Твары іх былі жалобнымі і ўрачыстымі. Такімі, якімі павінны быць твары людзей, якіх першымі паставілі ў ганаровую варту на пахаванні дзяржаўнага ўзроўню. Паперадзе ўсіх.
"Гэтаксама яны і на банкеце дзяржаўнага ўзроўню выглядалі б, - падумаў Купала. - У нас банкеты, як хаўтуры, і хаўтуры, як банкеты: адны і тыя людзі з аднымі і тымі ж тварамі адно і тое кажуць. На хаўтурах нават весялей, бо ніхто не зайздросціць нябожчыку".
- Таварышы, сябры нашы, - напусціўшы на твар жалобную ўрачыстасць і дастаўшы з той жа кішэні тую самую паперыну, якую прад’яўляў Фадзееву і ўсёй "камісіі па выкананні даручэння таварыша Сталіна" як характарыстыку на Купалу, пачаў паніхіду Гарбуноў. - Слаўных асілкаў-ваякаў, людзей вялікага розуму народжваў беларускі народ. Такім быў заснавальнік беларускага кнігадруку Георгі Скарына, такімі былі асветнікі-гуманісты Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі, Багушэвіч, такімі сёння з’яўляюцца Якуб Колас і Янка Купала.
Як у свой час Пушкін у рускай літаратуры, Янка Купала ў беларускай з’явіўся роданачальнікам беларускай мовы, якой жыве цяпер уся беларуская культура, - усё вышэй, нібы спадзеючыся, што яго пачуе сам Усявышні, узносіў голас сакратар беларускага партыйнага ЦК, а Купала гадаў: "Вось калі б я не скрэмзаў, а прачытаў даклад, напісаны гэтым чалавекам для майго выступу ў Казані, ляжаў бы я цяпер у труне, ці не?.." - і нехта мяккім, спагадлівым голасам шапнуў над ім: "Не. Ты быў бы цяпер са мной".
Купала падняў вочы і ўбачыў над сабой жанчыну ў белых строях і чырвоным шаліку. Яна сядзела ў вянку, як на арэлях, калыхалася - і белая сукня з чырвоным шалікам развіваліся, як сцяг.
Не, гэта была не тая жанчына-сон, якая лятала на вянку з вокладкі кнігі "Ад сэрца" і штурхнула яго ў лесвічны пралёт гатэля "Масква". Гэтую ён не сустракаў ніколі. Яна была не падобная ні да адной - і ў той жа час нагадвала ўсіх жанчын, якія былі ў ягоным жыцці. І ён ведаў, помніў імя гэтай жанчыны, якой штодня, штоночы яму не ставала, а яна з’явілася толькі цяпер. Калі ўжо не трэба нічога, калі позна.
Яе звалі Спагада.
Ён не стаў пытаць, з чым яна прыйшла, чаго яна хоча? "Ты позна з’явілася, мне ўжо нічога не трэба, - сказаў ён, штурхнуўшы вянок, які адхіснуўся і вярнуўся. - Позна! - піхнуў ён зноў. - Позна!.. Позна!.. Позна!.." - раз за разам штурхаў ён вянок, адпіхваў жанчыну, што звалася Спагадай, якая гушкалася на вянку, як на арэлях, і чым мацней ён штурхаў, чым далей адпіхваў яе ад сябе, тым бліжэй яна вярталася, схілялася да яго - і ўрэшце заплакала над ім, зашкадавала: "Ясік, Янка, Яначка, як жа цябе намучалі, накрыўдзілі, як жа ўсе жылкі з цябе павыцягвалі, як жа з цябе наздзекваліся, як жа ты натрываўся, бедны мой Ясік, любы мой Янка, родны мой Яначка…"
Ён натрываўся, гэта праўда.
- Хто такая?.. - нахіліў, наколькі змог, пабітую мысляром спіну Мяркулаў да Панамарэнкі, за якім стаяла, нервова цярэбячы букет палявых кветак, спявачка Перапёлка, і калі Панамарэнка, азірнуўшыся, адказаў: "Артыстка наша, зараз выступаць будзе..." - камісар зразумеў, што жанчыну на арэлях ніхто, апроч яго і Купалы, не бачыць, і яму стала так не па сабе, што яго ажно хіснула: раптам здалося, што з Куйбышава ён прыехаў у Маскву мерцвяком, якога ажывілі ў 1-й лабараторыі.
- Дык прамовіце слова ад органаў? Ці ад драматургаў?.. - спытаў Панамарэнка, і камісар, падумаўшы, што ўсё ж зашмат гэты партызан сабе дазваляе, пракінуў, каб адчапіцца: "Пазней нехта ад нашых скажа..."
