Што глядзець?..
Быў люты, было па-лютаўску зімна, і нават пытацца не трэба было, ці можна зайсці, каб сагрэцца. "Ты згарыш у маіх палымяных абдымках".
Ён спытаў: "Такія ў Малым тэатры прамаўляюць тэксты?.." - і яна сказала, што ў Вялікім таксама.
Раніцай папрасіла: "Напішы для мяне п’есу".
"Вось так, - ён падумаў. - Акторы на сваіх месцах. Усё, як заўсёды. Што ў Мінску, што ў Пецярбурзе, што ў Вільні, што ў Маскве…" Спытаў: "Каго б ты сыграць хацела?" - і яна не сказала, як іншыя найчасцей казалі: "Ну, не ведаю..." - і на пальцах невядома што паказвалі, а ўскочыла ў ложку: "Каханку Бога!.. - І ўпала на яго, да крыві цалуючы, проста ўгрызаючыся ў вусны. - Ці каханку д’ябла!"
Ён здзівіўся: "Табе ўсё адно?.."
- Або тваю каханку, - сказала яна, калі праводзіла. - Але напісаную так, каб усё гарэла… Я гатовая дзеля кахання жывой згарэць.
Малы тэатр.
- Вось, глядзіце: гэта паўднёвы морг, - наладзіў яму экскурсію па крэматорыі дырэктар. - Тут секцыйны пакой, але нам сюды не трэба, вас сказалі не рэзаць.
Чаму?.. Зрэшты, не важна, чаму. Добра, што не рэзаць сказалі. Ён помніў нежывое адчуванне нажа, калі ўзразаў жывот.
За дзвярыма морга чуўся голас. Нібы знаёмы.
- Адтуль голас чуваць…
- Хіба? - прыклаў вуха да дзвярэй дырэктар. - Сапраўды. Патолага-анатамаў сёння няма. Значыць, былыя гаспадары завіталі. Колькі ім ні кажы, што тут не храм, а крэматорый, усё адно прыходзяць. - І ён дастаў ключы. - Што ж, экскурсія дык экскурсія!..
Збоку ад печы ў зусім голым з адной паўкруглай сцяной пакоі за доўгім, засцеленым цыратай сталом сядзелі манах і манахіня. На стале ляжала кніга, з якой манахіня, не зважаючы на нечаканых гасцей, уголас чытала:
"Перад канцом свету Расія зліецца ў адно мора вялікае з усімі землямі і плямёнамі славянскімі, і будзе грознае і непераможнае Царства Усерасійскае, Усеславянскае Гога і Магога, перад якім схіляцца будуць усе народы. І ўсё гэта праўда будзе, як двойчы два чатыры, і непазбежна, як Бог святы, што з даўніны прадракаў яго і ягонае грознае валадарства над зямлёю…"
- Усё, як Бог мне адкрыў, - перахрысціўся манах. - Толькі неяк блытана пад канец напісана. Можна падумаць, нібы Гасподзь прадракаў не царства Усеславянскае, а сябе самога. Хто гэтак напісаў?
- Вы, вялебны, - пасунула кнігу бліжэй да яго манахіня. - Вось і партрэт ваш на вокладцы. У мантыі, епітрахілі і поручах, са срэбнай барадой. І падпісана: Святы Серафім Сароўскі… Ці не падобны? - раптам хітравата зірнула яна на Купалу. - Ды вы прысядзьце, Іван Дамінікавіч, лепш відаць будзе.
"Скуль яна імя маё ведае?.. Дырэктар крэматорыя сказаў?.." - з цікавасцю глядзеў Купала на манашку, якая не толькі голасам, але і тварам падобная была да Ганны. І размаўляла па-беларуску. Як і манах. Ці ўсё ж гэтак яму толькі чуецца?..
Можа, у Бога ўсе чуюць па-свойму? Каб зразумела было.
Чаму тады ў жывым свеце інакш? Жывы свет не ў Бога?..
Купала сеў.
- Пры чым тут падобны ці не падобны? - узнерваваўся святы Серафім. - Я за ўсё жыццё не напісаў ні слова!
- Як гэта вы ні слова не напісалі, вялебны?.. - пляснула ў далонькі і наўмысна для гасцей, як здалося Купалу, здзівілася манахіня. - А кніга чыя?
- Кніга мая.
Манахіня зноў зрабіла выгляд, нібы дзіву далася.
- Бачыце, кніга ягоная. Ні слова не напісаў, а кніга ягоная! І верхні храм ягоны. А мая царква ніжняя.
У яе словах была двухсэнсоўнасць, манах па стале стукнуў.
- Так Бог уладкаваў!.. А што да кнігі, дык Гасподзь прамаўляць мяне паклікаў, а не пісаць. Я казаў - за мной запісвалі. Не ўсе разумелі… Боскай мовы не разумелі, - павярнуўся ён да Купалы. - Некаторыя перакручвалі мае словы, як ім хацелася. А нехта пасля яшчэ й свае дадаваў. Хіба я ў тым вінаваты?
Ён спытаў: "Хіба я ў тым вінаваты?" - не чакаючы адказу, у голасе ягоным не чулася ніякай віны, і Купала раптам падумаў, што мог не пісаць. Упершыню ў жыцці гэтак падумаў. Ні паэм не пісаць, ні п’ес, ні вершаў. Ні па-польску, ні па-руску, ні па-беларуску. Ні пасля рэвалюцыі, ні да яе - ніколі і нічога не пісаць. Ні слова.
І што тады? Ні ў чым не вінаваты быў бы?.. Бязгрэшны?.. Святы?..