— Сёння не.
— Тата, ну я хачу...— прасіў сын умольным голасам.
— Стаміўся я, Славік...— Ляшчэвіч разумеў, што трэба вучыць сына катацца на каньках — дзякуй богу, за два разы, што яны выходзілі на лёд, яму яшчэ не надакучылі канькі,— але не мог перасіліць у сабе поўную абыякавасць да якой-небудзь дзіцячай валтузні. Не той быў настрой, віселі іншыя, больш важныя клопаты.
Сын захныкаў.
— Ты заўсёды са мною не хочаш...
— Ну, Славік, што ты гаворыш? — пачаў усур’ёз ушчуваць ён сына.— Чый тата з тваіх сяброў... Малешына, Грабцэвіча, ходзіць з імі на каток, у магазіны, на рынак, на птушыную выстаўку?
Для дзяцей тое, што было, прайшло, засталося ў мінулым,— нічога не значыць, яно не ў залік. Давай новенькае, цяперашняе — іначай: «ты дрэнны», «не хочаш са мною», «усе ходзяць...». Ляшчэвіч лічыў, у яго ёсць права адмовіць сыну: усё-ткі шмат аддаваў яму ўвагі, асабліва калі той падрос, пачаў чапляцца з уедлівым «чаму», цікавіцца звярамі, птушкамі, машынамі, мячом... Былі ў звярынцы, на выстаўцы пеўчых птушак, у цырку, у тэатры юнага гледача, нават на стадыёне «Дынама» на сапраўдным матчы каманд вышэйшай лігі. І цяпер ён не прымаў сынавай просьбы, як кажуць, з чыстым сумленнем.
— Я вазьму клюшку і пайду на стадыён,— зразумеўшы, што бацьку не ўпросіш, як у дакор, маўляў, не будзе дома сядзець, сказаў сын.
— Ідзі,— дазволіў Ляшчэвіч, абрадаваўшыся магчымасці пабыць аднаму, расслабіцца.— Толькі новае футра здымі, апрані старое...
— Добра,— сказаў сын з такою згодаю, што было відаць: ён моцна сумняваўся і ў тым, што бацька адпусціць яго на стадыён.
Сын ахвотна апрануў старое футра, падпяразаўшыся салдацкім рэменем, узяў клюшку, шайбу (сапраўдныя, дарослыя, толькі ў клюшцы Ляшчэвіч падкараціў, абрэзаў дзяржанне) і з радасцю зачыніў дзверы.
Ляшчэвіч паставіў на пліту белую алюмініевую кававарку — ваду на чай. Ён любіў пасля работы піць чай, умеў яго заварваць і меў у запасе звычайна некалькі гатункаў: ад індыйскага (яго тады-сяды давалі ў стале заказаў ці нехта прывозіў з камандзіроўкі з Масквы) і да самага звычайнага — чорнага, байхавага, № 36, за якім, чуў, ганяюцца чыфіршчыкі. Спаласнуў гарачай вадою з-пад крана заварніцу, усыпаў туды чайную лыжку чаю і накрыў папяроваю сурвэткаю.
Неўзабаве вада ў кававарцы зашумела, Ляшчэвіч сыпнуў туды колькі крупінак солі і, пачакаўшы, пакуль вада замуцілася драбнюткімі, як пыл, белымі пузыркамі, зняў з пліты і заліў у заварніцу; зноў накрыў сурвэткаю.
Успомніў, што забыўся забраць газеты, спусціўся ўніз па іх. Разам з газетамі быў канверт з незвычайнаю — адразу кінулася ў вочы — размалёўкаю: па беразе рачулкі ці возера стаяць у чорным доўгім адзенні фігуркі і трымаюць у руках разгорнутыя кніжкі, а можа, якія псалмы; гарыць цяпельца з блакітным дымком, стаяць на пяску лодкі, на вадзе — шырокі плоцік, а ўдалечыні не то высокі шпілясты будынак, не то нейкі малітоўны дом, адно акенца якога свяцілася ў цемры ярка-пунсовым вокам. Пісьмо адрасавалася жонцы — там, у Польшчы, у яе жывуць родзічы, яны тады-сяды і падавалі вестку.
Ён сеў піць чай і разгарнуў перад сабою газету — яна пісала пра ўзброенае ўмяшанне Францыі ва ўнутраныя справы Чада, сваёй былой калоніі; пра тое, што на падтрымку неакаланіялісцкага рэжыму Хабрэ Парыж перакінуў свае войскі, баявыя самалёты «Ягуар» і «Міраж».
