Сякера адскоквала ад дубка, як ад гумы, выскепвала маленькія трэскі, яны далёка адляталі ў траву, бялелі там; а стрыжань зусім шэры і цвёрды, як крэмень.
З перадыхамі зваліў Залога дубка, абцерабіў. Прыкінуў: тры слупкі будзе. Яшчэ адзін дубок спляжыць — і дос. Лішні будзе слуп — сабе на сядзібу ўкапае, падгніло ўжо прасла.
Ён думаў, як возьме ў конюха Пімена Кунцэвіча каня, прыедзе па гэтыя слупкі. Дробязь, а ўсё нейкія рагаткі. Вось і з канём гэтым. Дае яму Пімен каня, але заўсёды крывіцца, як скрозь зубы цэдзіць: «Бяры...» А ўсё праз тое, што пенсія ў яго не калгасная, а па лініі райана. Адчуваеш сябе ніякавата, жабраком, які просіць міласціну. З такім пачуццём пакуль прыйдзеш да конюха, усе духі выматаеш.
«Трэба перакурыць...» — падумаў ён і глянуў на пінжак.
На пінжаку сядзела чорная з блакітнымі «вочкамі» мятлушка, зводзіла і разводзіла крылы. Пырхнула, калі ён нагнуўся лезці ў кішэню па папяросы.
Ён сядзеў на зямлі, курыў, а мятлушка-назола кружылася вакол яго. І толькі як трапіла ў воблачка дыму, некуды знікла.
Дакурыўшы папяросу, ён яшчэ доўга сядзеў і глядзеў у зямлю. Не хацелася ўставаць: душа яго ссумавалася па цішыні, спакоі.
Ён ужо меў за каркам такія гады, калі можна і было на што аглянуцца. Часта чуў па радыё, бачыў па тэлевізары, чытаў у газетах, як людзі гаварылі: нягледзячы ні на што, ні на якія злыбеды, не хацеў бы сабе іншай долі. Ён не верыў гэтым людзям, лічыў, што яны або няшчырыя, або не паспыталі сапраўднага жыцця, так недзе з боку ад яго прайшлі. Як жа быць задаволеным сабою і жыццём, калі толькі і ведаў, што змагаўся, да знясілення працаваў, перамагаў страх смерці, адстойваў справядлівасць, на якую іншым было напляваць, ва ўсякім разе, з лёгкасцю закрывалі на яе вочы.
Не быў жа яго бацька ні кулаком, ні нават серадняком, але і яго котлішча разбамбілі ў трыццатым годзе тарбахваты ўсякія, распалася дружная сямейка, разляцеліся хто куды, як тыя чмялі, калі выкасіш іх гняздо на лузе. Сталінскі хапун колькі людзей, чыстых і сумленных, зусім невінаватых, вынішчыў, адправіў на той свет... Адну толькі вайну перажыць — значыць, ужо ніколі і ні пры якіх абставінах не жадаць паўтарэння свайго лёсу. А ён жа, Залога, быў цяжка паранены, ледзь выкачаўся, гніў у сырых шпіталях-зямлянках, самаручна чарвякоў выкалупваў з ран — сабе і другім... Навошта? Так, але гэта праўда. Праўда і тое, што за кроў пралітую не славу меў пасля вайны, а недавер, абразу... Можна падумаць, Мішка Кухцік вінаваты. Не стукнула б яму ў галаву, калі б час не такі быў. Усе на час прывыклі звальваць, а не на людзей. Людзі і ёсць час. Якія людзі, такі і час. У 65-м электрыку ў Залівонаўку правялі, і тут старшыня знайшоў, як паздзекавацца. Не ў калгасе — знаць, плаці за выпас, а не плоціш — адключым электраправодку. Так і зрабілі: залез на слуп калгасны манцёр і абрэзаў перамычкі. Залогу што, не прывыкаць, а дзецям якая траўма. Ва ўсіх на вёсцы ў хатах вокны белыя, а ў Залогі — цьмяна-чырвоныя, як вочы ў заплаканага чалавека...
І далей з вёскі гэтай глуміліся ўсе, каму хацелася. Так і чэзла яна ў яго на вачах: дзе толькі падзеліся святы, абрады, песні, скокі, маёўкі, гульні... Ужо каторы год сумна, ціха, як у старой запакінутай хаце. А цяпер увогуле канец свету. Дажыліся... У Залогі было такое адчуванне — прыйшло іменна цяпер, сумнаму, адзінокаму, калі перабраў у памяці перажытае,— што застаўся ён адзін са сваёй Марусяю на бязлюдным востраве. Выручыць хто ці не — адзін бог ведае. Маладзейшыя, канечне, чакаць не будуць, ірвануць куды вочы глядзяць, яны і без радыяцыі не вельмі-ткі чапляліся за зямлю, за вёску... А цяпер і пагатоў. Мала, што газеты ды радыё суцяшаюць, бытта доза ў Залівонаўцы нястрашная. Можа, зноў хлусяць, як не раз было, каб панікі не наводзіць. Заўсёды ж так: няхай чалавек церпіць, абы панікі не было. Паніка на вайне небяспечная, праз яе можна бой прайграць. А тут з кім бой?
«Эха-хо!..» — цяжка ўздыхнуў Залога і з крэктам падняўся.
Ён неахвотна, цяжка ступаючы, ішоў з лесу.
Каля хаты Вілюхіна стаялі сцішана купкаю людзі, твары ў іх былі зажураныя. Трывожны халадок прабег у яго па спіне. Ён падышоў. Мымко павярнуўся да яго, скрыжаваў на грудзях рукі і, заплюшчыўшы вочы, схіліў галаву. Залога ўсё зразумеў — памёр Вілюхін. У вачах закружылася зямля, пахіснулася, і ён пахіснуўся, як бы стаяў у лодцы. Але галава была ясная. Залога прыставіў да частаколіны сякеру: навошта несці яе дахаты, спатрэбіцца рабіць труну.
Як жа мала на зямлі спакою. Толькі на хвіліну дае жыццё перадыхнуць, а тады зноў упрагайся, цягні воз турбот, злыбяды і гора. Адзіны, здаецца, быў у Залівонаўцы чалавек, з якім Залога мог шчыра пагаварыць, і таго не стала. Раптоўна не стала. Гора, канечне ж, гора... Збіраліся разам дошчачкі на абгародку рэзаць.
Залога набраўся духу і ступіў на падворак. Праход быў вузкі: каля сцяны хаты і насупраць каля частаколу былі складзены свежыя клеткі дроў.
За сядзібамі ў Шарыпчынай Грыве тужліва кукавала зязюля.