі, крыху прымружанымі вачыма.
— А я з сельсавета...— іншым разам Залога так адразу не сказаў бы, чаго зайшоў, пацвяліўся б, пакрыўляўся б. Старому ж, як дзіцяці, абы пазабаўляцца.
— Перадаць што? — Усмешка зляцела з Насціных вуснаў.
— Лашкоў прасіў, каб Пецька пад’ехаў ці пазваніў...
— Кожны дзень то туды, то сюды... Зацягалі ўжо яго.
— Важнае дзела...— Адразу, а цяпер яшчэ больш здзівіла Насцю, што Залога нейкі сёння дужа строгі, заклапочаны, і ёй кальнула ў сэрца: «Ці не стрэслася зноў якая бяда?» Гарэзлівасць з твару ў яе прапала, каля вачэй сабраліся маршчынкі.
— Якое? — як бы наперахапкі спытала яна.