- Што ў смерці ягонай вінаваты нямецкі паэт Гейнэ, які прыдумаў зубны боль у сэрцы! І прасіў па смерці яго ўзрэзаць, каб паглядзець, які ў ім чорт сядзіць! Як вам такое ад пралетарскага пісьменніка?.. А ён расказвае мне пра гэта і смяецца. Пытаю: што ж смешнага, калі ў вас чорт? А ён: дык у кожным! І ў вас чарціха сядзіць, купчыхай называецца. Я, кажа, для чарцей і пішу, анёлы кніжак не чытаюць. - Яна яшчэ раз перахрысцілася. - А вы для каго пішаце, Іван Дамінікавіч?.. Для актораў у тэатры рэвалюцыі?..
Ганна паглядзела на Купалу і сказала: "Для мяне".
- Праўда?.. - шчыра здзівілася Зінаіда Рыгораўна. - Добра, калі так. Ты акторка сапраўдная, мала такіх. Абы-што граць не будзеш. - І спытала, дапіваючы гарбату, што ў сподачку засталася. - А якую ролю, Іван Дамінікавіч, вы ёй выпісалі?
Купала чакаў, што Ганна зноў, калі ўжо выдумляць пачала, нешта за яго адкажа, але тая маўчала, таму ён прамармытаў, няёмкасць адчуваючы: "Яшчэ не прадумаў, ведаеце, да канца, але гэта роля каханкі…" - і Ганна дагаварыла за яго, смалячок з валасоў выдзіраючы: "Ці каханкі Бога, ці каханкі д’ябла".
Папярхнуўшыся апошнім глытком гарбаты і проста кінуўшы на стол сподачак, які ўпаў уверх дном і задзінькаў, закруціўшыся, удава фабрыканта Марозава спытала Ганну, уражаная: "Табе ўсё адно?.." Потым, пачакаўшы, пакуль каханка Бога ці каханка д’ябла яшчэ з адным смалячком у валасах справіцца, перавярнула сподачак і, не гледзячы ні на Ганну, ні на Купалу, а ўтаропіўшыся некуды паміж іх і нешта там, паміж імі ўбачыўшы, параіла: "На вашым месцы, Іван Дамінікавіч, я ўсё ж пра Леніна што-небудзь напісала б… Ну, калі не хочаце, як Маякоўскі, пра ягоную рускую рэвалюцыю, дык хоць бы пра ягонае каханне з францужанкай. На ўсялякі выпадак."
28
У Мінску, калі нешта ў яго не складвалася, не ладзілася, не пісалася, калі ўпіраўся ў непрасветнасць, на тле якой немагчыма было што-небудзь напісаць, апроч таго, што яна непрасветнасць, калі шукаў выйсця з яе, - Віктар ехаў у Крэва. У роднае мястэчка. Хадзіў па ягоных пагорках, падымаўся ўсё вышэй - і ўрэшце перад ім адкрываўся далягляд. Тое, што здавалася непрасветнасцю, аказвалася звычайным зацямненнем. Прычым, штучным: трэба было проста адшморгнуць шторку.
З Масквы такім мястэчкам бачыўся Мінск - і Віктар сеў на цягнік. Бачыць некага, размаўляць з кімсьці ў дарозе не хацеў, таму не пашкадаваў грошы, білет купіў, каб да мінімуму звесці магчымасць займець у спадарожнікі знаёмца, у мяккі вагон, у купэ на дваіх. І на табе: другім у купэ аказаўся Глеб Лугунец, колішні ягоны аднакашнік па літінстытуце з мянушкай Крыванос, якому ён, Віктар, некалі нос і скрывіў.
У Маскве амаль дзесяць мільёнаў чалавек, у Мінску амаль два! Разам - дванаццаць! А лёс выбраў Крываноса! Ну ў якую рулетку гэтак выйграеш?..
Глеб быў нападпітку, а таму вясёлы. Зрэшты, ён і цвярозы ў гэтым жыцці не сумаваў, браў ад жыцця, што мог. "Дурны ды вясёлы пражыве і голы", - казала пра такіх маці.