«Грыміць, бушуе белы свет,— падумаў са скрухаю Ляшчэвіч.— Калі сам жывеш у міры, цяжка ўявіць, што недзе ідзе вайна, льюцца слёзы, кроў...» Тым болей не хацела душа прымаць ніякай згрызоты, бо набліжаўся Новы год — свята шырокае (іменна так пра яго думалася), іскрыстае, радаснае аднолькава малым і старым; у кожным жыве спадзяванне, што ўсё гораснае, злыбеднае застанецца ў мінулым, а ў будучым чакае толькі прыемнае і добрае; чалавек як бы падцягваецца, стрымлівае сябе ад абраз, крыку, у якіх пагруз свет, стараецца не рабіць другому балюча, дараваць памылкі. Прынамсі, Ляшчэвіч так разумеў і хацеў такім быць. Яму крыўдна стала, што ў кватэры няма ёлкі, што не змог яе дастаць, а заўтра ўжо апошні дзень. Без ёлкі, яе паху, без іголак на падлозе, на адзенні, за якое яны чапляюцца,— і Новы год не Новы год. Трэба заўтра абавязкова, кроў з носа, дастаць елку, цвёрда вырашыў Ляшчэвіч,— сабе, сыну радасць, жонка не будзе журыцца. Праблема, брат, і не пытайся — для дарослага чалавека, а што гаварыць пра малога? Гэта — у горадзе, а ў вёсцы, помніць, ніякіх праблем з ёлкаю не было. Надыходзіў час, і яны з братам бралі саначкі, сякеру ды ішлі ў недалёкі лясок. Сярод бяроз і алешын аплытыя снегам стаялі кучаравыя, густыя ялінкі. Выбіралі самую прыгожую — каб галіны з усіх бакоў аднолькава раслі, вершалінка пядзі на дзве была адрослая — і ўсё гэта на конус звужалася; адсякалі ялінку і са снегам везлі на саначках дахаты; лажылі пад загнетам, каб снег растаў; а паспрабуй яго, абледзянелы, страсаць — іголкі, пяшчотныя кончыкі галін паабрываеш. Была іншая бяда — цацак не хапала, асабліва шкляных. Ды ўсё роўна елка голаю не стаяла. Рабілі з ваты, з паперы, выразалі, расфарбоўвалі ўсякіх звяроў, птушак, ліхтарыкі, сняжынкі. І ёлка — адна любата, вачэй не адвесці! Цяпер і ў вёсцы толькі магазінныя цацкі, і не так ёлка «люба-дорага» дзецям, як тады, раней,— бачыў Ляшчэвіч, калі выпадала бываць на Новы год у вёсцы ў бацькоў.
Ён задумаўся, размарыўся — і схамянуўся, калі стукнулі дзверы. Нехта зайшоў. Сын ці жонка? Не гукнуў яго адразу — значыць, не сын. Прыйшла жонка; распрануўшы футра, заглянула на кухню — чырвоныя ад марозу шчокі, жывога бляску сінія вочы.
— Прывітанне! — Яна, калі не была ў настроі, магла пяць разоў на дні вітацца з ім па тэлефоне.— Елкі не купіў?
— Заходзіў на Камароўку — няма,— сказаў упэўненым голасам Ляшчэвіч.
— Людзі даўно дасталі.— Яна пачала ляскаць каструлямі, міскамі, састаўляць у ракавіну.
— Можа, у людзей час быў, а я пасля работы забіраю малога.
Жонка прамаўчала: што вінаваціць мужа, калі апошнія дні яна лётала па магазінах, спадзеючыся купіць у канцы года што-небудзь дэфіцытнае, імпартнае.
— Заўтра купі.— Яна гаварыла так, быццам уся замінка не ў тым, што елак няма, а ў тым, што ён проста не хацеў яе купляць.
— Я ўжо сам паставіў сабе задачу.
— Чай цёплы? — Жонка дакранулася пальцамі да заварніцы.
— Толькі што ўскіпяціў... А што, на агеньчыку нават чаю не было?
— Пародыя на агеньчык! — Жонка была відавочна незадаволена. І зусім рана вярнулася.
— Што ж вы так далі маху? — Ён зразумеў: нехта жонку пакрыўдзіў.
— Я лімон купіла... недзе ў сумцы.— Яна схадзіла прынесла сумку, выняла не даўгаваты, а круглы, бы апельсін, лімон.— Ідзе вірус грыпа, трэба вітамінаў паболей ужываць.
— Табе пісьмо з Польшчы.— Ляшчэвіч узяў з падаконніка і аддаў ёй канверт.