Ляшчэвіч палажыў трубку.
— Сяброўкі звоняць? — як бы з рэўнасцю спытала Саўкова.
— Маёй сястры сяброўкі,— аджартаваўся Ляшчэвіч.
Саўкова падміргнула, але ў вачах яе Ляшчэвіч заўважыў разгубленасць.
Ён сабраўся і пайшоў. Каля кадравічкі стаялі яшчэ дзве жанчыны з бухгалтэрыі, і гэта ўжо не так кідалася ў вочы, што Ляшчэвіч пайшоў апрануты.
Ідучы на адкрытую плошчу рынку, Ляшчэвіч не заўважыў, каб хто нёс ёлку. Не прадаюць?
Але чарга стаяла: доўгая, звілістая, як вяроўка. За драцяною рашоткаю — загон, як для жывёлы,— былі навалены абмызганыя, рэдкія, абсцябаныя ялінкі. «Калі будзе прывоз?» — спытаў Ляшчэвіч у мужчыны ў пакамечанай шапцы, які стаяў на мыліцах. «Хто ведае!»
Расказваў яму адзін знаёмы, як даставаў ёлку. Стаяў з гадзіну, бачыць, нешта не тое. Аказваецца, ветэранам, іншым, хто браў пасведчанні, прадаюць. Хацеў прарвацца — дружыннікі не пусцілі. Купіў у цёткі, якой перапрадаў ветэран.
Народ тоўпіўся, нечага чакаў. Твары былі і раздражненыя, пахмурныя, а былі і вясёлыя, бестурботныя.
Падышоў высокі мужчына, у чорным паліто з каракулевым белым каўняром і ў бабровай шапцы, жоўтыя, як падпаленыя, варсіны якой тырчалі ва ўсе бакі, як іголкі ў дзікабраза.
— А што, зачынена?
І Ляшчэвіч таксама звярнуў увагу, што дзверы ў загон замкнутыя на замок. А, між іншым, чым мерзнуць на марозе, чакаць, як кажуць, з мора пагоды, можна было б выбраць хоць якую няўдаліцу з таго лам’я.
— Ды зачынена! — з незадаволенасцю азваўся Ляшчэвіч.— Навошта закрываць было? Можа б, хто і ўзяў з гэтых...
— Канечне, узяў бы! — сказаў мужчына ў бабровай шапцы і павёў вакол вачыма.— Дзе тут хто камандуе?
— Як быццам няма нікога...— Ляшчэвіч і сам ужо, яшчэ раней, хацеў знайсці некага з афіцыйных асоб, якія займаюцца продажам ёлак,— але ніхто на вочы не трапляўся, і дзе іх шукаць — таксама ніхто не ведаў.
Мужчына пайшоў да крытых прылаўкаў, за якімі прадавалі бульбу, яблыкі, квашаную капусту, семкі, і Ляшчэвіч гадаў: ён пайшоў шукаць прадаўцоў ёлак ці яго павёў туды зусім іншы клопат. Яшчэ трохі пастаяўшы і не дачакаўшыся мужчыны, ён нават хацеў быў выцягнуць паўзверх загароды ялінку, балазе голыя вярхушкі іх тырчалі, усё роўна ж яны прападаюць,— але сорам стрымаў яго. Падумаюць людзі, што квапіцца, шкадуе грошай на добрую ёлку, дый, чаго добрага, некаму стукне ў галаву крыкнуць, абазваць яго злодзеем, тады клопату не абярэшся, як з тым талонам. Але і чакаць не было ўжо як, трэба ісці забіраць з сада сына: і так заўсёды крыўдуе, што яго позна, амаль апошняга забіраюць.
Успомніў, што не абедаў сёння, а дома паку-у-уль згатуеш,— зайшоў у кафэ «Смажанка», што на рагу вуліц Веры Харужай і Куйбышава. Раней тут была «Блінная» — звычайная сталовая, а на ўваходзе, за стойкаю буфета прадавалі на разліў віно. Таму-сяму латва дай бог: выпіў шклянку і закусіў гарачанькім. Народу тут заўсёды таўпілася шмат, асабліва мужчын з азызлымі тварамі, і вадзіцелям з аўтастанцыі прыгарадных маршрутаў не ўдавалася нахапок перакусіць, хоць і вісела ў зале таблічка, што яны абслугоўваюцца паперад астатніх.
Ляшчэвіч не хадзіў і цяпер не зайшоў бы ў сталовую, нягледзячы што хацеў есці; у «Смажанку» яго пацягнула міжволі: вельмі ўпадабаў і любіў гэтую старажытную беларускую страву — смажань. Каторыя наведнікі называлі яе проста — блін; але ў гэтай назве чулася Ляшчэвічу зняважлівасць, хоць у смажані больш за ўсяго якраз цеста, дражджавога цеста; ды ў гэтым цесце былі запечаны і скваркі, і цыбулька, і грыбы, і яйка, і каўбаса, і бульба, а наверсе — расплаўлены ў жароўні сыр і барвяная пляма таматнага соусу. Усё гэта, падсмажанае на алеі, падпечанае да хрумсткай ружаватай скарыначкі, было надзвычай смачнае. Не дурні былі нашы продкі, выдумаўшы такую простую, хуткую на гатаванне страву: пяць-шэсць мінут — і гатова.
У «Смажанцы» было мала людзей — стаяла чарга толькі каля буфета, дзе цяпер прадавалі марожанае, сокі і вітамінныя кактэйлі.
