Аліна сніла нешта такое, ад чаго паміж яе броваў прарэзалася зморшчынка. Мікіта даўно заўважыў: яна пачала з’яўляцца на твары Аліны, калі ёй споўнілася дваццаць пяць гадоў.
Мікіта ведаў Аліну з самага дзяцінства — і ведаў не такой, якой звыклі бачыць астатнія. Проста Мікіта быў яе сябрам. Для прыяцеляў і першых сустрэчных у Аліны заўсёды меўся ў запасе міні-спектакль альбо максі-падарунак. Да Мікіты яна прыходзіла іншай.
Сціскала вушак так, што костачкі пальцаў бялелі. Моўчкі пераступала парог. Павольна апускалася на пуфік у вітальні, марудна здымала абутак, расцірала ступакі — яны ўвесь час гарэлі ад пастаяннай мітусні. Размотвала бясконцую шаль. Выключала мабільны. Вінавата ўсміхалася і гаварыла: «Завары мне гарбату… я так стамілася!» Глытала пігулкі. Тахікардыя, дыстанія, высокая тэмпература — заўсёды. Сядала за стол каля акна. Выключалася, нібы нехта нябачны павярнуў тумблер, які адказвае за энергічнасць. Маўчала. Пасля цяжка ўздыхала: «Мікіта, давай яшчэ разок з табой праверым, ці не ўпусціла я чаго?»
Яны ўспаміналі разам. Пілі гарбату. Аліна — з малаком. Мікіта вымаў з лядоўні шакаладку «Алёнка». Аліна чакала, пакуль ён, не развярнуўшы фольгу, паламае плітку і пасуне да яе. Тады яна адкрывала ласунак і пачынала боўтаць пад сталом правай нагой.
Ёй заўсёды было дзесяць гадоў. Яна вельмі баялася холаду, цемры і жабак. Яна любіла сядзець у цішыні і рабіць папяровыя караблікі. Яна хавала блізарукасць пад кантактнымі лінзамі. Асцерагалася мужчын, бо верыла, што яны прыносяць толькі боль, і таму навучылася забіваць адносіны — з аднаго слова.
Аліна не ўмела плаваць і ніколі не бачыла мора.
Мікіта заўсёды быў яе сябрам.
Аліна пачасала за вушкам і ўтыкнулася носам у Мікітава плячо. Ёй сніліся брыганціны пад белымі ветразямі. Дзяўчына спала вельмі моцна: не чула, як па дарозе да бункера завязалася перастрэлка і хлопцы нечакана для сябе пусцілі ў кювет тры джыпы, пад завязку ўзброенымі да зубоў мужчынамі.
— Тут трэба звярнуць! — сказаў Дзіма вадзіцелю. Ён ехаў у галоўнай машыне і паказваў дарогу. Досвед падарожжаў аўтастопам не знік бясследна: Дзіма навучыўся дакладна запамінаць арыенціры на мясцовасці, нават калі гэтымі арыенцірамі былі самыя простыя, нічым не адметныя кусты. — Цяпер тут, па каляіне, прама, прама, да палянкі… Усё, прыехалі! Прачынайцеся, суркі!
Таня і Косця, якія спалі на заднім сядзенні, неахвотна адплюшчылі вочы.
Аліна таксама прачнулася — ад таго, што аўтамабіль спыніўся. Яна паглядзела на Мікіту і спыталася:
— Дабраліся? Усё ціха?
— Як быццам, — адказаў ён і паправіў Алініну прычоску.
— Тады бярыце ліхтары, камеру, акумулятары, што там яшчэ… — Аліна пазяхнула і выбралася з салона, хутаючыся ў шырокі чорны плашч, пазычаны ў касцюмернай: нічога больш прыстойнага і цёплага там не знайшлося. Сама яна не выпускала з рук чамадан з фальшывымі грашыма.
— Вадзіцелі ўсе ўзброеныя? Аўтамабілі пакінем тут, ахова пойдзе з намі, — сказаў Антон.
— Пачакайце крыху! — Ганначка выцягнула з-пад палатак і гітары паходную аптэчку. — У гэтай ролевай гульні я буду санітаркай!
Маладыя людзі адзін за адным падышлі да люка, з якога днём Аліна, Дзіма і Таня выбраліся на палянку. Каля люка мірна драмалі ў спальных мяшках двое: адзін, падобны да зайца, і другі — падобны на прапаршчыка.
Ася ўзяла на плячо камеру і ўключыла яе.
— Мы вядзём наш рэпартаж… ад уваходу ў Той Свет… — прашаптала Аліна.
Ахоўнікі дакладнымі моцнымі ўдарамі «выключылі» дваіх у спальніках і звязалі іх, адцягнуўшы глыбей у лес.
Мужчыны адкрылі люк. Дзіма пайшоў першы. За ім падалася Ася з камерай, потым — Аліна, тэатральна махнуўшы плашчом, а за імі — астатнія ўдзельнікі мерапрыемства. Кампанія з дваццаці напаўцвярозых людзей увалілася ў бункер, дзе панавала цемра і цішыня.
— Гэта мінус першы паверх, а ўсяго іх — мінус тры, і нам трэба патрапіць на самы ніжні, — прагаварыў Дзіма і пачаў праціскацца паміж мэбляй да праходу, што вёў на лесвіцу.
Ася спатыкнулася аб спінку ложка з балдахінам.
— Якая раскоша! — захапілася яна, калі прамень ліхтара выхапіў з цемры ўвесь ложак. — Пачакайце, пачакайце, а давайце я вас усіх здыму на гэтым ложку, такі шыкоўны выйдзе кадр! А ну, скучыліся хуценька!
Аліна паваліла на матрац Ганначку, тая пацягнула за сабой Антона, Антон зачапіўся за загрыміраваную ў Анёла Таню, Таня ўхапілася за Яну, Яна засмяялася і штурхнула Мікіту. Косця, Міхал і Наташа ўпалі зверху. Усе куляліся, як кацяняты, і смяяліся. Ахоўнікі трымалі ліхтары, шчаслівая Ася бегала з камерай вакол ложка: ёй рэдка даводзілася здымаць такія рухавыя сцэны, а для карпаратыўнага архіва гэта былі бясцэнныя кадры.
— Ну, хопіць вам ужо! — крыкнуў Дзіма, якому карцела хутчэй даведацца, што за інфармацыя знаходзіцца на вінчэсцеры.
Кампанія прамінула мінус другі паверх з галерэяй дзвярэй і спынілася каля люка, што вёў у памяшканне на паверх мінус тры.
— Адтуль, знізу, гэтая крышка адкрываецца пасьянсам. А вось адсюль — не ведаю, — прамовіў Дзіма.
— Будзем ламаць? — прапанаваў Мікіта і падштурхнуў да крышкі самага рослага ахоўніка.
— Не-не, раптам тут сігналізацыя альбо ўсё замініравана? — Антон пасунуў ахоўніка і прысеў, каб лепш разгледзець лічбавую панэль злева ад крышкі. — А-а, ну ўсё не так страшна! Косця, глядзі!