Ціха стала ў калідорах інстытута пасля абеду, не было той ажыўленасці, галасоў, бразгату, што чуліся ў звычайныя дні. Ніхто не піў чаю, мода на які развілася ў апошнія гады. І ў «курылцы» — невялічкім пляцы каля акна, збоч пад’ёмнай лесвіцы, дзе ацяпляльныя батарэі,— нікога не было. На століку з жоўтымі кружкамі прапалін сіратліва стаяла шкляная попелка з двума недакуркамі. Ляшчэвіч тузануў дзверы суседняга аддзела — хацеў аддаць паперу з рэзалюцыяй дырэктара «азнаёміць усе падраздзяленні НДІ» — замкнуты. «Што сядзець і мне... Трэба ехаць раней на Камароўку, можа, куплю ёлку...» Але побач з іх аддзелам на сцяне павесілі святочны выпуск насценгазеты «З Новым годам, біяхімікі!», і цяпер каля яе стаяла кадравічка, якой па новым стандарце, што нядаўна зацвярджалі на камісіі па якасці, выпала сачыць за распарадкам дня (божа, колькі «жалезабетону» ў гэтых стандартах!). Жанчына яна пажылая, збіраецца на пенсію, і норавам мяккая, з прыемнаю ўсмешкаю, але няёмка ісці міма, гэта ўжо нахабства, якое Ляшчэвіч не прымаў у іншых. Хоць на тую газету і не было чаго глядзець, кадравічка ўнурылася ў яе і паказвала сваім выглядам, што ёй цікава.
Стрэлка гадзінніка марудна набліжалася да пяці.
— Ідзі,— сказала Таня Саўкова,— я пабуду да паловы шостай... Мы дамовіліся з мужам у гэты час сустрэцца.
— Вы ёлку сабе ўжо дасталі?
— У нас штучная. Купілі штучную, дык няма праблем.
— Штучная мне не падабаецца, эфекту ад яе нуль — ні паху, ні іголак... Або ніякай, або сапраўдную, зялёную, з лесу, і абавязкова тую, пад якой сядзеў касавокі... Год зайца, як-ніяк.
— Раней прадавалі на рынку каля Юбілейнай плошчы, а сёлета нешта не прывозілі.
— Ды я ля Камароўкі блізка жыву, там заўсёды прадаюць.
Іх размову перапыніў тэлефон. Трубку падняла Саўкова.
— Цябе... Мабыць, жонка.
Ляшчэвіч узяў трубку, увесь напяты.
— Алё!
— Сяргей? Не пазнаеш?..— Дзявочы голас, да болю знаёмы — з нізкаю, мяккаю пасадкаю, быццам гукі прапускаюць скрозь марлю,— але забыты. «Хто ж гэта?..» Ён стаяў разгублены, намагаўся ўспомніць дзяўчыну.
— А як ваша Лена пажывае? Замуж выйшла?
«Родзічка якая?»
— Гэта Ніна, Леніна сяброўка.
— А-а, Ніна!..— абрадаваўся ён.— Ну прывітанне! Адкуль ты?
— Ды вось пераехала ў Мінск... з паўгода назад.
— Паўгода? Што ж ты раней не пазваніла!
— Не было калі... Знаеш... кло-о-опатаў. З мужам я развялася, гадую сына...
— Трохі нечакана, і званок твой, і развод...
— Я сама не ведаю, чаму так атрымалася... Ой, Сярожа, мне так прыемна чуць твой голас!
— Мне твой — таксама. Даўно цябе не бачыў.
— Дзе я толькі не пабывала... Каб ты ведаў! І ў Казані, і ў Прыбалтыцы, і на Далёкім Усходзе...
— Вандроўніца.
— Не кажы ты!
Іх размова — адчуў Ляшчэвіч — як гульня ў шахматы: ходзіш фігурамі, а ў галаве трымаеш стратэгічную мэту. І раптам адзін нечаканы ход — і мат!
— Я хачу з табою сустрэцца,— сказала яна, і голас у яе ніколечкі не змяніўся, не задрыжаў.
— Добра, я не супраць, але сёння часу не маю — трэба ёлку дастаць. Ты пазвані мне пасля Новага года, добра? — сказаў Ляшчэвіч, баючыся, каб не падумала Ніна, што ён не хоча з ёю сустракацца. А чаму б і не сустрэцца, не пабачыцца, не ўспомніць маладосць? Трохі «крамолаю» папахвае, канечне, бо скажы жонцы — западозрыць у здрадзе, а гэта ўжо трэшчынка. Потым другая трэшчынка — так і да расколу даходзіць: з адной дзве палавінкі.
— Добра, я пазваню...