- Я заўсёды кіраваўся і кіруюся логікай, - адразу бахнуў на стол Лугунец дзве бутэлькі віна, гарэлкі ён не піў. - Калі некага я сустрэў, дык для нечага, правільна? І давай, Віця, разбярэмся, для чаго я цябе сустрэў? Не для таго ж, каб ты мне вершы пачытаў…
З вершамі ў Крываноса не пайшло, з прозай таксама, але ён праз гэта не застрэліўся, што раіў яму Шкляр, а, як Глеб сам казаў, пераставіў стрэлкі на дарозе жыцця - і стаў літаратурным крытыкам, літаратуразнаўцам, кандыдатам філалагічных навук.
- Вось ты займаешся Купалам, - казаў пасланы лёсам спадарожнік, папіваючы сталовы, кіслы, як воцат, "Рыслінг", ад якога Віктар адмовіўся, а Лугунец не стаў настойваць, каб выпіў, ён ніколі ні на чым не настойваў. - У гэтым няма логікі, бо Купалам займаюся я. Бо я кандыдат навук - і ў гэтым ёсць логіка. Ты хочаш давесці, што Купалу забілі, і ў гэтым таксама логіка ёсць. Невялікая, выключна твая, асабітая, але ёсць. Толькі на яе ёсць большая. Яна ў пытанні: каму і нашто было яго забіваць? Ці не, спытаем трохі інакш: ці трэба было некаму забіць Купалу? Лаўрэата, ардэнаносца… І дрындушніка!.. "Партызаны, партызаны, беларускія сыны!.." Прызнай, Віця: калі адказаць, што камусьці яно трэба было, у гэтым не будзе логікі. Нават партызанскай. А я не партызан, я вучоны. І, калі я шукаю логіку ў самагубстве чалавека, які ў час вайны, калі партызаны галадаюць у лесе, жыве на ўсім гатовым у гатэлі "Масква" разам з сакратаром ЦК, я, Віця, яе, логікі, не знаходжу… Дарэчы, Віця, пра сакратара ЦК… - з горла, хоць на століку ў купэ шклянкі стаялі, дапіў бутэльку і змяніў тэму Лугунец. - Калі ты думаеш, што ў Мінску ці ў Маскве толькі і гаворкі, што пра цябе ў звязку з тваёй апошняй паэмай ці з тваімі публікацыямі пра тое, як Сталін забіў Купалу, дык, Віця, не. Ты ж сам разумееш, што ў гэтым няма логікі. Усім напляваць на тое, што Сталін забіў Купалу, нават калі забіў. А вось на тое, што ты дачку сакратара ЦК закадрыў, не наплюеш. Ды яшчэ ты, кажуць, у Суслава бываў. І ўвесь у брэжнеўскіх, гэта ўжо я сам бачыў, пацалунках. Дык вось у гэтым, Віця, твая логіка! Тут табе капаць. А ты да магілы Купалы з рыдлёўкай. Што там выкапаеш? Яго ж спалілі. Нават костак няма.
"Отречемся от старого мира! Отряхнем его прах с наших ног!.." - раптам заспяваў, адкаркоўваючы другую бутэльку, - як ягоны страўнік столькі воцату вытрымлівае? - Лугунец. - Ты на сябе ягоную ролю прымяраеш? Ягоны касцюм? На храна, калі на табе вунь які?! Калі не патрэбны - давай памяняемся. Я табе Купалу з усім тым, што я пра яго ведаю, што яшчэ не надрукаваў, а ты мне - касцюм. І Грачына з дачкой. Чаму яна табе дасталася, дзе логіка?.. Столькі лаўцоў на гэтую залатую рыбку ў Маскве, дзе я тры гады ў аспірантуры прашвэндаўся, дзе процьма народу, а прыязджае нейкі вершаплёт… выбачай, ты паэт, паэт… нават без вуды - дзе логіка?.. Навошта табе ў ЦК камсамола Купала?..
Пра ЦК камсамола ён спытаў, мусіць, прагаварыўшыся, бо скуль ведае? І таму, стукнуўшы горлачкам бутэлькі аб зубы, змоўк. Але не надоўга.
