- Не, - сумнавата ўсміхнулася манахіня. - Бязгрэшных не бывае. Калі б я святая была, Бог не даў бы ворагам маім забіць майго мужа і дзяцей. Значыць, у нечым вінаватая.
Святы Серафім зірнуў на яе незадаволена.
- Не трэба было мужу твайму з Масквой ваяваць, княгіня. Ды яшчэ Літву ў дапамогу клікаць. І сам бы жыў, і дзеці.
На твар княгіні нібы аблачынка набегла.
- Можа быць, - сказала яна. - Але памяць была б іншай. - І павярнуўшы руку Купалы даланёю ўверх, паклала сваю нечакана гарачую, нібы ў печы распаленую, даланю на ягоную. - Як там цяпер літвіны?
Яна павяла даланёй па далоні знізу ўверх, зверху ўніз - і ён успомніў гэты рух. Можа быць, гэтыя святыя падрабляцца ўмеюць, пад каго захочуць? Хоць навошта святой падрабляцца пад грэшніцу?
Гэтак Ганна гладзіла яму руку, калі яны развітваліся пасля сустрэчы. Той, першай, тры гады таму. "Мы б маглі не спаткацца ў гэтым жыцці, - казала яна, - і ўсё было б тое самае. Толькі я не гладзіла б тваю руку, і памяць пра жыццё была б іншай".
Так. Яна не гладзіла б ягоную руку, і памяць пра жыццё была б іншай. Толькі і ўсяго.
- Мы даўно не літвіны, беларусы... - асцярожна пачаў вызваляць ён руку з-пад гарачай рукі княгіні - і раптам адчуў апёк. Зірнуў: на далоні ляжаў залаты медальён, на якім, нібы кропля крыві, чырванеў маленькі рубін.
- Праўда? - нібы не паверыла княгіня. - Не літвіны?.. Шкада, вам пасавала. Зрэшты, як чалавек імя змяніць можа, гэтак і народ. Вось я нарадзілася Ганнай, потым пострыг прыняла і стала Соф’яй, цяпер, у схіме, я зноў Ганна. І што? Якой была, такая ёсць. Нідзе і ні ў чым не помню сябе іншай.
- Я таксама іншым сябе не помню, - празвінеў ключамі Несцярэнка, і Купала пачуў тое, на што раней увагі не звяртаў: палкоўнік таксама прамаўляў па-беларуску. - Таму яшчэ раз нагадваю вам, што тут даўно не храм Серафіма Сароўскага і Ганны Кашынскай, а крэматорый імя таварыша Сталіна. Рэжымны аб’ект. Хочаце мошчы свае спаліць, калі ласка. А так няма чаго тут па начах швэндацца. Бо я магу, хоць вы і святыя... - пакруціў дырэктар ключы на пальцы, прыдумваючы, мусібыць, што ён можа зрабіць са святымі, якія начамі па крэматорыях швэндаюцца, але нічога не прыдумаў. - Зараз часу няма, нас чакаюць.
Святы Серафім загарнуў сваю кнігу, паклаў на яе руку. Зірнуў на дырэктара крэматорыя пранізліва:
- Вас чакае пекла. Вунь там, у Данскім манастыры, - кіўнуў ён за спіну, - канаў патрыярх Ціхан. Вернікі хавалі яго ў сутарэннях, каб вы яго не забілі. Ён памёр уночы, выдыхнуўшы: "Ноч будзе цёмная, доўгая, доў-га-я." І нікому з тых, хто ноч гэтую, цём-ну-ю, доў-гу-ю ноч наслаў, Бог не даруе. Не даруе, не даруе, не даруе!..
Палкоўнік Несцярэнка ў пранізлівыя вочы святога Серафіма глядзеў спакойна.
- Можа быць. Калі Ён ёсць. Але мяркуючы па тым, чаго я тут, у бо-о-жым храме наглядзеўся, наўрад ці. Да таго ж... Да таго ж часам мне здаецца, што я ў пекле і нарадзіўся. У геене вогненнай. Больш і не жыў нідзе. Так што... - рушыў ён да дзвярэй. - Так што, Іван Дамінікавіч, чакаюць нас.
"Медальён ад Ганны, - хуценька падсунулася да Купалы княгіня. - Развітацца з вамі цар яе не пускае. Гэтак злуе, што звесці са свету можа, уратуй яе Божа…"
Купала сцінуў руку ў кулак, запякло яшчэ мацней.
"Яна сказала, што гатовая за вас. не, гатовая з вамі жывой у агні згарэць".
Ён не стаў удакладняць: з ім, ці за яго?..
Манах зірнуў на княгіню незадаволена. Відаць было, што яны не ў простых адносінах, святая Ганна Кашынская і святы Серафім Сароўскі. Зрэшты, як кожны мужчына і кожная жанчына. Хоць грэшнікі, хоць святыя, калі такія бываюць.
- А чаму Царства Усеславянскае, якое вы прарочыце, будзе Усерасій-скае, - падняўшыся і пацалаваўшы руку святой Ганне, спытаў Купала святога Серафіма, які проста не зразумеў, пра што ў яго спыталіся: "А якое яшчэ?" І дырэктар крэматорыя палкоўнік Несцярэнка, расчыняючы дзверы, паглядзеў няўцямна:
- Праўда што…
Вось у гэтым яны згодныя. Поп з палкоўнікам.
"Відаць, - падумаў Купала, выходзячы, - і ў Бога не ўсё, як у Бога".
22
Віктар патэлефанаваў Ганне на выхадзе з Палаца з’ездаў. Ніхто не адказаў ні ў яе дома, ні на лецішчы. Маўчаў тэлефон і ў ягоным нумары гатэля.
Пайсці ў гатэль і аднаму напіцца?.. Ці з буфетчыцай, у яго была ў гатэлі знаёмая буфетчыца.
Ішоў па марознай вуліцы расхрыстаны, яму было горача. Наўрад ці ад трох кілішкаў каньяку.
"Ну, добра. Няхай Грачына ад пачатку выступу ў прэзідыуме не было, прыйшоў толькі пад канец. З гэтым як бы ўсё нармальна. Не было - не бачыў, прыйшоў - убачыў. Але ж бачыў і дырэктара крамы. Ці дырэктара цырка. На месцы Грачына. Гэта таксама нармальна?.."
Ён шыбаваў наўскасяк па Манежнай плошчы да вуліцы Горкага, на тым баку якой быў гастраном: нават з буфетчыцай у буфеце напівацца яму не хацелася. Хацелася аднаму.