Услед за Перапёлкай, якая паклала ў ногі Купалу палявыя кветкі, адзін за адным прамаўлялі савецкія і братнія пісьменнікі, апошні з якіх, Радуле Стыйенскі, пашкадаваўшы, што "перастала біцца сэрца паэта, песні якога, як хвалі сіняга мора, перахліснуліся далёка за межы яго радзімы", раптам павярнуўся да Чорнага: "Але жывыя ягоныя паплечнікі, сябры, і адзін з іх - Кузьма Чорны, якога камандуючы Народна-вызваленчай арміяй таварыш Ёсіп Броз Ціта запрашае… - ступіў Радуле бліжэй да Мяркулава з Панамарэнкам... - запрашае ў горы Югаславіі, каб геніяльны беларускі пісьменнік апісаў гераічную барацьбу югаслаўскіх партызанаў з нямецкім фашызмам, і з гэтай просьбай таварыш Ёсіп Броз Ціта звяртаецца да свайго старэйшага брата, правадыра ўсіх часоў і народаў таварыша Сталіна!.." - скончыў узнёсла, як на ўрачыстым сходзе, Стыйенскі, а Купала прыпадняў руку ў труне і паказаў югаслаўскаму паэту вялікі палец.
З хвіліну ўсе стаялі, як бы не ведаючы, што далей рабіць? Пляскаць Стыйенскаму? Крычаць славіцу Сталіну? Віншаваць Чорнага?.. "Ну, арыштуй цяпер Кузьму ў беларускіх лясах ці паволжскіх стэпах!" - пераможна глядзеў на Мяркулава Купала, хоць і ведаў, што Чорны перажыве яго не надоўга, памрэ праз два гады, чатыры месяцы і 22 дні, запісаўшы ў дзённіку ў дзень смерці: "Божа, напішы за мяне мае раманы…" - але гэта ўжо не залежала ні ад Сталіна, ні ад Панамарэнкі, ні ад Мяркулава, які крануў за плячо Гарбунова: "Працягвайце, таварыш Гарбуноў."
- Наш дарагі, наш любы Янка Купала, - ступіў на месца югаслаўскага паэта-казачніка Радуле Стыйенскага беларускі драматург і байкапісец Кандрат Крапіва, які гадоў дзесяць таму напісаў п’есу пра тое, як сябар сябра прадаў, і так хітра напісаў, што п’есу паставілі ў дзяржаўным акадэмічным тэатры, дзе на банкеце пасля спектакля аўтар п’есы шаптаў Купалу: "Нас датуль, Іван Дамінікавіч, прадаваць будуць, пакуль мы адзін аднаго будзем прадаваць, пакуль у адзін беларускі кулак не сціснемся", - а калі Купала спытаў: "У кулак з дуляй?.." - Крапіва ўсміхнуўся: "Гэта, Іван Дамінікавіч, сюжэт для новай п’есы, я абавязкова яе напішу..." - але пакуль п’есы пра беларускі кулак ён не напісаў, а напісаў толькі пра дулю, якую ўсе беларусы для некага ў кішэні трымаюць і самі яе з’ядаюць. - Мы, твае малодшыя сябры і вучні, абяцаем табе, што традыцыі высокага служэння народу, якія ты нам перадаў, будзем свята ахоўваць у беларускай літаратуры і перададзім іх наступнаму пакаленню, якое прыйдзе нам на змену, - пакланіўся Купалу Кандрат Крапіва, і як толькі ён скончыў прамову, адзін з трох расплывістых маладзёнаў, якіх усе заўважылі яшчэ ў двары Саюза пісьменнікаў і якіх праз іх расплывістасць ніхто распазнаць не мог, неяк так бокам-скокам, на дзіва спрытна праслізнуў скрозь апошнія шэрагі ў першыя: "Я!.. Я скажу ад пакалення, якое прыйдзе на змену.."
Гарбуноў, заступіўшы яму дарогу, зірнуў на Панамарэнку, які, мяркуючы, што гэта нехта з людзей Мяркулава, кіўнуў: "Няхай скажа…" - і Гарбуноў саступіў. "Слова мае таварыш… - нахіліўся ён да расплывістага, які сказаў нешта яму на вуха, на што Гарбуноў, зноў на Панамарэнку зірнуўшы, здзіўлена плячамі пацепнуў… - Слова мае таварыш Расплывісты.
- Хто?.. - даволі гучна спытаў Мяркулаў, і Панамарэнка падумаў, што, можа, дапусціў памылку, дазволіўшы Гарбунову даць слова невядома каму, але таварыша Расплывістага было ўжо не спыніць.
- Вось мы тут робім жалобныя твары, кажам кранальныя прамовы, - пачаў ён такім голасам, якім кажуць не на хаўтурах, а на сходах ці ў судах. - Думаем, што хаваем Янку Купалу. А хаваем мы сёння не яго. - І выгукнуў. - Хаваем мы сёння Каяна Лупаку!..