Ляшчэвіч запрасіў сабе смажань з гавядзінай (а яшчэ былі «далікатэсны» і «з курыцай»), шклянку яблычнага соку. Узяў з паліванага рудога збанка два відэльцы — двума лягчэй увіхацца, раздзіраць тугі смажань. Есці станавіліся за высокія прылаўкі, прымацаваныя да сцяны — удоўжкі і ўпрытык, папярок залы. На прылаўках не было сурвэтак, але стаялі ў крышталёвых вазах лапчатыя зялёныя галінкі, падобныя на папараць, відаць, прывезеныя аднекуль з поўдня. Пустыя талеркі, шклянкі прыбірала з прылаўкаў пажылая сівая жанчына ў белай куртачцы і ў пакаёвых тапачках, састаўляла ў шырокенькую, як балея, алюмініевую калясачку на колцах. Цяпер прыбіральшчыцы не было відаць, Ляшчэвіч проста ведаў яе па ранейшых візітах.
Заходзіў у кафэ — здаецца, быў дзень, яшчэ было светла, а выйшаў — ужо сцямнела, густая сінька, разбаўленая дымам і туманком, заліла вуліцы, наблізіла да зямлі неба. Уражанне, што ты не ў горадзе, а ў лесе — так густа пахла елкаю, жывіцаю, набрынялым вільгаццю снегам. Задзяры галаву — зоры ўбачыш, але не на вярхушках векавых ялін, а на плоскіх дахах вышынных церамаў-камяніц. На некранутым снезе воддаль ад тратуараў былі выразна відаць сляды — толькі чалавечыя, ні звера, ні птушкі не знайшлося, каб парушыць снегавую бель,— і ад гэтага павеяла сумам.
Да дома было з паўкіламетра, два прыпынкі, і Ляшчэвіч пайшоў пехатою. Усё спяшаешся, усё не паспяваеш, а таму толькі ездзіш. А трэба ж некалі хадзіць — чытаеш, чуеш: арганізму край патрэбны рух, фізічная нагрузка. А калі «нагрузіцца», дзе ўзяць часу? Закінуць усё? Але без гэтай нагрузкі як-небудзь пражывеш, а «закінуўшы ўсё» — не, пацерпіш крах і ў сям’і, і на працы. Ён, Ляшчэвіч, не аддадзены самому сабе, пераплецены, як ніткі ў сетцы, з безліччу ўсякіх іншых узаемаадносін.
Ішлося цяжка, снег на тратуары размясілі, па ім коўзаліся ногі, і неўзабаве Ляшчэвіч адчуў, што стаміўся, увапрэў. Ён пацягнуў уніз замок «маланкі» на куртцы — шыю ахапіў ледзяны свежачок. Ляшчэвіч падправіў, тужэй захінуў махеравы шалік.
З сада везлі на саначках малых — тыя, што жывуць далёка; бліжэйшыя вялі сыноў і дочак за руку, а тыя, хто спяшаўся, каму не было як прастарэкваць, зважаць на ўсякія дамаганні малышоты,— неслі на руках.
Сынава група была на другім паверсе; узышоўшы па крутой лесвіцы, адразу апынуўся перад дзвярыма з вялікай барвовай пластыкаваю лічбаю «10». «Дзесятая» група лічылася «нулёўкаю», асвойвала праграму першага класа.
— Што мне купіў? — сустрэў яго пытаннем сын, дарэчы, як і кожны дзень. Дзіўна проста, адкуль у яго бралася заўсёднае жаданне мець новую цацку. Ляшчэвіч шмат купляў яму ўсякай несур’ёзнай драбязы, але апошнім часам стаў крыху стрымліваць сябе. Бо сын, загарэўшыся жаданнем мець нейкую цацку, тут жа астываў, як толькі яна апыналася ў яго руках; ён страчваў да яе цікавасць, вочы яго сумнелі, і ён трымаў цацку ў руках як нешта выпадковае, лішняе, калі не прымусовае.
— Я не заходзіў у магазін,— сказаў Ляшчэвіч.— І наогул, думай ужо болей пра вучобу, а не пра цацкі.
Пра вучобу Ляшчэвіч напомніў сыну недарма: той рана, у пяць год, навучыўся чытаць і цяпер чытаў, лічы, як дарослы, адно трохі расцягваў, напяваючы, гукі, але зусім кепска пісаў літары, да таго ж нахіляючы іх у левы бок, і дрэнна складаў і адымаў. Увогуле, канечне, расчараваў бацькоў, якія раннюю, часам проста-такі дарослую кемлівасць сына гатовы былі прымаць за вундэркіндства.
Ляшчэвіч нецярпліва чакаў, пакуль сын адзенецца, падспешваў яго. Цяпер, калі прабыў дзень у садзе і, здавалася б, павінен ірвацца дамоў, яму раптам станавілася цікавым усё навокал. Ён, як нежывы, нацягваў штаны, світарок, круціўся па баках, разглядаў малюнкі на дзверцах шафак, вылепленыя імі ж, дзецьмі, фігуркі з пластыліну, маляўніча аформленыя стэнды; і ўжо зусім як на дзіва глядзеў на бацькоў, што прыходзілі забіраць дзяцей. Назіраючы за сынам, ён добра ўяўляў сябе такім жа малым: усё-ткі, як бы не было, дзеці найбліжэй паўтараюць бацькоў, яшчэ не сапсаваных.
— Тата, пойдзем на каньках? — спытаў сын, калі яны выйшлі на вуліцу. У мінулую нядзелю Ляшчэвіч схадзіў з сынам у спартыўны магазін і купіў канькі з чаравікамі — чорныя, з чырвонымі мысамі снягуркі.