— Якія коні?
— Ну, як… будучыя адзінарогі. Я выпісаў коней для здымак. Белых. Ледзьве знайшоў!
— Дзе яны?
— У гаражы.
— Мікіта! Ты загоніш мяне ў дамавіну! Завязвай са сваімі барабанамі, адбарабаніў сабе апошні розум! Гэта ж трэба — ператварыць прадзюсарскі цэнтр у стайню! Ты б яшчэ тут свінаферму арганізаваў ці аўчарню! — Аліна звярнулася да Наташы. — Наташа, пакажы мне каштарыс гэтага роліка.
Наташа выцягнула з чырвонай папкі, якую паўсюль насіла з сабой, каштарыс на дванаццаці аркушах. Аліна прагартала паперы:
— Так… так… дэкарацыі, бутафорыя, касцюм Анёла… кава, цукар. Авёс. Авёс?
— Авёс, — кіўнуў Мікіта. — Коням трэба харчавацца.
— А гэта што? Гунькі — восем штук?
— Гунькі, — зноў пацвердзіў Мікіта пункт у каштарысе. — Той, хто працуе як конь, мае права на порцыю аўса і цёплую гуньку!
— Я на цябе самога гуньку нацягну! Гэта ж трэба — адвярнулася на пару тыдняў, ажно каштарыс вырас утрая! Як гэта ты коней у гатэлі не пасяліў, га?
Аліна кінула каштарыс Наташы.
— Едзем. У нас няма часу разбірацца ў гэтай блытаніне з коней і гунек. Застанемся жывыя — заўтра пагаворым.
Ад цэнтра ад’ехалі пяць аўтамабіляў. Аліна забрала з сабою ўсіх ахоўнікаў, пакінуўшы будынак пад прыдгляд вахцёршы-пенсіянеркі Клаўдзіі Сцяпанаўны ды папярэдзіўшы тую, каб яна ні ў якім выпадку не выпускала з замкнёнага павільёна музыкаў.
Клаўдзія Сцяпанаўна прайшлася па апусцелых калідорах, праверыла, ці зачыненыя вокны ў кабінетах: уначы ізноў абяцалі дождж. Пасля жанчына вярнулася на пост, заварыла сабе гарбату з чаборам, які сама збірала ўлетку, начапіла акуляры ў чорнай аправе і пачала вывучаць часопіс «Зёлкі Беларусі».
Праз некалькі хвілін у дзверы загрукаталі. Клаўдзія Сцяпанаўна вызірнула ў дзяжурнае акенца. Мужчына спытаўся:
— Дзе дырэктар?
— Малады чалавек, вас, напэўна, дзікі ў лесе расцілі, што вы не ўмееце вітацца? — адказала Клаўдзія Сцяпанаўна — яна да сыходу на пенсію працавала настаўніцай у пачатковых класах.
— Прабачце. Вітаю. Дык дзе дырэктар?
— А нікога няма! Усе з’ехалі.
— Куды?
— Не ведаю.
— Чамадан з сабой неслі?
— Неслі, ды не адзін, а восем. Дырэктар сказала, што ўвесь калектыў цэнтра трымае шлях у Намібію, што вернуцца яны не хутчэй як праз месяц і каб іх ніхто не шукаў па тэлефонах.
Мужчына сеў у аўтамабіль і з’ехаў.
— Нявыхаваны, дзікі тып! — Клаўдзія Сцяпанаўна зачыніла акенца і вярнулася да «Зёлак Беларусі», каб дачытаць старажытнаславянскі рэцэпт пазбаўлення ад завусенцаў.
— Перадайце вашай дырэктарцы, што яна — жмурык! — пачуў Мікіта ў трубцы.
— Амаль што так яно і ёсць, — адказаў той і паглядзеў на Аліну, якая пад шоргат колаў спала на ягоным плячы, абхапіўшы рукамі чамадан з фальшыўкамі.
— Я сур’ёзна! Дабярэмся да вас — перастраляем усіх!
— Ой, перастраляйце, мы хоць адпачнём! — сказаў Мікіта і адключыў тэлефон.