Сярод першых асобаў узнікла лёгкае замяшанне.
- Каго мы сёння хаваем?.. - разгублена паглядзеў на Купалу ў труне Гарбуноў, які меркаваў, што развітальнае слова прамаўляе чалавек ад органаў, а таму не ведаў, як на пачутае рэагаваць, і ягонай разгубленасцю скарыстаўся яшчэ адзін з расплывістых.
- Можна быць у жыцці падонкам і пісаць знакамітыя кнігі? - падскочыў ён да Кузьмы Чорнага, нібы той і ёсць падонак, які піша знакамітыя кнігі. - Безумоўна, так. Але тут, - кіўнуў ён на нябожчыка, - яшчэ і іншае. Пісьменніку можна выбачыць здраду калегаў і таварышаў, можна выбачыць здраду ідэалаў, але нельга выбачыць здрады літаратуры. Бо здрада літаратуры аўтаматычна стаўляе аўтара па-за літаратурай. Пісьменнік тады знікае, а з’яўляецца ідэолаг, агітатар, голем, Каян Лупака.
Ці быў у Купалы іншы выбар? Канечне, быў. Ён мог падацца ў эміграцыю, ён мог пакончыць самагубствам, ён мог сказаць "не" бальшавікам і ўпасці ў дол у Курапатах. Нічога такога Купала не зрабіў. Ён здрадзіў не толькі ідэалам сваёй маладосці і сваім маладым калегам, якія падалі з кулямі ў патыліцы ў ямы ў Курапатах, але і здрадзіў літаратуры. Ён перастаў быць паэтам, а стаў агітатарам або яшчэ кімсьці значна горшым… [2]
- Што ён сказаў?.. Кім стаў Купала?.. - спытала Чорнага спявачка Перапёлка. - Каінам? Чаму Каінам?..
"Каян! Каян! Лупака! Лупака!.." - закрычаў, прабіраючыся наперад, трэці расплывісты, які, крутнуўшыся вакол вянка, на якім калыхалася Спагада, паўстаў над труной.
- Так! Зваць гэтага чалавека Каян Лупака. Той, ранейшы, з іншым імем, хацеў памерці; Каян Лупака хацеў жыць. Каян Лупака прыняў правілы гульні без агаворак ці хаця б унутранага супраціву - бо не мог інакш, для таго ён і быў створаны замест таго, ранейшага, іншага. Гэта быў зусім новы чалавек, злеплены іншымі людзьмі са смалы і дзёгцю, скалочаны з драўляных страхаў, склеены са старых газецін… Калі ён ішоў, чулася, як шалясціць на ветры папера, што вылезла з-пад шва, і пранізліва паскрыпваюць яшчэ не прыгнаныя добра адна да адной часткі. А калі ён пачаў пісаць вершы - яны таксама рыпелі: "ну-у" і вохалі: "вох-вох" [2].
Купала слухаў прамовы расплывістых, стараючыся спакойна трымаць складзеныя на грудзях рукі. Ён не ведаў гэтых людзей, калі гэта ўвогуле былі людзі, калі былі яны жывыя, і яму павінна было быць усё адно, што яны пра яго кажуць. Каян дык Каян, Лупака дык Лупака… Тым больш, што па смерці ён нічога не мог ім адказаць.
Так ён думаў. Але нават са складзенымі на грудзях рукамі адчуваў ён сябе інакш… Гэтак, як пачуваўся ў кабінеце Сталіна, калі той казаў яму пра салаўёў, якія кніг панапісваюць, за мяжой атабарацца, вучэльні ўсялякія там пасканчаюць, на розных мовах рулады выдаваць навучацца - "…і ведаеце, як вас назавуць? Каян Лупака!"
Думанне і адчуванне не супадалі. У адчуванні была крыўда. І яна пе-рамагала думанне. "Во яно як. Калі б застрэліўся, зарэзаўся, было б ім добра. Быў бы для іх паэтам. А застаўся жыць, дык не. Застаўся жыць, дык нейкі Каян."
- І ніводзін з іх ні праз гэта, ні праз што заўгодна іншае не застрэліцца, жывот сабе не ўзрэжа, - пачуўся чыйсьці Голас з высокага, разнасцежанага вакна, у якім над дахам суседняга дома віднеўся краёк неба з нізкай, што на даху, захінаючы комін, ляжала, ружовай аблачынкай, з якой, здавалася, і гучаў Голас. - І не таму, што грэх. Проста час, які ў іх жыве, іншы. Не такі, які жыў у табе.
Голас гучаў спагадна, калісьці Купала ўжо чуў яго, і зараз яму хацелася яго чуць, таму ён сказаў, каб Голас не змоўк:
- Так, падобна, што яны жывуць у іншым часе.