- Такія чуткі, Віця. Масква чуткамі поўніцца. Я буду толькі рады, калі ты станеш на такі трамплін. У мяне таксама, між іншым, ёсць магчымасць…
Цяпер ён прымоўк, чакаючы, што Віктар спытае: якая? Не пачуў пытання - і вярнуўся да Купалы.
- Мне прапанавалі артыкул у энцыклапедычны даведнік напісаць. Ведаеш, што купалаўскі даведнік выдаваць збіраюцца? Дык калі адкінуць тое, пра што я ўжо сказаў, што не мае логікі, забойства і самагубства, застаецца трагічны выпадак. Пра яго і збіраюся напісаць. Напіўся і зваліўся. Гэтак банальна. Але калі…
Лугунец зноў змоўк. Зразумела было, што ён хоча нешта прапанаваць. Чакае, калі Віктар спытае: што?.. І Віктар, пра купалаўскі энцыклапедычны даведнік упершыню пачуўшы, спытаў:
- Што "але калі?.."
- А тое, што ў Інстытуце літаратуры… не ў нашым, тутэйшым, а ў Маскве вымалёўваецца вакансія намесніка дырэктара. І калі б ты пагаварыў з Грачыным… што для яго такая пасада?.. тое самае, што дырэктару жылканторы прызначыць дворніка… тады, Віця, я прыняў бы тваю версію. Напісаў бы, што такая ёсць, што яна доказная - і яна твая.
Наўрад ці забыўшыся, што між імі было, Глеб на ўсялякі выпадак пасунуўся бліжэй да дзвярэй, але паколькі Віктар, успомніўшы Посуха: "Калі б ты закінуў за мяне слова Грачыну…" - не кінуўся біцца, нават не стаў лаяцца, Крыванос, які дапіў віно, зрабіў выгляд, што пасунуўся, каб пайсці да правадніка па гарбату.
- Давай мы хоць гарбаты з табой вып’ем. Зрэшты, - падаўся ён назад, - праваднік прынясе… І гэта, Віця, яшчэ не ўсё. Калі я займею пасаду намесніка дырэктара Інстытута літаратуры, а пасля, можа быць, і дырэктара, ты займееш не менш. Я з цябе раздзьму такога беларускага савецкага паэта, што твае партрэты ў залатых рамах вісець будуць! І табе дзеля гэтага нічога рабіць не давядзецца. Ні-ча-гу-сень-кі! Таго, што напісаў, хопіць. Кайфуй, Віця! Вунь Купала колькі панапісваў, а што ведаюць? Хто там ідзе ў чарадзе? І то не да канца. Не ведаюць, ці дойдзе… Нобелеўскую прэмію не абяцаю, гэта прэмія варожая, не ў нашых сілах, але ўсе нашы… Ленінскую, дзяржаўную… Калі хочаш, магу даць распіску. - І не разумеючы, чаму Віктар, рассунуўшы фіранкі на вакне, нічога яму не кажа, не адказвае, глядзіць у ноч, у якой не відаць нічога, яшчэ раз паспрабаваў пажартаваць. - Хоць крывёй, якую ты некалі мне пусціў.
Праваднік пастукаў у дзверы, адчыніў: "Чай будзеце?" - "Нясіце". - "З цукрам?" - "З цукрам". - "Два?" - "Два". - "Што-небудзь да чаю?" - "Не". - "Тады ўсё?" - "Усё". - "А гэта…" - "Што гэта?.." - "Гэта вы выступалі? З Брэжневым цалаваліся?.."
Во каму зубы выбіць!.. Але Віктар і на гэты раз стрымаўся. Бо трэба прывыкаць. Бо пераведзеныя стрэлкі дарогі жыцця. Бо далей так і будзе: з Крываносам размаўляць і з Брэжневым цалавацца.
Што ж: так - дык так.
- Прапанова вартая, Глеб. І я згадзіўся б, калі б мне раней не паабяцалі…
- Што?
- Тое самае. Прэміі. Ленінскую, дзяржаўную. І, магчыма, нават Нобелеўскую.
- Хто паабяцаў?