Косця прысеў побач з Антонам, яны крыху параіліся на праграмістскім дыялекце. Косця папрасіў у Яны нэтбук, які тая не выпускала з рук. Ён выняў з кішэняў цэлы скрутак рознакаляровых кабеляў, якія Аліна адразу ж ахрысціла «шнуркамі», і падключыў ноутбук да панэлі. Хлопцы крыху пакалупаліся. Крышка люка бясшумна ад’ехала ўбок.
Косця і Антон, абгГаннаючы адзін аднаго, кінуліся да камп’ютараў.
— Нашыя машынкі, нашыя! Памятаю іх! — паўтараў Антон.
— Зараз мы паглядзім, для чаго яны былі патрэбныя! — Косця прыкруціў вінчэсцер, уключыў камп’ютар і запусціў дыск, знойдзены ў чамадане.
Некалькі напружаных хвілін чакання — і праграма ўсталявалася.
— Тут недзе ёсць серверная. Можа, нават за сцяной. Вялікі аб’ём інфармацыі. Усё вельмі сур’ёзна. Ды яшчэ па-англійску. Я ўмываю рукі, — Косця адышоў ад камп’ютара.
Яначка села перад маніторам і заявіла:
— Аб’ём матэрыялу агромністы, але вы не хвалюйцеся, нам не давядзецца вывучаць яго ўвесь. Таму што нас вельмі хутка заб’юць. Тут базы дадзеных, кампрамат на чыноўнікаў, сакрэтныя дакументы…
— «Вікілікс»? — спыталася Аліна.
— Не-е, «Вікілікс» — гэта так, збор баек і фантасмагорый. Я так мяркую, тут усё значна сур’ёзней. Глядзі: план перадзелу свету. Прыйшла бяда, адкуль не чакалі! Альбо гэта жарт, альбо хутка пачнецца трэцяя сусветная вайна. План размеркавання ядзернай і псіхалагічнай зброі… О, яшчэ, глядзі як цікава: яны называюць насельніцтва краін, то бок, нас з вамі — lausers, гэта нешта сярэдняе паміж looser — няўдаліца і lause — блыха. Мы з вамі блохі, якім не пашанцуе пажыць у новым свеце. А асабліва не пашчасціць індусам і кітайцам: па задуме, іх застанецца не больш як па мільёне асобін.
— Ну, яны не вымруць: у адных ёсць Кама-Сутра, у другіх — танныя няякасныя прэзерватывы, — сказала Аліна. — Што там яшчэ, у двух словах?
— Вось, самае цікавае… Афрыку плануецца зноў каланізаваць. «Яны ўсё роўна не ўмеюць працаваць і карыстацца рэсурсамі». Еўропа аб’ядноўваецца ў Федэратыўную Англа-Гішпанскую Франка-Германію. Легалізуюцца наркотыкі. Антарктыда ператвараецца ў беларускую калонію, там устанаўліваецца.
— А Ізраіль? — пацікавіўся Міхал.
— Ізраіль тут нават не згадваецца.
— Не, тады я гэты план не падтрымліваю!
— Затое тут згадваюцца прозвішчы дужа важных асоб.
— Што яны курылі? Я хачу тым жа зацягнуцца! — сказала Ганначка.
— Паважаныя знаўцы, увага, пытанне: што будзем рабіць? — прамовіла Аліна.
Усе прымоўклі. Стала чутно гудзенне тэхнікі і скрыгат Наташыных пазногцяў: пакуль усе разбіраліся з сакрэтным планам перадзелу свету, яна спакойна прыводзіла ў парадак кіпцюрыкі.
— А што? Жанчына пры любой уладзе павінна выглядаць як багіня, а не як кентаўр! — паціснула яна плячамі, заўважыўшы перакошаныя твары сваіх калег.
— Наташа, пачакай крыху з касметычнымі працэдурамі. Значыць, так. Прапаную пазваніць у КДБ і запрасіць іх сюды! — сказаў Мікіта.
— У які КДБ? — спытала Аліна. — Давайце лепш выдалім усю інфармацыю з сервера. Гэта проста небяспечна — пакідаць яе тут. Хоць гэта і падобна на трызненне душэўна хворага тушкана, але ж забіць нас хочуць па-сапраўднаму. Хто за тое, каб знішчыць дадзеныя?
Мікіта падняў руку ўгару:
— Я! Я і праўда баюся глабальных змен ва ўладкаванні свету. Мяне задавальняе так, як ёсць, а ў новым свеце ці знойдзецца месца для мяне? Не ведаю. І я не хачу жыць у Антарктыдзе. Там холадна.
Следам за Мікітам усе, акрамя Косці, узнялі рукі. Косця павольна правёў далонню па валасах, выхапіў у ахоўніка пісталет, прыцягнуў да сябе Наташу і прыставіў дула да яе скроні:
— Не дам! Усе назад! Да сцяны!
Прысутныя настолькі здзівіліся, што нават не знайшлі што сказаць і моўчкі выканалі загад ціхага праграміста.
— Я біўся над гэтай праграмай два гады. Абслугоўваў сервер. Удкладняў базу дадзеных, атрымліваў новыя звесткі. Канешне, я быў не адзін. Мы ўсе працавалі на агульную ідэю, і нам за гэта плацілі вялікія грошы. Але ж я магу мець у мільёны разоў больш! Вы думалі — я няўдачнік, батанік, шызік без дзяўчыны і перспектыў? Думалі, што я вечна буду працаваць на вашай дохленькай фірмачцы? Ды хутка ўсе жанчыны свету будуць змагацца за права правесці ноч са мной, а я, калі пажадаю, буду іх пасля забіваць!
— Ды вы, дарагі сэр, паводзіце сябе натуральна як Клеапатра! — сказаў Мікіта. — Толькі тая была, па-першае, царыцай, па-другое, прыгожай, а па-трэцяе, тое, што яна забівала сваіх палюбоўнікаў, усё роўна не выратавала яе ад змей у будуары.
Антон рушыў наперад, каб паспрабаваць утаймаваць Косцю. Той сціснуў пісталет: